Политика

2008-ы — Год беларускай дзяржаўнасці

Восьмага снежня, адбылося пашыранае пасяджэнне сустаршыняў Агульнанацыянальнага аргкамітэту па святкаванні 90-х угодкаў БНР з кіраўнікамі палітычных партый, рухаў і грамадскіх абя’днанняў. Былі прынятыя звароты да беларускага народу і органаў улады Рэспублікі Беларусь “Аб абвяшчэнні 2008 года, года 90-га юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі, — Годам беларускай дзяржаўнасці”.

Нагадаем, што 25 сакавіка 1918 года была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Тым самым пачаўся новы перыяд беларускай дзяржаўнасці. Стварэнне БНР стала лагічным завяршэннем этапу нацыянальнага адраджэння беларусаў XIX — пачатку XX стагоддзя, працягам тысячагадовага дзяржаватворнага працэсу ў Беларусі.

У зваротах, як паведамляецца ў прэсавым рэлiзе, адзначаецца, што “падрыхтоўка да юбілею і яго святкаванне павінны стаць падмуркам яднання розных рухаў, партый, згуртаванняў, арганізацый, усіх грамадзян незалежна ад палітычнай арыентацыі на грунце прызнання прыярытэтамі дзяржаўнага будаўніцтва нацыятворных пытанняў мовы, гістарычна сцверджанай сімволікі, свабоды і дэмакратыі”.

Аргкамітэт звярнуўся “да органаў улады краіны з прапановай абвясціць 2008 год — Годам беларускай дзяржаўнасці”.

Так, у накіраваных зваротах да Нацыянальнага Сходу і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь выкладзеныя прапавана надаць 2008 году афіцыйны статус Года беларускай дзяржаўнасці i абвясціць 25 сакавіка дзяржаўным святам.

Акрамя таго, аргкамiтэт прапанаваў даць афіцыйны дазвол на ўсталяванне памятных знакаў на будынку тэатра імя Янкі Купалы ў Мінску, дзе праходзіў Першы Усебеларускі кангрэс (1917 г.), і будынку, дзе была абвешчана незалежнасць БНР (Мінск, вул. Валадарскага, 9), вярнуць у заканадаўчае поле і легальны грамадскі ўжытак нацыянальную гістарычную сімволіку і атрыбутыку, якія ў БНР мелі дзяржаўны статус.

Міністэрствам культуры і адукацыі Рэспублікі Беларусь неабходна рэкамендаваць іх падведамасным установам правесці цягам году тэматычныя заняткі, лекторыі, конкурсы, прысвечаныя Году беларускай дзяржаўнасці, а міністэрству інфармацыі аказаць дапамогу выдавецтвам у выданні навукова-публіцыстычных і мастацкіх твораў, прысвечаных гісторыі БНР і яе дзеячам — лiчаць аўтары звароту, а гарадскім і раённым адміністрацыям садзейнічаць у правядзенні ўрачыстых сходаў і юбілейных канцэртаў 25 сакавіка 2008 г.

У звароце да беларускага народу Агульнанацыянальны аргкамітэт заклікае “ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь прыняць непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы і святкаванні 90-х угодкаў БНР. Кожная беларуская сям’я — гэта цаглінка ў гмах беларускай дзяржаўнасці, гэта паўнапраўны чыннік і творца яе сучаснай гісторыі”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)