Общество
Васіль Дэ Эм, Радыё Свабода

20 нечаканых фактаў пра Міхася Стральцова

14 лютага яму споўнілася б 80 гадоў. Героі яго твораў шукалі і часам знаходзілі месца, дзе ёсьць «зацішак, спакой», але сам згаданага спакою не займеў. Любіў клясыку і сам ужо на пачэсных яе старонках.

Міхась Стральцоў. Канец 1970-х гг. З фондаў БДАМЛМ

Імя паэта носіць самы вялікі міжнародны паэтычны фэст, які праходзіць у Менску напярэдадні ягонага дня нараджэньня.

Міхась Стральцоў (справа) і Мікола Капыловіч. Менск, парк імя М. Горкага, канец 1960-х гг. З фондаў БДАМЛМ

1. Яго вельмі любілі прадавачкі і мясьнікі

Старэйшая дачка ад першага шлюбу Вікторыя ўспамінае, што ў любой краме Стральцова сустракалі, як роднага. Мясьнікі давалі найлепшыя кавалкі сьвініны і цяляціны, якія цяжка было дастаць у тыя часы, а прадавачкі — дэфіцытныя прадукты.

Сустрэча. Зьлева направа: Міхась Стральцоў, Мікола Прашковіч, Мікола Капыловіч. Менск, парк імя М. Горкага, канец 1960-х гг. З фондаў БДАМЛМ

2. Ратаваў сяброў, зь якімі трапляў у выцьвярэзьнік

Анатоль Астапенка прыгадваў, як яны са Стральцовым: «за нейкія парушэньні алькагольнага заканадаўства (...) трапілі ў апорны пункт міліцыі (...). Пачалі афармляць пратаколы. „На мяне пішыце, а Анатоля адпусьціце. Ён ні прычым!“ — пачаў прасіць Стральцоў. Я тады працаваў навуковым супрацоўнікам у Акадэміі навук і папера зь міліцыі тады азначала звальненьне з працы і канец карʼеры».

Міхась Стральцоў 1970-я гг.

3. Іранічна ставіўся да паэтаў-песеньнікаў

Па ўспамінах Леаніда Дранько-Майсюка: «Стральцоў заўсёды сьмяяўся з тых паэтаў, якія пісалі вершы для эстрады. Лічыў, што гэта занятак ня варты сапраўднага творцы».

4. У нелюбімай эстрадзе выключэньне рабіў для Вахтанга Кікабідзэ

Вахтанг Кікабідзэ на здымках мастацкага фільму «Міміно», 1979 год

Яго раздражнялі Ала Пугачова, Сафія Ратару, ня быў прыхільнікам «Песьняроў»; адзіны, каго любіў — Вахтанг Кікабідзэ. «У-у-у! Жулік!» —прыгаворваў задаволена Стральцоў падчас ягонага выступу.

5. Слухаў музыку бяз гуку, на памяць

Дом на Прытыцкага, 6, дзе ў апошнія гады жыў Стральцоў

Паводле Ўладзімера Някляева, пасьля першага разводу Стральцоў адразу ж перавёз на новую кватэру «стос вінілявых кружэлак. Выключна клясыка: Рахманінаў, Моцарт, Чайкоўскі, Пракофʼеў... Нехта (ці не Караткевіч?) даў яму стары прайгравальнік, у якім зламалася іголка на гуказдымальніку. Ён (...) ставіў кружэлку на дыск — і яна бязгучна круцілася, а ён як бы нешта слухаў... Я спытаў: „Што гэты вы, Міхась Лявонцьевіч, выпілі?..“ Хоць бачу, што зусім цьвярозы. Кажа: „Нічога. Проста слухаю, што помню...“. Стральцоў мог музыку па памяці слухаць».

6. З птушынага царства не любіў толькі галубоў

Па словах Вікторыі Стральцовай, «ён мог па аднаму толькі шчабятаньню, палёту сказаць, што гэта за птушка». Ягонае апошняе каханьне Роза Станкевіч дадае, што галасы птушак Стральцоў: «...с неприкрытой радостью, с гордостью узнавал. А может быть, и понимал». Адзінае, не любіў галубоў, у чым прызнаўся Але Сямёнавай: «Не люблю я чамусьці гэтую птушку. Хоць яна і сымбаль нечага, — пошлая і, мусіць, недалёкая, як газэтная кіяскёрка».

Міхась Стральцоў. 1970 г. З фондаў БДАМЛМ

7. Выдатна разьбіраўся ў расьлінах

З успамінаў Анатоля Астапенкі: «Міхась, як вучоны-батанік, апавядаў пра кожную расьліну: «Гэта — звычайная канюшына. А вось гэта зь мяцёлкай — лісахвост. Тая расьлінка з блакітнымі кветачкамі — крынічнік, добры антытаксычны сродак...» Я запытаў, адкуль такія веды. Стральцоў адказаў, што «пісьменьнік павінен дасканала ведаць усё, пра што ён піша».

Міхась Стральцоў

8. Лічыў, што наша літаратура па сваім «спосабе мысьленьня» паганская

У лісьце да Л. Дранько-Майсюка пісаў: «Мы, беларусы, наогул павінны блізка стаяць, паводле многіх прычын, да такога сьветаадчуваньня (купалаўская „Яна і я“, Багдановіч у шмат якіх вершах, нешта ад гэтага ў „заходнікаў“ Геніюш, Дануты Бічэль, нешта ў Зуёнка, дзе-нідзе ў Барад.[уліна] і г.д.)».

Аркушы ліста да Л. Дранько-Майсюка, напісанага з мазырскага ЛПП (архіў Л. Дранько-Майсюка, фота Васіля Дэ Эм)

9. Засмучаўся, што ня маем духоўнай незалежнасьці:

«...Мы, беларусы, часта „традыцыйнікі“ ад ляноты, ад невуцтва, ад лапцюжнасьці, ад прастарэканьня, ад лёкайства і шмат яшчэ чаго. Духоўнай незалежнасьці ў нас мала, не паважаемся самі, і дзіва, каб пасьля шанавалі ці паважалі нас».

Міхась Стральцоў. 1987 г. Фота Ўладзімера Крука. З фондаў БДАМЛМ

10. Яму не падабаўся «Сказ пра Лысую гару»

Паводле ўспамінаў аднаго з аўтараў паэмы Міколы Аўрамчыка, Стральцоў заўсёды выказваўся супраць яе і быў згодны з Уладзімерам Караткевічам, які абурана казаў, што там «чэрняць нашага брата!»

Мікола Аўрамчык

11. Да яго паэзіі скептычна ставіўся Янка Брыль:

Перакладчыцы Валянціне Шчадрыной Стральцоў пісаў: «Не особенно до стихов, хоть, правда, и пишу(...), занимаюсь этим грешным делом, которое, кажется, во мне упорно не одобряет Брыль, хоть так являя свою всегдашнюю привередливость. Бог с ним». Уладзімер Някляеў дадае: «Тут трэба ўлічваць: рэдка каму ўдавалася на аднолькава высокім узроўні пісаць паэзію і прозу. Той жа Брыль (...) прызнаўся, што хацеў бы быць паэтам. Але... ня выйшла. А ў Стральцова выйшла. Безь ніякіх «але».

Справа налева: Міхась Стральцоў, Янка Брыль, Аляксандар Станюта. 1986 г. Фота Анатоля Каляды, газэта «Літаратура і мастацтва». З фондаў БДАМЛМ

12. Іранізаваў над вершамі маладнякоўцаў

У яго выклікала ўсьмешку «...тая слоўная „бурапеннасьць“, эмацыйная безадноснасьць перажываньня, што так шкодзілі (...) маладой паэзіі 20-х гадоў (...), У. Хадыка, які напоўніў „бурапенны“ і „сонцавейны“ слоўнік „маладнякоўцаў“ сваімі „буравейнымі далямі“..., бяздумнае паэтычнае трубадурства».

Літаратурнае абяднаньне «Маладняк», 1924 — 1925 гг. З фондаў БДАМЛМ

13. Яму не хапала ў беларускай літаратуры разумных крытыкаў

Анатолю Сідарэвічу пісаў: «...у нас крытыкі не літаратары. Мо ў Яскевіча і Тычыны адчуваецца хіба літаратурна-крытычная страсьць ці „шарм“ нейкі, а ўсе Бугаёвы і Каваленкі лазяць па нейкіх астральных арбітах, далёкіх ад прыгожага пісьменства беднага, і пішуць нешта няўцямнае...»

Артыкул Міхася Стральцова, прысьвечаны Максіму Гарэцкаму «Спадчыннасьць». «Лім». 18.2.1983

14. Як і Багдановіч, абараняў кампазытара Антоніё Сальеры

Дранько-Майсюк у эсэ «Адзіноцтва зоркі» піша: «раптам загаварыў пра Сальеры: ён не злачынец; легенда аб тым, што ён атруціў Моцарта — проста выдумка ворагаў знакамітага італьянца...»

Ёзэф Мэлер. Партрэт Антоніё Сальеры

15. Іранічна ставіўся да беларускага тэатра

Але Сямёнавай пісаў: «...Я не за надакучнае выкаблучваньне аднаго правінцыйнага Рэйнхарда перад другім, я i не за „салённы“ нейкі рэжысэрскі стыль, асабліва ў трактоўцы клясыкі, як i не за аголены мадэрн; а проста ўбогі, т.зв. сучасны. Я быў бы проста, можа, за тэатар, але што гэта такое? Жорсткія псыхалягічныя канструкцыі Раеўскага пры абструганым ці неабструганым дэкоры якога-небудзь Герлавана? (...) А так, я ня ведаю, дзе той сучасны тэатар i дзе той стыль».

Міхась Стральцоў. Пачатак 60-х гг.

16. Дапамог Уладзімеру Някляеву ў выданьні кнігі

Цэнзура не пускала ў друк кнігу Някляева «Наскрозь» (1985). Як успамінаў сам аўтар, «узьніклі праблемы з выданьнем маёй кнігі, рэдактарам якой быў Дранько-Майсюк. Ён сказаў пра праблему Стральцову, і той дапамог яе вырашыць». Стральцоў напісаў станоўчую рэцэнзію, а таксама тонка адрэдагаваў паэму «Наскрозь», да якой і чаплялася цэнзура. Кніга выйшла ў друк.

Уладзімер Някляеў

17. Калі прыяжджаў у родную вёску, то любіў замыкацца ў лазьні

Як успамінае Вікторыя Стральцова, ён мог на цэлы дзень зачыніцца і пісаць, не зьвяртаючы ўвагі на ўмольныя просьбы дочак пагуляць зь імі.

Міхась Стральцоў. 1984 г. З фондаў БДАМЛМ

18. У ЛПП ратаваўся Аляксандрам Пушкіным.

Былы ахоўнік адмысловай установы, куды сваякі адправілі пісьменьніка лячыцца ад алькагольнай залежнасьці, Мікалай Дубраў згадвае: «Стральцоў быў «сабе наўме» (...). Усё хадзіў, як цяпер помню, паўтараў: «Не дай мне бог сойти с ума, уж лучше посох и сума».

19. Любіў кіпень, праз што мог і захварэць.

Паводле Вікторыі Стральцовай, яе бацька заўсёды піў празьмерна гарачую гарбату, суп, любую вадкасьць. «Магчыма, гэта таксама паспрыяла ягонай хваробе» [рак стрававода. — В. Дэ Эм.], — гаворыць Вікторыя.

20. Апошняе дзіця Стральцова нарадзілася пасьля сьмерці пісьменьніка

Калі яго ня стала, каханая Роза Станкевіч была на трэцім месяцы цяжарнасьці. Нарадзілася дачка, якую назвалі ў гонар бацькі Міхасяй.

Магіла Міхася Стальцова на Чыжоўскіх могілках

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)