1991-2006. Вынікі<br>ад Міхася Скоблы
Глынуўшы вольнага паветра, Міхась Скобла склаў і выдаў анталогію беларускай паэзіі “Краса і сіла”, дзе падвёў вынікі зробленага беларускай нацыяй за XX стагоддзе. У межах праекта “Салідарнасці” паэт распавядае пра перыяд падлёднага літаратурнага плавання ў моры незалежнасці.
— Да распаду савецкай імперыі беларуская літаратура жыла ў хаце з закітаванымі вокнамі. Кіт — гэта замазка для шыбаў, каб шчылінаў не было. Існавала пэўная культурная прастора са сваімі каштоўнасцямі, са сваёй іерархіяй, у тым ліку літаратурнай. Гэтая прастора была амаль што ізаляваная ад усяго астатняга свету. І тут раптам у хату хлынула свежае паветра: цэнзуру адмянілі — раз, адкрылі межы — два, а ўсю літаратуру, не навучыўшы плаваць, кінулі ў каламутную раку рынку — тры. Быў пэўны час разгубленасці, бо калі чалавек прывык дыхаць спёртым паветрам, то ад кіслароду ў яго абавязкова закружыцца галава.
Я памятаю, як у 1992 годзе тагачасныя кіраўнікі Беларусі Станіслаў Шушкевіч і Вячаслаў Кебіч запрасілі ў Дом ураду пісьменнікаў і паведамілі: “Усё, хлопцы, цяпер выжывайце, як хочаце”. У той жа час быў абвешчаны курс на незалежнасць дзяржавы. Але культурная прастора — гэта такі ж самы неад’емны складнік незалежнасці краіны, як прастора геаграфічная. Прытым трэба браць пад увагу адзін істотны факт: беларуская літаратура —асаблівая, яна нацыястваральная. Не было яшчэ беларускіх палітыкаў, а быў ужо Францішак Багушэвіч, які першым пусціў у шырокі абыходак само слова “Беларусь”.
А ў нас ад пачатку незалежнасці пайшлі нейкія перакосы... Але літаратура беларуская жывучая, як і народ, які яе спарадзіў. Яна акліматызавалася і жыве нават пры хранічным кіслародным галаданні, паколькі беларуская мова — своеасаблівы кісларод для літаратуры, якім яна “дыхае”, — у абмежаванай колькасці. Улада не дае літаратуры (а значыць, чытачам) надыхацца ім дасхочу. Хапянулі трохі, і зноў у падлёднае плаванне. Для літаратуры ў нас цяпер перыяд падлёднага плавання.
— А хто вінаваты, што ў справе адраджэння нацыянальнай свядомасці мы вось ужо 15 год топчамся на месцы — палітыкі, народ, пісьменнікі?
— Для таго, каб палітыкі дзейнічалі паспяхова, павінен быць напрацаваны культурны слой — падмурак, на якім мусіць стаяць палітык. Напрыклад, у час абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе такога падмурку не было. І мусіў прэм’ер— міністр БНР Вацлаў Ластоўскі спыняць палітычныя ваяжы ў Еўропу, сядаць і пісаць 800-старонкавую “Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі”. Сёння сітуацыя зусім іншая. Беларуская культурная эліта напрацавала грунтоўны культурны слой. Сучасныя беларускія палітыкі могуць займацца выключна сваёй справай, безумоўна, у нацыянальных інтарэсах Беларусі. Але палітык, які стаіць на газавай трубе, нагадвае канатаходца ў цырку, які, пахіснуўшыся, можа зваліцца ўніз.
Што да народу, то тут справа яшчэ больш складаная. Ад пачатку незразумела, што стаіць за словамі “беларускі народ”. Паасобку людзі — як на рэнтгенаўскім здымку відныя з усімі сваімі вартасцямі і недахопамі, а вось у 9-мільённай сваёй іпастасі беларускі народ уяўляе з сябе вялікую таямніцу. І што на душы ў гэтага народа, не ведае, напэўна, ніхто. Пра гэта вельмі трапна сказаў украінскі пісьменнік Аляксандр Ірванец (дарэчы, перакладчык В. Быкава): “Це показка давня, але не іржава, яе повторяти пручаеться род: в нас гарна краіна й паскудна держава, в нас люди хороши й погани народ”.
На жаль, у апошняе дзесяцігоддзе назіраецца тэндэнцыя ператварэння “добрых людзей” у абескультураны народ, які патрэбен раз у чатыры гады на выбарчым участку.
— На тваю думку, у якой культурнай прасторы жыве сёння тутэйшы чытач — у расійскай ці беларускай?
— Якраз учора я быў на кніжным кірмашы, які месціцца ў выставачным цэнтры на вуліцы Янкі Купалы. Агледзеў усе прылаўкі і сярод тысяч (!) расейскамоўных кніг налічыў толькі тры (!!!) беларускія: творы Фрацішка Аляхновіча, “Руны Перуновы” Рыгора Барадуліна і кнігу Віктара Дзятліковіча пра рок-гурт “Мроя”. Што гэта, калі не засілле рускай літаратуры? Мы ў Расіі свой цукар прадаць не можам, а нас Масква літаральна завальвае сваёй кніжнай прадукцыяй. Прычым у Расіі існуюць дзесяткі дзяржаўных кнігавыдавецкіх праграмаў. Але кнігі вязуць не ў Сыктыўкар ці Аймякон, а ў Мінск, бо тут людзі яшчэ чытаць не развучыліся. А дзе ў нас падобныя дзяржаўныя праграмы? Іх няма.
Так што ад пачатку беларуская і руская літаратура знаходзяцца ў Беларусі не ў роўных умовах. Наш пакупнік сваім кашальком падтрымлівае расійскі кніжны бізнес.
Айчынныя выдавецтвы працуюць з апошніх сіл, але ім з кожным днём усё цяжэй выжываць. Калі дзяржаўныя яшчэ атрымліваюць нейкія датацыі, то недзяржаўныя, якую б “сацыяльна-значную” літаратуру яны ні выдавалі, ад дзяржавы маюць хіба што выспятка ў бок. Нядаўна адно выдавецтва атрымала папярэджанне ад міністра інфармацыі толькі за тое, што на вокладцы паэтычнай кніжкі быў змешчны малюнак са спалучэннем бела-чырвоных колераў! Але нягледзячы ні на што, сёння менавіта ў недзяржаўных выдавецтвах “Беларускі кнігазбор”, “Про-Хрысто”, “Логвінаў”, выдавецтве Зміцера Коласа выходзяць найлепшыя беларускія кнігі.
— А ў дзяржаўных выдавецтвах хіба не з’явілася нічога прыстойнага?
— У “Беларускай энцыклапедыі” выйшлі шыкоўныя і вартыя самай высокай ухвалы выданні: “Энцыклапедыя Вялікага княства Літоўскага”, “Энцыклапедыя беларускага фальклору”, “Міфалогія Беларусі”... Мабыць, за гэта выдавецтва і выселілі з уласнага будынку ля Акадэміі навук. У нас ужо трынаццаты год улада вядзе мэтанакіраваную і подлую вайну з усім беларускім.
— Якое з яе рашэнняў падаецца табе самым бязглуздым?
— На вялікі жаль, іх было не адно, не два, а значна больш. Улада адабрала ў пісьменнікаў Дом літаратара, які быў сэрцам культурнага жыцця Мінску. Улада адмяніла падаткавыя ільготы, якімі раней карысталіся выдавецтвы пры выпуску беларускай літаратуры. Улада загнала ўсе беларускія выданні ў адну кантору пад назвай Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Літаратура і мастацтва”, фактычна ўвёўшы ў іх цэнзуру. Прычым, у самым бязглуздым выглядзе — у выглядзе забароны на імёны. Паспрабуйце сёння надрукаваць у “ЛіМе” рэцэнзію на новую кнігу Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна ці Уладзіміра Арлова...
— Хто-небудзь спрабаваў?
— Спрабаваў. Гэта немагчыма. І вось яшчэ адзін прыклад: нядаўна з пасады быў зняты рэдактар “Роднага слова” Міхась Шавыркін за тое, што друкаваў матэрыялы пра Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна, Сяргея Законнікава, Уладзіміра Някляева, чые творы ўваходзяць у школьную праграму, і змяшчаў іх партрэты на вокладках.
І самае бязглуздае — улада стварыла сабе пад пяту новы саюз пісьменнікаў пад кіраўніцтвам міліцэйскага генерала. У гэты нібыта пісьменніцкі саюз уваходзяць чамусьці і дырэктары выдавецтваў, і журналісты раённых газет, і нават касманаўты. Бясспрэчна, касманаўты — адукаваныя людзі, але “Зорку Венеру” усё ж Максім Багдановіч напісаў, хоць не лётаў у космас.
У нас на вярхах улады сёння нават пагаварыць пра літаратуру няма з кім. Ну не з чытачом жа вершаў Васіля Быкава!
— Як лічыш, колькі кніжак па-беларуску прачытаў за час кіравання дзяржавай Аляксандр Лукашэнка?
— Думаю, што ніводнай. Калі што й чытаў, то не па-беларуску. Хоць ён неаднойчы дэманстраваў свае літаратурныя прыхільнасці. У 1999 годзе мне давялося прысутнічаць на сустрэчы кіраўніка дзяржавы з пісьменнікамі (здаецца, першай і апошняй). З чатырох гадзін тры з паловай пайшло на выступ Лукашэнкі. І калі ён патрос у руцэ чароговай кнігай Івана Шамякіна і сказаў, што ў ягоным уяўленні гэта вяршыня прыгожага пісьменства (“Прынясіце мне сёння дзесяць такіх кніг — я заўтра ж іх выдам”), я прыгадаў адзін эпізод з гісторыі рускай літаратуры. Сталін, прачытаўшы бездапаможную п’есу Максіма Горкага “Дзяўчынка і смерць”, накрэсліў на ёй: “Эта штука посильнее «Фауста» Гёте”. Даведаўшыся пра гэта, Мандэльштам прамовіў: “Мы загінулі». І, як паказалі далейшыя падзеі, меў рацыю.
Ну не ўсе беларускія пісьменнікі ўмеюць пісаць так, як Іван Шамякін. “Фігурнае катанне на гладкім лёдзе” — гэтак ягоную творчасць схарактарызаваў адзін крытык. Напрыклад, Віктар Казько не ўмее. Яго я магу параўнаць толькі з Габрыэлем Гарсіа Маркесам. Някляеў (як празаік — гэта беларускі Генры Мілер) не ўмее. Так што невыканальная ўмова была пастаўлена беларускім літаратарам...
— Які твой рэйтынг здабыткаў беларускай літаратуры за гады незалежнасці? Скажам, 15 лепшых кніг за 15 гадоў.
— Пералічу тыя, якія былі напісаныя ў пазначаны прамежак часу, і ў якіх я як звычайны чытач знаходзіў духоўны спажытак: “Евангелле ад мамы” Рыгора Барадуліна, “Прошча” Уладзіміра Някляева, “З людзьмі і сам-насам” Янкі Брыля, “Жураўліная пара” Генадзя Бураўкіна, “Паляванне ў райскай даліне” Алеся Разанава, “Гаспода” Леаніда Дранько-Майсюка, “Egoізмы” Сяргея Абламейкі, “Пляц волі” Алеся Пашкевіча, “Лён” Анатоля Сыса, “Гадара” Ірыны Жарнасек, “Дыялогі з Богам” Валянціна Акудовіча, “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел” Віктара Казько, “Заклён на скрутны вір” Анатоля Вялюгіна, “Перад геніем лёсу” Алы Сямёнавай, “Любіць ноч — права пацукоў” Юрыя Станкевіча... Назаву яшчэ “Біблію” ў перакладзе Васіля Сёмухі. Выданне па-беларуску Святога Пісьма — найбольшае дасягненне не толькі за апошнія 15 гадоў, але і за апошяе стагоддзе, бо, на маю думку, не маючы Бібліі на роднай мове, беларусы не мелі права называцца хрысціянамі.
— Дырэктар адной з іспанскіх турфірм мае такое хобі: прыехаўшы ў краіну, ён накіроўваецца ў кнігарню, каб набыць творы айчынных паэтаў і пісьменнікаў у перакладзе на іспанскую мову. Гэта дапамагае яму лепш зразумець краіну. У Мінску ён так нічога і не знайшоў. Вырашыў: таму свет і не ведае беларусаў, што іх не перакладаюць. Ці прысутнічаем мы ўвогуле ў сусветнай літаратуры?
— З перакладамі ў нас проста катастрофа. Серыя “Скарбы сусветнай літаратуры” ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” фактычна спыненая. Альманах “Далягляды” не выходзіць з 1992 года. Факт для параўнання: у 1934-м, не лепшым для беларускай культуры годзе, у Беларусі пабачылі свет 130 перакладных кніг. Сёння — 5-6. Сусветная літаратура рухаецца наперад, з’яўляецца безліч цікавых твораў, якія, на жаль, не засвоеныя беларускай культурай.
Яшчэ горш з перакладамі нашых аўтараў на мовы свету. “Дружба літаратур” (існаваў за савецкім часам такі тэрмін) — гэта ўзаемаабмен. І калі беларусы нікога не перакладаюць, не будуць перакладаць і іх. А калі лепшыя творы нашай літаратуры не загучаць па —ангельску, па-нямецку, па-французску, не бачыць нам ніякай Нобелеўскай прэміі. Бо нешта не верыцца, што шведскія акадэмікі пачнуць вывучаць беларускую мову, каб прачытаць кнігі Рыгора Барадуліна.
— Падсумуем “здабыткі” незалежнасці: у свеце беларускіх пісьменнікаў не ведаюць, у кнігарнях беларускіх кніг усё менш, беларуская мова амаль знішчаная...
— Мова не можа знікнуць за 15 гадоў. Як напісаў Генадзь Бураўкін: “Перажыла наша родная мова і Бенкендорфа, і Мураўёва... Тых, што з мякінаю ў галаве — перажыве!” Ведалі мы і горшыя часы. А сённяшнія эканамічныя і палітычныя ўмовы для беларускай культуры, на маю думку, лепшыя, чымсьці 15 гадоў таму. Тады незразумела было, што зробяць беларусы са сваёй нечакана атрыманай незалежнасцю. А цяпер ясна як белы дзень, што тут ніколі не будзе Расіі. Геапалітычныя ўмовы склаліся так, што тут павінна быць незалежная Беларусь. І гэта ўвідочнілася менавіта за апошняе 15-годдзе. Беларусы за мінулыя 15 гадоў нацыянальна пасталелі больш, чым за папярэднія 500 гадоў.
Аднойчы на “Еўраньюс” я пабачыў сюжэт пра незвычайнага чалавека. Яго завуць Здэнэк Кажышэк, і яго немагчыма закаваць у ланцугі. Перад тэлекамерамі закоўвалі рукі, ногі, тулава — усё марна. Праз тры хвіліны ён вызваляўся. Я спадзяюся, неўзабаве і пра беларусаў можна будзе сказаць: гэта народ, які немагчыма закаваць у ланцугі.
— Што далі табе асабіста гады незалежнасці?
— Я зразумеў, што без беларушчыны маё жыццё не мае сэнсу. Хай гэта будзе лаўровы вянец на галаву, альбо хамут на шыю, але не змагу.... Гады незалежнасці далі мне дачку Сафійку, якая з’явілася на свет у 1995-м, і сына Вячку, якому пакуль толькі 4 месяцы. Гэта мае “бясспрэчныя” дасягненні. Што да сумнеўных... Выдаў пяць кніг сваіх, для залатой серыі “Беларускі кнігазбор” падрыхтаваў тры чужых. Склаў дзве выніковых анталогіі: “Краса і сіла” — беларуская паэзія ХХ стагоддзя, і “Галасы з-за небакраю” — сусветная паэзія ў беларускіх перакладах (першая выйшла ў 2003, другая, спадзяюся, пабачыць свет сёлета).
Двойчы Вярхоўны суд Беларусі адмаўляў у рэабілітацыі Ларысы Геніюш — вялікай нацыянальнай паэткі. Пачынаючы з 1995 года, мне ўдалося перавыдаць пражскую кнігу Геніюш “Ад родных ніў”, выдаць яе том у серыі “Беларускі кнігазбор”, а ў выдавецтве “Лімарыус” — яе эпісталярную спадчыну “Каб вы ведалі”. Цяпер я маю намер прыйсці на прыём да генеральнага пракурора Беларусі Міклашэвіча (дзявочае прозвішча Л. Геніюш таксама — Міклашэвіч) і пакласці яму на стол названыя кнігі. Мне здаецца, самаму галоўнаму пракурору значна цяжэй будзе адмовіць у рэабілітацыі класіку беларускай літаратуры, чые творы выдадзеныя ў вокладках з залатымі літарамі.
Гутарыла Марына ЗАГОРСКАЯ
Читайте еще
Избранное