Общество
Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ, «Звязда»

19-гадовы юнак з расійскай Тулы сам вывучыў беларускую мову і піша на ёй вершы

19-гадовы юнак з расійскай Тулы Алесь Арцёмаў сам вывучыў беларускую мову і піша вершы, развіваючы паэтычныя традыцыі Максіма Багдановіча.

Алесь незвычайны чалавек па некалькіх прычынах.

Па-першае, аднойчы ён сам проста зацікавіўся беларускай культурай, сам вывучыў нашу мову і цяпер не толькі свабодна размаўляе на ёй, але і займаецца літаратурнай творчасцю. Што, зрэшты, не перашкаджае яму быць «камп'ютарным геніем і маньякам».

Па-другое, ён, папросту кажучы, тэхнар — вучыцца ў Тульскім дзяржаўным універсітэце на інжынера-сістэматэхніка. Але Алесь не просты тэхнар, а рускі тэхнар, які страшэнна цікавіцца беларускай (і не толькі, вядома) літаратурай.

Па-трэцяе, Алесь тэхнар, які піша цудоўныя вершы на розных мовах, вельмі сталыя і пранікнёныя, нехарактэрныя для свайго ўзросту (акурат як Багдановіч!); займаецца літаратурнымі перакладамі з англійскай і рускай на беларускую; сябруе з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі, друкуецца ў беларускіх выданнях, чытае нашы часопісы і газеты (у тым ліку і «Звязду!»), перамог у шэрагу розных літаратурных конкурсаў і піша артыкулы для беларускай Вікіпедыі.

Нягледзячы на сваю апантанасць беларушчынай, Алесь ні разу яшчэ не быў у Беларусі. Але вельмі марыць. І калі б з'явілася магчымасць пераехаць да нас і стаць беларускамоўным камп'ютаршчыкам з мноствам літаратурных хобі, то ён з асалодаю пагадзіўся б і нават перавёз з сабой бацькоў.

Алесь — гэта надзея Беларусі. Так, менавіта надзея (кожны хай напоўніць яе сваім зместам і сэнсам). Надзея, без перабольшванняў і пафасу. Бо хіба гэта не цуд, не дзіва, не падарунак лёсу і не сведчанне таго, што беларуская культура ўнікальная, цікавая і не горшая за іншыя, калі нейкі абсалютна старонні чалавек зацікавіўся нашай сціплай і багатай, напаўстрачанай і сучаснай, мілагучнай і кідкай мовай і літаратурай! Мне здаецца, што гэта выдатны стымул і прыклад для беларусаў: калі ўжо рускія пачынаюць размаўляць па-беларуску, дык і нам трэба неяк не адставаць! Згодныя?!

Наша з Алесем перапіска атрымалася вельмі жывой, шчырай, адвольнай і забаўнай. І нават здолела раскрыць многія Алесевы чыста чалавечыя якасці: шыкоўнае пачуццё гумару, эрудзіраванасць, тактоўнасць, неабыякавасць.

— Алесь, калі і чаму ты пачаў цікавіцца і вывучаць беларускую культуру і мову?

— Калі мне было гадоў 6-7, я ездзіў з бацькамі ў Крым. Час тады быў «вясёлы» — да поўнага знікнення грошай у кішэнях (дзякуючы моцнай хвалі дэвальвацыі) засталося зусім няшмат часу, адпачывальнікаў яшчэ было багата, вечарам у спёку (градусаў 30, але ўдзень да 50 было) народ масава пагрымваў касцьмі пад хіт «Хлопчык хоча ў Тамбоў» і, натуральна, завязваліся знаёмствы і сярод дзяцей, і сярод дарослых. І так выходзіла, што асноўным сродкам камунікацыі стаў суржык (сумесь украінскай і рускай моў кшталту беларускай трасянкі).

Да таго ж, тады якраз працягвалася спроба ўкраінізацыі СМІ, таму ўкраінскамоўнай рэкламы я таксама наслухаўся. Ну, і нейкія такія размовы сярод украінскага насельніцтва Крыма былі, маўляў, украінізацыя пачынаецца, а ў суседзяў-беларусаў на гэтым фронце надта ціха. Вось нешта такое запомнілася. Праўда, да майго сапраўднага далучэння да беларушчыны заставалася яшчэ 10 гадоў. Спачатку было цікава параўнаць, што ёсць агульнага паміж украінскай і беларускай культурай. А потым проста прыйшло задавальненне ад працэсу вывучэння, сапраўдны кайф. Вось так беларушчына і стала часткай майго жыцця. Прыблізна гадоў пяць таму я пачаў зрэдку чытаць беларускія газеты, а актыўна ўключыўся на пачатку 2008 года. А наогул трэба падзякаваць Караткевічу, яго творчасць напоўніцу пагрузіла мяне ў свет беларускай культуры.

— Як ты, знаходзячыся ў кантэксце іншай культуры і мовы, не маючы асаблівых крыніц інфармацыі і зносінаў з беларускамоўнымі людзьмі на першым этапе, вывучаў беларускую мову і літаратуру?

— У маім спосабе вывучэння няма нічога арыгінальнага: чытаў падручнікі, слоўнікі, газеты, слухаў радыё. Карыстаўся нейкай кніжачкай Падлужнага, не памятаю ўжо, як называлася; пазней і Тарашкевіча прачытаў. Часам зазіраю ў «Беларускае літаратурнае вымаўленне» Янкоўскага. Са слоўнікаў — натуральна, карыстаюся руска-беларускім слоўнікам Коласа-Крапівы-Глебкі, ТСБМ і г.д. Таксама імкнуся чытаць і спецыяльныя выданні. Зараз, напрыклад, чытаю дапаможнік Лепешава «Сучасная беларуская літаратурная мова: спрэчныя пытанні».

— А дзе ты іх бярэш?

— Неабходныя кнігі ў асноўным шукаю самастойна праз інтэрнэт, некаторыя шляхам абмену электроннымі копіямі атрымаў (а-ля «ты мне, я табе») — зручней чытаць так, бо можна рабіць нейкія рэмаркі, электронныя закладкі без пашкоджання кнігі.

— Што было складанага ў вывучэнні беларускай мовы (мажліва, у фанетычным ці арфаграфічным сэнсе)?

— Хм, калі шчыра, асаблівых складанасцяў менавіта на этапе засваення не памятаю. Ну, а зараз цяжкасці такія ж, як ва ўсіх носьбітаў мовы — «лідАр», «адажыА» і іншыя «радасці» новага правапісу. Хоць наогул стаўлюся да зменаў станоўча.

— Да таго, як ты пачаў адмыслова цікавіцца, што ты ведаў пра нашу культуру, мову, літаратуру?

— Пэўна, пра тое, што мужык-беларус — пан сахі і касы, ведаў заўжды. Наогул, Быкава, Кулакоўскага яшчэ чытаў калісьці ў рускіх перакладах: мой дзед здолеў сабраць добрую бібліятэку савецкай і замежнай літаратуры, кнігі беларускіх пісьменнікаў там таксама былі.

— А як ты пачаў чытаць «Звязду»?

— Гэта трэба сказаць дзякуй Глебу Лабадзенку. У яго рэпартажы і нарысы бываюць вельмі добрыя. Дзякуючы ім і пачаў «Звязду» чытаць праз сайт у РDF-версіі.

— Калі ты зацікавіўся беларушчынай, то, напэўна ж, лічыш нашую культуру ў нечым унікальнай. Чым?

— Самы вялікі цуд для мяне — гэта тое, што пасля 300 гадоў русіфікацыі, паланізацыі, іншых здзекаў беларуская мова не проста здолела выжыць, але і набыла рысы прафесійнасці (з пачатку ХХ ст.), а потым і аб'яднала сабой людзей розных нацыянальнасцяў (напр., Бядуля, Агняцвет, Уласаў, Мулявін).

— Прабач за банальнасць, але чым, на тваю думку, розняцца беларусы і рускія?

— Стаўленнем да роднай мовы. Для рускіх руская мова — штодзённы сродак камунікацыі, без ведання рускай мовы ў Расіі не пражывеш. Без беларускай у Беларусі жывуць, і некаторым нават не сорамна. Прабач за банальнасць, але ж так і ёсць.

— Так, але, магчыма, калі б у нас з мовай было «ўсё ў парадку», то нашыя дасягненні былі нашмат больш важкімі. Я вось усё думаю пра тое, што калі ў Расіі былі Блок і Ахматава, беларусы ўсё яшчэ вырашалі «зямельныя» пытанні і змагаліся за этнічнае прызнанне беларусаў наогул! І ў сусветным маштабе шмат для каго нашы любімыя Купала і Колас — лакальныя і несуразмерныя...

— Так, а для якога-небудзь адукаванага амерыканца Блок і Ахматава — лакальныя малазначныя паэты ў параўнанні з Фростам і Уітмэнам. І са свайго пункту гледжання амерыканец будзе мець рацыю.

— Відаць, тваю схільнасць да літаратуры вызначыла багатая дзядулева бібліятэка. Ці шмат ты чытаў у дзяцінстве і каго любіш чытаць з беларускіх аўтараў?

— У дзяцінстве чытаў шмат. Ад звычайнага дзіцячага і падлеткавага набору да твораў Гусэйна Абасзадэ, Ніны Бічуі і г.д. З беларускіх празаікаў-сучаснікаў паважаю Уладзіміра Арлова, з паэтаў уважліва чытаю Куставу, Віку Трэнас і г.д. Стральцова люблю, наогул, "Смаленне вепрука" лічу адным з найлепшых беларускіх апавяданняў. Шамякіна чытаю, ну і, натуральна, Караткевіч — нашае ўсё.

— Калі ты пачаў пісаць вершы?

— Вой, пачаў пісаць з дзевяці гадоў! Спачатку па-руску, потым абсалютна свядома на беларускую перайшоў і па-руску цяпер амаль не пішу. Ды і перакладаю пераважна на беларускую.

— А ці ёсць у Туле яшчэ такія як ты — беларускамоўныя?

— Наогул, па статыстыцы 2002 года, у Тульскай вобласці жылі 5974 беларусы. Але я ведаю толькі адну сапраўдную беларускамоўную сям'ю — сям'ю Уладзіміра Васькова. На форумах ён вядомы як раlіvас. Ён беларус з Гомельшчыны, з вёскі Баўсуны. Рыма-каталік па веравызнанні. У вольны ад працы час піша беларускамоўныя казкі для дзяцей. Здаецца, нават друкаваўся ў часопісе "Бярозка". Яшчэ ён даследуе гісторыю каталіцтва на Гомельшчыне. У Туле Уладзімір ужо 20 гадоў жыве.

— І акрамя вас больш няма беларускамоўных?

— Уладзімір Васькоў гаворыць, што ў Туле, акрамя яго, яшчэ толькі адзін беларускамоўны. Здагадайся, хто!

— Ты, вядома! Прычым не беларус па нацыянальнасці і нават не маеш беларускіх каранёў!

— Вось і я пра што. Але калі раптам хтосьці здолее арганізаваць беларускі рух у Туле, то я, натуральна, далучуся, як змагу.

— У вас прадаецца што-небудзь беларускае?

— Так! У мяне праз 100 метраў ад дома крама Bеlwеst. Калі што не так, тапкам магу кінуць у ворага (смайлік). Ну, а пра ашмянскую каўбасу, рагачоўскую згушчонку, сыр, малако, ільняныя кашулі і г.д. я наогул маўчу. Гэта ўжо шмат гадоў так.

— У Туле шмат рэкламы беларускіх тавараў?

— Так, рэкламуюць. Праўда, што цікава: ежу рэкламуюць не вельмі, але ўсе набываюць. А вось рэкламу беларускай мэблі бачыў у розных газетах, па радыё чуў, але набываюць не вельмі.

— А твая беларуская маўленчая практыка не ўплывае на рускае вымаўленне?

— Уплывае: літару «р» я наогул вымавіць мякка нармальна не магу! Ну, і часам забываю рускія словы, бывае і такое.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)