Общество
Юрась Ускоў, фота Сяргей Гудзілін, «Наша нiва»

19-гадовы студэнт выпраўляецца ў кругасветнае падарожжа

Студэнт другога курса кулінарнага тэхнікума Яўген Ціханаў разам з сябрам збіраецца аб’ехаць Зямлю. Падарожжа зойме два-тры гады, кажа ён. «Наша Ніва» даведалася, якім чынам хлопцы збіраюцца ўбачыць свет, маючы ў кішэні ўсяго 500 даляраў.

"Наша Ніва": Вы ўжо склалі маршрут вандроўкі?

Яўген Ціханаў: Так, спачатку мы рушым на Усход — праз Украіну ў Грузію, Арменію і Азербайджан. На кожную з гэтых краінаў мы плануем патраціць два-тры тыдні. Далей у планах — Іран (там мы плануем заставацца месяц), адтуль, у залежнасці ад візаў, Туркменістан альбо Індыя. Наша галоўная мэта ў гэтым рэгіёне — трапіць у Тыбет, а адтуль у Кітай. Пасля Лаос — у бок да Аўстраліі, дзе мы плануем затрымацца надоўга, пасля чаго накіруемся ў Паўднёвую Амерыку і дабярэмся да Мексікі. У ЗША і Канаду мы не паедзем — гэта такія краіны, куды заўжды можна без праблем вярнуцца. Калі ўсё атрымаецца, то трапім на Заходняе ўзбярэжжа Афрыкі, адтуль — назад праз Еўропу.

НН: Якім чынам плануеце падарожнічаць?

ЯЦ: Аўтаспынам, нас едзе два чалавекі. Мы разумеем, што гэта будзе цяжка і доўга.

НН: А колькі грошаў возьмеце ў дарогу?

ЯЦ: Каля 500 даляраў. На Усходзе можна жыць амаль бясплатна, таму там справімся. А вось калі трапім у Аўстралію і Новую Зеландыю — будзем уладкоўвацца на працу на плантацыях, там увесь год збіраюць ураджай, таму праца ёсць.

НН: Аднак паміж кантынентамі аўтаспынам не праедзеш…

ЯЦ: Да Аўстраліі можна без праблем дабрацца, галоўная праблема для нас — Ціхі акіян. Мы спадзяемся, што ў Аўстраліі атрымаецца зарабіць на квіткі на самалёт да Паўднёвай Амерыкі. Заробкі ў Аўстраліі добрыя.

НН: Як адрэагавалі на ідэю вашыя блізкія?

ЯЦ: З блізкіх вельмі перажывала маці, яна лічыла, што мне варта спачатку давучыцца, зарабіць нармальна грошаў і пасля толькі адпраўляцца. Але яе ўпэўніў мой аргумент, што калі мы не адправімся зараз, то наўрад ці калі-небудзь яшчэ збярэмся. Тым больш, што цяпер "на сувязі" можна заставацца ў любой краіне свету. Сябры таксама раздзяліліся ў меркаваннях: адныя лічаць, што, насамрэч, варта давучыцца. Іншыя вельмі ўхваляюць ідэю, аднак самі ўжо адправіцца такім чынам не могуць — у іх сем’і, праца, дзеці. Я баюся, што праз два-тры гады і сам бы не змог прыняць такое рашэнне.

НН: Вы едзеце ўдвох з сябрам?

ЯЦ: Так, яго клічуць Раман Свечнікаў, у яго вялікі досвед падарожжа спынам — у мінулым годзе ён з’ездзіў у Шанхай. У мяне няма пакуль увогуле такога досведу. Тым не менш, два месяцы таму я сказаў, што еду разам з ім. Мяне мала што трымае. Вучоба… Ну вучыцца можна заўжды, і варта заўжды вучыцца.

НН: Ці дэталёва вы распрацвалі план падарожжа?

ЯЦ: Ведаеце, я нядаўна чытаў нататкі аднаго расійскага турыста, які разам з жонкай аб’ехаў увесь свет за тры гады. Ён пісаў, што кінуў працу, страціў усе кантакты са знаёмымі і сябрамі. Я тады падумаў — які круты чалавек. Аднак у самым канцы ён напісаў — "мы ўзялі з сабой грошы з разлікам 100 даляраў у дзень на чалавека, без уліку ежы і жытла і праезду". Канешне, мы па іншым прынцыпе паедзем — будзем выкручвацца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)