Общество
Сяргей Навумчык, Радыё Свабода

17 забаронаў. За што ў постсталінскім СССР выганялі з працы, судзілі ці нават расстрэльвалі

У выніку перамогі ў 1917-м «Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі» ў СССР усталяваліся забароны (катэгарычныя і ня вельмі) на тое, што ў дэмакратычных краінах было нормай.

Пакараньне за парушэньні было рознае. За тыя, што «ня вельмі», можна было атрымаць вымову на працы, за больш сур’ёзныя — згубіць працу. Вельмі сур’ёзныя забароны пагражалі турмой альбо нават сьмяротным пакараньнем.

Пералічым тое, што заставалася пад забаронай і пасьля пэўнай лібэралізацыі савецкага ладу, калі на ХХ зьезьдзе КПСС у 1956 годзе былі асуджаныя сталінскія рэпрэсіі.

Сьпіс забаронаў далёка ня поўны.

1. Вы не маглі падзяліцца пачутым на хвалях «Свабоды»

Фармальна слухаць «галасы» не забаранялася, аднак калі вы падзяліліся пачутым са знаёмым ці калегамі — вы маглі патрапіць пад артыкул 67 Крымінальнага кодэксу БССР «Антысавецкая агітацыя і прапаганда» (рэдакцыя 1961 году). Гэтае асабліва небясьпечнае злачынства цягнула за сабой пазбаўленьне волі аж да сямі гадоў і ссылку да пяці гадоў (агулам — 12 гадоў).

Пры гэтым у СССР не прадаваліся прымачы ў дыяпазонах 13, 16 і 19 м, на якіх цяжка «глушыць». На глушэньне «радыёгаласоў» ішлі вялікія сродкі, дакладны памер якіх вызначыць немагчыма, бо выкарыстоўвалася тэхніка розных ведамстваў (у тым ліку вайсковая).

Мянчук Сяргей Ханжанкоў вясной 1962 г. стварыў г. зв. «групу Ханжанкова», якая мерылася падарваць «глушылку» («радыястанцыю № 3») паміж вуліцамі Даўгабродзкай і Чырвоназорнай у Менску. У траўні 1963 г. удзельнікаў групы арыштавалі. Георгі Сярогін і Сяргей Ханжанкоў былі асуджаныя на 10 гадоў, Віктар Храпавіцкі — на 8 гадоў пазбаўленьня волі. Ханжанкоў адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні і правёў у зьняволеньні ўвесь тэрмін. Памёр у 2016-м. Ягоная дачка перадала Радыё Свабода прымач, на якім Ханжанкоў слухаў «Свабоду» і іншыя «варожыя галасы».

Сяргей Ханжанкоў і ягоны прымач. 2013

2. Вы не маглі прачытаць «Тутэйшых» Купалы альбо «Дзьве душы» Гарэцкага. А таксама — творы дзясяткаў беларускіх пісьменьнікаў, рэпрэсаваных савецкай уладай

Так, толькі загадам № 33 Галоўліту БССР (так бяскрыўдна называлася цэнзурнае ведамства) ад 3 чэрвеня 1937 году было забранае зь бібліятэк і спаленае 421 выданьне, у тым ліку «Беларускі народ і яго мова» Я. Карскага, творы Янкі Купалы 1918–1928 году, усе кнігі Ф. Аляхновіча, М. Гарэцкага, А. Гаруна, А. Дудара, М. Доўнар-Запольскага, В. Маракова, Т. Кляшторнага, С. Некрашэвіча, Я. Лёсіка, В. Ластоўскага, А. Луцкевіча, Я. Пушчы, У. Пічэты, А. Смоліча, А. Цьвікевіча, М. Чарота.

Непапраўную шкоду беларускай культуры нанесла зьнішчэньне слоўнікаў, у тым ліку тэрміналягічных — былі спаленыя паўтара дзясятка тамоў «Беларускай навуковай тэрміналёгіі» усіх асноўных галін тагачаснае навукі.

Загад захоўваў сілу цягам дзесяцігодзьдзяў, толькі ўдакладняўся. Галоўліт СССР пэрыядычна выдаваў «Зводны сьпіс кніг, якія падлягаюць выключэньню зь бібліятэк і кнігагандлёвай сеткі» (у 1960 годзе сьпіс складаў два тамы). Практыка забароны дзейнічала аж да 1991 году — дастаткова сказаць, што некаторыя творы Янкі Купалы і Максіма Гарэцкага былі надрукаваныя толькі ў пачатку 1990-х.

Мксім Гарэцкі. Апошні фотаздымак. 1937

3. Вы не маглі патрабаваць навучаньня на беларускай мове і крытыкаваць нацыянальную палітыку кіраўніцтва

Так, у лістападзе 1957 — арыштаваны і асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня па абвінавачаньні ў беларускім нацыяналізьме выкладчык Горадзенскага пэдінстытуту Браніслаў Ржэўскі, які выступаў за беларускамоўнае выкладаньне.

У 1968 студэнты філялягічнага факультэту БДУ, у тым ліку Алесь Разанаў і Віктар Ярац, зьвярнуліся ў ЦК КПБ з патрабаваньнем вярнуць навучаньне на беларускай мове. Разанаў і Ярац былі выключаныя з унівэрсытэту. У 1974 годзе Зянон Пазьняк напісаў аналітычны артыкул «Становішча ў Беларусі. 1974 год», у якім казаў пра рэпрэсіі ў дачыненьні да беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Ён быў звольнены з працы ў ліку іншых удзельнікаў т.зв. «акадэмічнага асяродку». У 1985 за кнігу «Роднае слова і маральна-этычны прагрэс» з працы ў АН быў выкінуты Алег Бембель.

Алесь Разанаў, 2017

4. Вы не маглі праводзіць вулічных акцыяў

У 1968 годзе сямёра савецкіх грамадзянаў выйшлі на Красную плошчу ў Маскве, каб пратэставаць супраць уварваньня войскаў краінаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыну. Празь некалькі хвілінаў іх схапілі, зьбілі і даставілі ў пастарункі, а пазьней рэпрэсавалі (каго пазбавілі волі ў лягеры, каго паддалі прымусоваму псыхіятрычнаму лячэньню).

Тады ж, у жніўні 68-га, пратэст супраць падаўленьня «праскай вясны» выказаў беларус Анатоль Сідарэвіч. Ён быў спачатку дапытаны ў КГБ, а празь нейкі час на некалькі месяцаў падманным чынам зьмешчаны ў псыхіятрычнае адзьдзяленьне 2-й Менскай клінічнай лякарні.

13 чэрвеня 1984 трынаццаць удзельнікаў згуртаваньня «Беларуская Майстроўня» на рагу вуліц Леніна і Інтэрнацыянальнай у Менску, пратэставалі супраць зьнішчэньня помніку архітэктуры — будынку былога тэатра, дзе ўпершыню была пастаўленая першая беларуская вопэра. Гэта была першая несанкцыянаваная акцыя ў найноўшай гісторыі Беларусі. Усе ўдзельнікі акцыі (сярод якіх Вінцук Вячорка, Артур Клінаў, Віялета Кавалёва,Зьміцер Саўка) былі затрыманыя міліцыяй.

Плзень, 21 жніўня 1968

5. Вы не маглі свабодна памяняць рублі на даляры, фунты, франкі. Увогуле — ні на якую валюту

Набыцьцё альбо продаж замежнай валюты лічыліся крымінальным злачынствам, за якое прадугледжвалася пазбаўленьне волі на тэрмін ад 2 да 15 гадоў, а з 1961 — сьмяротнае пакараньне.

Так, у 1961 у Маскве некалькі «валютчыкаў» паводле асабістага патрабаваньня 1-га сакратара ЦК КПСС Мікіты Хрушчова былі асуджаныя на сьмяротнае пакараньне (так званая справа Рокатава, Файбішэнкі і Якаўлева), прысуд быў выкананы.

Мікіта Хрушчоў, 1960

6. Вы былі цалкам пазбаўленыя эканамічнай свабоды

Гандаль быў манаполіяй дзяржавы. Забаранялася перапрадаваць рэчы даражэй, чым вы іх набылі, — гэта называлася «спэкуляцыяй» і каралася паводле Крымінальнага кодэксу. Тым ня менш так званы «чорны рынак» у СССР існаваў, а КГБ і міліцыя пэрыядычна вылоўлівалі «фарцоўшчыкаў», якія атрымлівалі, як правіла, нязначнае пакараньне. Тыя, хто наладжваў падпольную вытворчасьць, атрымлівалі сур’ёзныя тэрміны зьняволеньня.

У 1963 годзе Шая Шакерман і Барыс Ройфман, якія арганізавалі больш як 60 прыватных філіяў швейнай вытворчасьці па ўсім СССР, былі асуджаныя да сьмяротнага пакараньня.

7. Вы ня мелі магчымасьці слухаць папулярныя на Захадзе музычныя гурты

Дыскі Pink Floyd, Led Zeppelin, Deep Purple у ССР не выдаваліся, іх кампазыцыі не перадавалі па савецкім тэлебачаньні і радыё. Хаця і тут здараліся выключэньні. У 1978 Вінцук Вячорка, падпісаўшыся рабочым менскага «Гарызонту», папрасіў у славутай нядзельнай праграме на Радыё Маяк пракруціць Stairway to Heaven — і просьба была выкананая.

Вядома, дыскі пранікалі ў СССР і зьяўляліся на «чорным рынку», аднак тут мог уступаць у дзеяньне артыкул «спэкуляцыя» Крымінальнага кодэксу.

Led Брытанскі гурт Led Zeppelin

8. Калі вы габрэй і хацелі памаліцца паводле рэлігіі продкаў, вы не маглі наведаць сынагогу

Свабода сумленьня (гэтак называлася ў СССР свабода веры) фармальна гарантавалася Канстытуцыяй, але арганізаваны малебен паводле юдэйскага абраду быў магчымы толькі ў некалькіх сынагогах Масквы і Ленінграду. У іншых гарадох СССР спроба супольнай малітвы прыроўнівалася да «сіянісцкай дзейнасьці», што было тоесна дзейнасьці антысавецкай.

Абмеркаваньне палітыкі савецкіх уладаў у дачыненьні да габрэяў таксама было табу. Так, у красавіку 1959 г. А. Рубін, Я. Хейфіц і Г. Ясялевіч былі асуджаныя паводле артыкула КК «антысавецкая агітацыя і прапаганда» — за стварэньне групы, у якой абмяркоўваліся пытаньні правоў савецкіх габрэяў.

Больш за тое — слова «сынагога» знаходзілася пад цэнзурнай забаронай. У культавым фільме «Брыльянтавая рука» гераіня Ноны Мардзюковай кажа — «Ваш муж таемна наведвае каханку», тады як на здымках фільму яна вымавіла — «наведвае сынагогу». Пазашлюбныя сувязі ў СССР супярэчылі «Маральным прынцыпам будаўніка камунізму», аднак у дылеме «сынагога ці каханка» савецкая цэнзура выбрала, як яна лічыла, «меншае зло».

Сынагога ў Крэве. Руіны малітоўнай залі

9. Вы не маглі маліцца ў адпаведнасьці з рэлігійнымі традыцыямі, калі належылі да баптыстаў, «Сьведкаў Яговы» ды іншых «нетрадыцыйных» рэлігіяў

Гэтыя рэлігійныя плыні разглядаліся як сэкты, арганізатары падобных рэлігійных суполак перасьледваліся. Фармальна за падобную дзейнасьць артыкул у Крымінальным кодэксе адсутнічаў. Аднак вернікі выкарыстоўвалі рэлігійную літаратуру, выдадзеную альбо на Захадзе, альбо ў «самвыдаце», і гэтага было дастаткова, каб стасаваць артыкул КК аб «антысавецкай дзейнасьці».

Так, чальцы «Сьведкаў Яговы» В. Гарноўская і В. Іваноў 4 лістапада 1957 году былі асуджаныя ў Маладэчне паводле артыкулу «Антысавецкая агітацыя і прапаганда». У 1963 годзе паводле таго ж артыкулу быў асуджаны вернік «Сьведкаў Яговы» жыхар Браслаўскага раёну А. Рыбакоў, а ў 1973 пазбаўленыя волі М. Дзярновіч і Л. Сатнічэнка — сябры грамады эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў.

10. Вы не маглі набыць «Біблію»

У СССР Сьвятое Пісьмо афіцыйна не выдавалася (толькі вельмі абмежаваным накладам яго выпускала Патрыярхія РПЦ, выданьне набыць звычайнаму чалавеку было немагчыма).

Выстава «Сатырыкон». Біблія ў перакладзе Васіля Сёмухі, 2016

11. Вы не маглі належаць да катэгорыі асобаў, якія пазьней назвалі «сэксуальнымі меншасьцямі»

У савецкім Крымінальным кодэксе існаваў асобны артыкул за «мужеложество», максымальны тэрмін пакараньня — 5 гадоў (да 1934 — 8 гадоў).

Найбольш вядомы ў СССР зьняволены паводле гэтага артыкулу — кінарэжысэр Сяргей Параджанаў (асуджаны ў 1974 на 5 гадоў). Пры гэтым арышту і суду папярэднічала запіска старшыні КГБ Украіны Федарчука на імя 1-га сакратара ЦК КПУ Шчарбіцкага, у якой пералічваліся факты абароны Параджанавым дысыдэнтаў, заклікі да «свабоды творчасьці», сьведчаньні «палітычнай ненадзейнасьці» Параджанава. Асаблівую ўвагу КГБ прыцягнуў Параджанаў пасьля выступу ў Менску ў 1971 г. на прэм’еры свайго фільму, дзе крытыкаваў палітыку партыйнага кіраўніцтва ў кінэматографе.

Сяргей Параджанаў, фота Юрыя Мечытава, 1986

12. Вы не маглі выказаць нязгоду з эканамічнай палітыкай кіраўніцтва СССР

Татальны дэфіцыт элемэнтарных рэчаў (пачынаючы ад туалетнай паперы да легкавых аўтамабіляў) быў прадметам незадаволенасьці і, вядома, штодзённага абмеркаваньня. Аднак абурэньне, выказанае публічна, магло каштаваць свабоды.

Так, 17 траўня 1957 году жыхар Горадзенскай вобласьці пастух Э. Іваноўскі выказаў незадаволенасьць падпіскай на г. зв. дзяржаўную пазыку (аблігацыі, якія грамадзяне набывалі фактычна пад прымусам. Савецкая дзяржава расплацілася па іх праз чвэрць стагодзьдзя, калі рубель быў істотна дэвальваваны). 5 жніўня 1957 г. Іваноўскі быў асуджаны паводле артыкулу «Антысавецкая агітацыя і прапаганда».

Чарга ў савецкай краме

13. Вы не маглі параўноўваць савецкі рэжым з фашысцкім

Дагэтуль колькасьць ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсіяў на тэрыторыі былога СССР застаецца прадметам спрэчак (Салжаніцын казаў пра 60 мільёнаў ахвяраў камунізму ва ўсясьветным маштабе), аднак лік ідзе, безумоўна, на мільёны. Але савецкі чалавек ня меў права рабіць якія б ні было параўнаньні савецкага ладу зь іншымі таталітарнымі рэжымамі.

У траўні 1963 г. у Воршы Фёдар Дуброўскі ў аўтобусе заклікаў зьнішчаць камуністаў ды параўноўваў іх з фашыстамі. У лютым 1964 г. асуджаны абласным судом за «антысавецкую агітацыю і прапаганду» (прыкметна, што не паводле артыкулу, які прадугледжваў пакараньне за пагрозу забойствам).

Парэшткі расстралянага ў Курапатах, 1988

14. Вы не маглі даваць нэгатыўную ацэнку Леніну ды іншым савецкім правадырам, а таксама КПСС

Асоба Леніна была ва ўсіх сэнсах недатыкальнай.

У кастрычніку 1957 г. у рэстарацыі чыгуначнай станцыі ў Магілёве Я. Дзямідаў назваў Леніна «шалёным дурнем». У студзені 1957 г. быў асуджаны паводле артыкулу КК «Антысавецкая агітацыя і прапаганда».

Гэтак сама, вы не маглі крытыкаваць дзейнасьць Камуністычнай партыі і яе кіраўнікоў. У Канстытуцыі быў артыкул 6, які вызначаў кіруючую ролю КПСС (скасаваны ў 1990 годзе). Можна было выказаць крытыку ў бок асобных кіраўнікоў-камуністаў ня надта высокага рангу, але ня зьвязваючы гэта зь дзейнасьцю самой кампартыі. Інакш вы рызыкавалі патрапіць пад той жа самы артыкул КК «Антысавецкая агітацыя і прапаганда».

Ленін, жнівень 1917

15. Вы не маглі маляваць палітычных карыкатураў (калі ў іх фігуравала савецкая, а не «капіталістычная» рэчаіснасьць)

Так, у ліпені 1959 году галоўны інжынэр Інстытуту праектаваньня аб’ектаў энэргетыкі А. Дастанка быў асуджаны паводле артыкулу «Антысавецкая агітацыя і прапаганда» за тое, што дасылаў у савецкія газэты карыкатуры на савецкі лад у тэхніцы фотамантажу.

Што цікава — вы былі абмежаваныя і ў выказваньні праз выяўленчае мастацтва і «камуністычных» пачуцьцяў. Маляваць Леніна на прапагандысцкіх плякатах, стэндах і г.д. мелі права толькі тыя чальцы Саюзаў мастакоў БССР і СССР, якім гэта было дазволена адмысловай камісіяй, куды ўваходзілі прадстаўнікі партыйных органаў.

Карыкатура, знойдзеная ў архіве дакумэнтаў ОУН (Украіна)

16. Вы ня мелі магчымасьці зьвярнуцца да кіраўнікоў урадаў заходніх краінаў з крытыкай савецкага кіраўніцтва

Фармальна ліставацца з іншаземцамі не забаранялася, аднак пошту адсочваў і пэрлюстраваў КГБ.

Так, у кастрычніку 1958 г. быў арыштаваны, а ў лістападзе таго ж году асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі настаўнік з Карэліцкага раёну Аляксандар Доўбік. Ён накіраваў ў амбасады ЗША, Вялікай Брытаніі ды Індыі лісты да кіраўнікоў гэтых дзяржаваў, дзе крытыкаваў Хрушчова і заклікаў абараніць палітычных вязьняў. У прысудзе гэта было кваліфікавана як «заклік да ўрадаў імпэрыялістычных краінаў умяшацца ва ўнутраныя справы СССР з мэтай зьмены існуючага ў СССР ладу».

Дысыдэнт Міхась Кукабака

17. Вы ня мелі права зьвязацца з карэспандэнтам The New York Times, The Guardian ці нейкай іншай заходняй газэты, даць ім інтэрвію ці перадаць матэрыялы

Так, пасьля таго, як КГБ дазнаўся, што рабочы радыёзавода Міхась Кукабака шукае кантакту з заходнімі карэспандэнтамі, 14 красавіка 1970 г. ён быў арыштаваны, а судовая калегія Ўладзімірскага абласнога суду накіравала яго на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне (быў вызвалены ў 1976-м, пазьней неаднаразова быў арыштаваны і асуджаны, агулам правёў у няволі больш як 17 год).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)