Общество
Ілона Іванова, «Звязда»

14-гадовы хлопчык падазраецца ў забойстве 5-класніка

Паводле паведамлення прэс-службы УУС Магілёўскага аблвыканкама, 15 жніўня ў міліцыю звярнулася маці Алега Куліка — 5-класніка адной з бабруйскіх школ. У 13 гадзін ён пайшоў з дому і не вярнуўся. Яго маці ўсхвалявала тое, што сын адправіўся на вуліцу гуляць і знік, а яго мабільны тэлефон стаў недаступным. Таму ў 17.30 яна напісала заяву аб знікненні сына.

Калі па гарачых слядах дзіця не ўдалося знайсці, да працы далучылася брыгада з Мінска, а таксама розныя ведамствы — пракуратура, МНС, а потым і КДБ, бо на наступны дзень пасля знікнення хлопчыка яго маці затэлефанаваў невядомы і запатрабаваў выкуп у валюце.

Сям’я Алега Куліка, дарэчы, зусім небагатая. Яго бацька памёр, калі хлопчык быў зусім маленькім, маці не працавала, і яны жылі на пенсію па страце кармільца. Аднак нядаўна жанчына атрымала ў спадчыну дом у Кіраўскім раёне, які потым прадала. Такім чынам, выкрадальнік ведаў пра сітуацыю ў сям’і. У выніку працы міліцыі былі знойдзены людзі, якія 15 жніўня бачылі Алега разам з падлеткам. Было высветлена, што гэта вучань 8 класа той жа школы, дзе вучыўся Алег. Праўда, яго маці па тэлефоне падалося, што выкуп патрабавала жанчына, а ўжо потым прыйшла здагадка, што гэта быў падлетак.

19 жніўня ў вадаёме паблізу аўтамабільнага моста праз Бярэзіну на вуліцы Берагавой было знойдзена цела зніклага хлопчыка. Паводле папярэдняй інфармацыі, яму нанеслі некалькі ўдараў па галаве і прытапілі, каб схаваць сляды забойства. У забойстве падазраецца 14-гадовы падлетак, з якім бачылі Алега напярэдадні знікнення. Ён завалодаў мабільным тэлефонам хлопчыка. Пракуратура Ленінскага раёна горада Бабруйска распачала крымінальную справу па артыкулу Крымінальнага кодэкса пра забойства малалетняга з карыслівых прычын і звязанага з выкраданнем. Падлетак затрыманы, ідзе следства.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)