14 беларусак працягваюць галадоўку: «Нібыта ў страўніку трапечацца сэрца»
Шосты дзень працягваецца галадоўка маці асуджаных за наркотыкі, якія патрабуюць лібэралізацыі крымінальнага заканадаўства за захоўваньне і ўжываньне наркотыкаў і сустрэчы з Лукашэнкам.
Сямёра галадоўніц руху «Маці 328» выпраўляюцца сёньня ў Менск у адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, дзе а 16-гадзіне мае адбыцца сустрэча з кіраўніцай спраў Натальляй Качанавай.
Да калінкавіцкіх галадоўніц прыяжджалі прадстаўнікі ўладаў
Першачаргова галадоўніцы мелі намер сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам дзеля таго, каб ён азнаёміўся з сытуацыяй і распарадзіўся стварыць камісію для перагляду жорсткіх прысудаў ад 2013 году паводле 328-га артыкулу, а таксама паспрыяў зьмене заканадаўства, калі гэта не датычыцца цяжкіх наркотыкаў ды арганізацыі гандлю імі.
Увечары 27 красавіка да калінкавіцкіх галадоўніц 27 прыехалі старшыні райсавету і райвыканкаму Віктар Замосьцік і Сяргей Гвозьдзь — яны й паведамілі пра мажлівасьць сустрэчы 2 траўня з кіраўніцай Адміністрацыі Лукашэнкі.
Галадоўка ў Калінкавічах. 29 красавіка 2018 году
Празь дзень Віктар Замосьцік зноў наведваў галадоўніц разам з мэдыкамі «хуткай дапамогі». Жанчыны папрасілі кіраўніка райсавету аказаць дапамогу з транспартам для паездкі ў Менск, аднак атрымалі адмову. Пасьля гэтага яны самастойна дамаўляліся з уладальнікам маршруткі з Мазыра, але нечакана менавіта на 2 траўня не аказалася на рэйс вольных месцаў. Сёньня жанчыны выправіліся ў Калінкавіцкую аўтакалёну, каб заключыць дамову на арэнду мікрааўтобуса, на якім і будуць дабірацца да сталіцы. Пра гэта Свабодзе паведаміла Ліяна Шуба.
— На шосты дзень галадоўкі бальшыня з нас дрэнна сябе адчувае. Слабасьць, няспынная млосьць, галавакружэньне. У мяне асабіста нібыта ў страўніку трапечацца сэрца, — кажа Ліяна.
30 траўня да сямі ранейшых галадоўніц далучылася Марыя Лявоненка са Жлобіна, чый сын пакараны паводле артыкулу 328 на дзесяць гадоў зьняволеньня. У Менск ня едзе толькі Інэса Крыцкая, у якой на ўтрыманьні двое малалетніх дзяцей.
Пухавіцкіх галадоўніц пакуль ігнаруюць улады
Паводле старшыні грамадзкага руху «Маці 328» Ларысы Жыгар, у вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну працягваюць галадоўку пратэсту 7 актывістак арганізацыі, сярод іх і сама Ларыса. Яны таксама зьбіраюцца далучыцца да сустрэчы з Качанавай.
— Адчуваем сябе добра, хоць ужо зьявілася слабасьць, асабліва ў нагах — 6 дзень галадоўкі адбіваюцца. Але мы ня маем намеру саступаць. Для нас цяпер вельмі важна далучыцца да сустрэчы з кіраўніцай адміністрацыі Натальляй Качанавай, на якую запрасілі нашых сябровак, што галадаюць у Калінкавічах. Раніцай буду званіць у адміністрацыю, размаўляць пра гэта, — паведаміла Ларыса Жыгар карэспандэнту Свабоды.
Паводле яе, з 27 красавіка, калі ў Востраве пачалі галадоўку 6 актывістаў руху «Маці 328», да 2 траўня ніхто з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, а таксама зь іншых дзяржаўных органаў да галадоўнікаў не зьвяртаўся.
— Міліцыя таксама не турбавала. У нядзелю і асабліва 1 траўня да нас прыяжджалі ў госьці шмат людзей, да 30-40 чалавек. Мы называем іх «групай падтрымкі» — гэта сваякі, сябры. Бачым, што простыя людзі нас моцна падтрымліваюць, а вось улады пакуль маўчаць, — сказала Ларыса Жыгар.
Актывісткі галадаюць з 27 красавіка.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное