Общество
Анастасія Зелянкова

13 месцаў, дзе варта пасядзець

Дзень студэнта, Дзень танкіста, Дзень незалежнасці Уругвая — ды ці мала яшчэ дзён, якія варта б адзначыць добрым келіхам віна ці піва ў не менш добрым месцы. Аднак, выбіраючы годную піцейную ўстанову, можна згубіць шмат часу, нерваў і, вядома, грошай.

Рызыкуючы ўласным здароўем і матэрыяльным дабрабытам, карэспандэнт “Салідарнасці” адправілася па мінскіх рэстаранах і кафэшках. Дапамагчы ў гэтай справе выклікаўся знаўца “гарачых” кропак Мінска, адзін з аўтараў гайдбука “СІЦІ МАПА: Тусінг. Кавярні. Шопінг” Сяргей Сахараў.

Выбраныя намі піцейныя ўстановы мы падзялі па пяці намінацыях: цэннік, музычнае аздабленне, разнастайнасць ежы, нацыянальная прыналежнасць і тэматычнае ўвасабленне.

— Дзякуй богу, Мінск пачынае паціху вылазіць на еўрапейскі ўзровень, — адзначае Сяргей Сахараў. — Нягледзячы на тое, што, паводле падлікаў беларускіх карыстальнікаў Livejournal.com, у нас на квадратны кіламетр прыходзіцца ўсяго 1,29 рэстаранаў і кафэ, што ў 3-4 разы менш за Прагу і ў 8-9 разоў -- за Парыж, не ўсё так ужо і кепска. Я б сказаў: мала, але па тэме. “Левых” кавярняў і рэстарацый становіцца ўсё меней. Сённяшнія рэстарацыі выглядаюць прагматычна, канцэптуальна — прыемна, прынамсі, ужо заходзіць. Сярод асноўных недахопаў я б адзначыў “ненавязлівы сэрвіс” і афігенна малыя порцыі за часам неадэкватныя грошы.

Цэннік

У рубрыцы “Гол, но сокол” бясспрэчную перамогу атрымаў клуб “Графіці” (зав. Калініна, 16).

— Сакол, у сэнсе птушка, гэта такі празрысты намёк на канцэртны фармат установы, — адзначае Сяргей. — Што ж тычыцца меню, у тым ліку і напояў, то тут раздолле для самай неабароненай часткі насельніцтва. Я маю на ўвазе студэнтаў. Кухня ж хутчэй нагадвае сітуацыю, калі ты прыходзіш у госці да сябра, есці вельмі хочацца, а няма чаго. І тады распачынаецца кулінарны паядынак “голь на выдумкі...” — розныя там блінчыкі з кетчупам і каўбасой, суп з “галінабланкі”. Я ніколі не забуду НЕШТА (у прасунутых рэстарацыях такое называюць фьюжн-блюдам) з яечні, кірыешак і яшчэ нейкай фігні тыпу семак (!!!) – выглядала брутальна. Але пад півас і BAND A, якія выступалі ў той дзень, паваліла на ўра.

А вось у рубрыцы “Мэта спраўджвае сродкі” можна адзначыць адразу двух пераможцаў — кавярню “Фрайдыз” (пр.Незалежнасці, 22) і новы ірландскі рэстаран-паб “MIXX” (Чырвоная, 12).

— Хто скажа вам, што “Фрайдыз” – той жа “Макдон”, кіньце ў яго кіеўскай катлетай. Так, у “Фрайдыз” цэннік не нізкі. Але ўзгадваючы амерыканскія забягалаўкі, дзе сапраўдны гамбургер і фрэнч фрайз звычайна каштуе не танней за 10 бакаў, становіцца зразумела: тут і з цэннікам, і з антуражам, і з меню, і з абслугоўваннем усё 100%-на амерыканскае (хаця гаспадары і масквічы). Дарэчы, той, хто ўсё ж такі вяртаецца са Штатаў у Мінск і перажывае гастранамічную настальгію, бегаюць на Незалежнасці, 22 як у школу. Ядуць і плачуць...

Што ж да ірландскага паба “MIXX”, то 5 балаў яму за інтэр’ер, часы працы і меню.

— Але кошты... Хаця давялося нядаўна бачыць там а 10-й гадзіне вечара студэнтаў з канспектамі, то бок, установа і яе гаспадары абсалютна адэкватныя людзі. Плюс: English speaking афіцыянты.

Канешне, можна было б знайсці і больш шыкоўныя ўстановы, але, прабачце, па-багатаму не жывём, і ў дарагія рэстараны не ходзім.

Музычнае аздабленне

У намінацыі “Рускае народнае блатное хараводнае” няма канкурэнтаў у “Старого русла” (вул.Ульянаўская, 7). За досыць нягеглым фасадам хаваецца вельмі слаўнае месца, здаўна вядомае не толькі сваім танным і якасным півам, але і музыкамі, якія ходзяць ад стала да стала і могуць выканаць вам усё — пачынаючы ад Круга і “Чунгачангі” і сканчваючы Джасцінам Цімберлейкам.

— І ўсе гэта пад балайку, гармонік і іншыя інструменты ды яшчэ з супер- вакалам, — адзначае Сяргей. — Я бачыў у рэстаранах лабухаў, але не музыкаў, якія б сапраўды так крута спявалі і гатовыя былі выканаць абсалютна любы рэпертуар, прычым без гэтага тупога шансоннага надрыву. Вельмі неапраўдана забытае рознымі рэстараннымі канцэптуалістамі месца.

А вось “Рок-хаус кафэ” (вул.Няміга, 12), як гэта не дзіўна, атрымала перамогу ў раздзеле “Попс”.

— Установа пазіцыянуе сябе як беларускае Hard rock cafe, а з экранаў целікаў вяшчае нешта кшталту “Первого музыкального”. Плюс я б параіў адміністратарам, нават калі людзі прыходзяць браць комплексныя абеды, пускаць іх у віп-зоны, а не абмяжоўваць столікамі, якія стаяць асобна на танцполе. Хаця у цэлым кафэшка нармальная.

У рубрыцы “Рок” перамога аказалася за кафэ “Bеatles” (вул.Ціміразева, 65). Фотаздымкі “бітлоў” на сценах ды кардонныя фігуры “слаўнай пяцёркі” ў натуральную велічыню разам з адпаведнай музыкай выдатна перадаюць атмасферу гэтага месца.

— Праўда, нават у такой досыць канцэптуальнай установе часам замест DVD з нейкай класікай дадумваюцца паказваць па ТБ звычайны MTV-раша з вядомым рэпертуарам. Затое тут можна замовіць “Метр беларускай хатняй кілбасы” ад “Беларускіх песняроў”. За 121 тысячу рублёў афіцыянты ў народных строях вынясуць вам роўна метр кілбасы на драўлянай гнушцы з дранікамі, грыбамі і іншымі прысмакамі. Але і за суму, меншую ў дзесяць разоў, можна смачна перакусіць.

Па якасці і разнастайнасці ежы

У рубрыцы “Куды прасцей” недасягальнай аказалася “Моя английская бабушка” (вул. К.Маркса, 36). У меню ўсё настолькі проста, што дзіву даешся: какао, аўсянка, піражкі (дарэчы, апошнія не надта танныя)...

— Уявіце, што міс Марпл запрасіла вас у госці на кубачак гарбаты. Усё проста, густоўна і без танных наваротаў. Заходзіш да “бабусі” і разумееш: як жа цынічна людзі апелююць да дзяцінства, да вечна далёкай Англіі і цеплыні ў адносінах. Малайцы, так і трэба!

А вось у раздзеле “Для гурманаў” пераможцаў не аказалася.

— Мне здаецца, што гэта нацыянальная праблема. Скажам шчыра, на кухні пратэкцыянізм – гэта як волас у салаце: нешта яўна лішняе. Калі класічны рэцэпт патрабуе пармезан толькі з Фламандыі, а ад вас чыноўнікі патрабуюць купляць “Пармезан “Світанак” вытворчасці мясцовага малаказавода, пра якіх гурманаў можна марыць. Тое самае з паварамі...

Па нацыянальнай прыкмеце

У раздзеле “Любі сваё” парамогу атрымала кафэ “Камяніца” (вул. Першамайская, 18). Выдатнае месца для сапраўдных патрыётаў. Інтэр’ер у старажытным нацыянальным стылі, жывая этнамузыка, стравы, якія належаць беларускай кухні, у тым ліку часоў Княства і Рэчы Паспалітай.

— Адзін трабл: мне здаецца, тым, хто робіць “Камяніцу”, варта было б схадзіць да той жа “Бабушкі” і паглядзець, як каларыт установы можна больш ачалавечыць і прадаваць троху больш душэўна.

А вось у раздзеле “30% замежнага” на першае месца патрапіў ірланскі паб “Дрожжы юнайтэд” (вул. Свярдлова, 2).

— Гэта сапраўдны (!!!) паб. У мяне часам дэжавю здараецца: аднойчы зайшоў у паб горада-героя Стакгольм – бац! “Дрожжы-юнайтэд нейкія”, — сябрам кажу. Праўда, схлушу, калі буду вас запэўніваць, што меню тут чыста ірландскае. Зрэшты, слова “паб” на шыльдзе гэтага і не патрабуе.

У гэтым жа раздзеле варта адзначыць і рэстарацыю “Чумацкі шлях” (ул. Мяснікова, 34) — такая вось “мэйд ін Украіна”. Праўда, інтэр’ер гэтай установы вельмі падобны на інтэр’ер “Пузатай хаты” ў Кіеве. Прычым апошняя — гэта звычайная “общепитовская” сталоўка кшталту бістро “Хутка-смачна”, у той час як “Чумацкі шлях” збольшага прэтэндуе на прэміум-клас. Але прэтэнзій да яго няма.

Яшчэ адным вартым увагі месцам можа лічыцца “Чэшская піўніца” (пр. Незалежнасці, 22) — хаця б таму, што пакуль у яе няма канкурэнтаў па чэшскай кухні і чэшскіх напоях.

Тэматычныя

Вызначыць у гэтай намінацыі абсалютнага пераможцу аказалася даволі складана. Многія кафэшкі досыць сур’ёзна падышлі да свайго ўнутранага аздаблення і прапанавалі вельмі арыгінальны падыход да інтэр’еру. Таму мы спынімся адразу на двух.

Як ні дзіўна, першай у спісе стаіць кавярня “Свіцязянка” (вул. Сурганава, 20/1) — сапраўдны ўзор трэш-саветчыны, прычым без негатыўнага налёту. Вельмі падобны на кватэру савецкага інтэлігента ўзору 70-80-х гадоў — невялічкія бюсцікі правадыроў, фатаапараты “Зеніт”, раяль “Беларусь” у куце, нейкія прыбамбасы на сценках, якія па вялікім рахунку не выконваюць ніякай функцыі. Але, калі іх прыбраць, знікне дух. Выдатнае месца для таго, каб “пасядзець як на кухні ў дзяцінстве”. Праўда, зараз гэтае месца зачынена на рамонт. Яго плануецца адкрыць недзе ў студзені.

Кавярня “Паранойя” (вул. Каліноўскага, 55) павінна прыйсціся даспадобы ўсім аматарам сюрэалізму і тым, хто не прывык мысліць стандартна. Перавернутыя кубкі на столі, свечкі ў пустых бутэльках над барам, частка ванны ў сцяне ды тэматычныя сталы са шкляной паверхняй, пад якой на пяску ляжаць розныя рэчы: запалкі, пясочныя гадзіннікі, кнігі і нават бегаюць тараканы — усюды адчуваецца прысутнасць бацькі сюррэалізму Далі. Не пакінулі па-за ўвагай і меню. Згадзіцеся, не ўсюды вам могуць прапанаваць “Жульен з марскіх гадаў”, фаршыраваныя яйкі “Падкідыш” ці цяляціну з сырам і каперсамі “Крывавае ахвярапрынашэнне”.

— Уявіце сабе: вы замаўляеце страву, вам прыносяць чатыры кубкі і “ліст” шкла, кладуць яго на кубкі, а наверх — страву з назвай кшталту “Салат з безвыніковых намаганняў повара”. Досыць прыкольная кафэшка.

Гэты спіс можна яшчэ доўга працягваць. Вядома, ён вельмі суб’ектыўны, але тым цікавей будзе параўнаць напісанае з уласнымі ўражаннямі.

А напрыканцы некалькі карысных парад. Калі вы так і не вызначыліся з месцам, дзе хацелася б асесці сур’ёзна і надоўга, нішто не перашкаджае вам проста зайсці ў любую патэнцыйна прывабную кафэшку “на разведку”. Замоўце там каву, а лепш гарбату — яна ўсюды танная. Зрэшце, па гарбаце вельмі добра правяраць стаўленне гэтай ўстановы да кліентаў. Вядома ж, на гарбаце шмат не заробіш, таму тое, як табе прапануюць гэты напой, якой фірмы і гатунку — распушчальны, у пакунках, заварны — вельмі добра характарызуе дадзеную ўстанову.

— Апошнім часам выдатным спосабам праверкі кафэшкі “на вшивость” стала “абедзеннае меню”, — кажа Сяргей. — Адразу бачна стаўленне да кліентаў. Калі на твары напісана “понаехалі тут”, то лахі пад пахі — і вэк з месца (ці, калі паводзяць сябе дужа нахабна, – кнігу скаргаў). Ясна, што замова не такая ўжо і дарагая, але ж і прапануюць на гэтыя грошы не амараў у французскім соусе. Калі да цябе ставяцца нават пры такой замове з павагай, то з задавальненнем можна прынесці туды замест 5 тысяч усе 50 баксаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)