Лица
Іна Студзінская, Радыё Свабода

13 фактаў пра Зьмітра Бартосіка, ляўрэата прэміі імя Гедройця

У Менску абвясьцілі пераможцу літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця. Лярэатам прэміі стаў журналіст Свабоды Зьміцер Бартосік, аўтар кнігі «Быў у пана верабейка гаварушчы».

Кніга была выдадзеная ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

1. Нарадзіўся ў Расеі, у горадзе Рыбінску

Маці карэнная расейка — родам зь вёскі Канстанцінава, што пад Ніжнім Ноўгарадам. У бацькі — польскія карані, хоць род паходзіў з Адэсы. Бацька працаваў рэжысэрам, маці — акторкай.

2. Першай няроднай мовай, якую пачаў вывучаць, была казаская

У раньнім дзяцінстве зьмяніў шмат гарадоў. Бацькі — тэатральны рэжысэр і акторка — часта мянялі тэатры: Рыбінск, Вялікія Лукі, Усьць-Каменагорск, Златавуст, Варонеж, Ніжні Ноўгарад. Цікавасьць да няродных моваў праявілася менавіта ў Казахстане — угаварыў міліцыянта, які ахоўваў Алма-Ацінскі гатэль (дзе бацькі былі на гастролях), вучыць яго казаскай мове.

«Над гэтым потым пацяшаліся Дубавец з Харэўскім: мог бы стаць акынам», — кажа Бартосік.

3. У гомельскай школе быў вызвалены ад беларускай мовы

У 1978 годзе сям’я пераехала ў Гомель. У школе Зьмітра вызвалілі ад вывучэньня беларускай мовы і літаратуры. Другім чалавекам у клясе, якога таксама вызвалілі ад белмовы, быў Канстанцін Залатых, што працуе на Эўрарадыё. «Цяпер на ўсіх сустрэчах аднаклясьнікаў толькі двое — мы з Косьцем — размаўляем па-беларуску», — кажа Зьміцер.

4. Здымаўся ў кіно разам са Стэфаніяй Станютай

У 13-гадовым узросьце, летам 1982 году Зьміцер зьняўся ў фільме «Чужая бацькаўшчына» па рамане Вячаслава Адамчыка. Гомельскі тэатар гастраляваў у Горадні, і закулісныя дзеці ўдзельнічалі ў масавых сцэнах. Рэжысэр Валер Рыбараў абраў Зьмітра на ролю Міці Корсака ў дзяцінстве. У гэтым фільме здымаліся Стэфанія Станюта, Уладзімер Гасьцюхін.

5. Вырас на песьнях Высоцкага і Акуджавы

У 13 гадоў навучыўся граць на гітары. Спачатку пераймаў Высоцкага і Акуджаву. Пазьней папрасіў Рыгора Барадуліна перакласьці расейскіх паэтаў на беларускую мову — Сяргея Ясеніна, Уладзімера Высоцкага, Булата Акуджаву, Аляксандра Вярцінскага, Усевалада Іванава, Анатоля Жыгуліна, Юрыя Левітанскага.

6. З тэатральнай вучэльні выключылі «за бяздарнасьць»

Паступіў у Ніжагародзкую тэатральную вучэльню, але быў выключаны за прафэсійную непрыдатнасьць, як сам Зьміцер кажа, «за бяздарнасьць». Ён цалкам згодны з гэтым вэрдыктам, бо «быць кепскім акторам яшчэ горш, чым кепскім журналістам».

7. Доўга шукаў свой шлях — рабіў грузчыкам, шліфоўшчыкам

Рабіў шліфоўшчыкам на Гомельскім заводзе станочных вузлоў. Прызнаецца, што вельмі падабалася, знаходзіў там моманты творчасьці. Потым рабіў грузчыкам у краме, рабочым сцэны ў Гомельскім тэатры, займаўся дробным будаўнічым бізнэсам у Вільні. Спрабаваў паступіць у інстытут інжынэраў воднага транспарту, хадзіў на розныя курсы — доўга шукаў свой шлях.

8. Служыў у войску ў будаўнічым батальёне ў Волагдзе

«У войску было шмат цікавага, шмат непрыемнага. Але пасьля таго, што я чытаю пра беларускае войска, пра норавы ў Печах, я зразумеў, што мой валагодзкі будбат з усімі ягонымі жахамі — гэта амаль брытанская каралеўская гвардыя, Оксфард ці Кембрыдж. У параўнаньні з тым, што я чытаю пра сучасную беларускую армію».

9. Зачараваўся беларушчынай дзякуючы «Крыніцы», «Нёману» і «Нашай Ніве»

У 1991 годзе пачаў чытаць беларускія выданьні — часопіс «Крыніца», які тады ачольваў Уладзімер Някляеў, «Нёман». Натрапіў на газэту «Наша Ніва» — і зачараваўся беларушчынай. Прыехаў у Вільню, у рэдакцыю «Нашай Нівы», і з таго часу цалкам перайшоў на беларускую мову.

Пазнаёміўся зь Сяргеем Дубаўцом, Сяргеем Харэўскім, Сяргеем Шупам. Пісаць не зьбіраўся, але Дубавец прымусіў. Першай публікацыяй у газэце былі «Падарожныя нататкі зь Ніжняга Ноўгарада». У 2002 годзе выдаў кнігу апавяданьняў з уласнага жыцьця «Чорны пісталет» — зноў жа пад прымусам Дубаўца.

10. Па маладосьці ледзьве ня трапіў у расейскую турму

У траўні 1993 году ў Волагдзе страляў з «чорнага пісталета» ў міліцыянтаў. Яго затрымалі, зьмясьцілі ў пастарунак. «Мяне абаранілі маці і беларуская дзяржава. Я зьбег з Расеі, калі мяне выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Але на Новы год вырашыў зьезьдзіць да маці ў Ніжні Ноўгарад. Мяне там арыштавалі. Зноў зьбег у Беларусь. Уратаваў мяне беларускі пракурор, які сказаў, што мяне ня выдадуць, але каб я больш ня сунуўся ў Расею. Ну як пасьля гэтага можна было ня стаць патрыётам Беларусі?» — кажа Бартосік.

11. На Радыё Свабода — 20 гадоў

У 1997 годзе стаў адным з аўтараў праграмы «Вострая брама» на Радыё Свабода, якую заснаваў Сяргей Дубавец. У 2001 годзе працаваў у праграме «Палітычная геаграфія», а з 2006 году — у «Падарожжах Свабоды». За 20 гадоў аб’ехаў больш за 500 паселішчаў Беларусі, пераадолеў больш за 50 тысяч кілямэтраў. У асноўным — на «Волгах».

Спачатку меў «ГАЗ-21» — «Волгу» 1961 году выпуску, потым 24-ю «Волгу». «Грошай на новую машыну не было, таму давялося прыкідвацца аматарам антыкварыяту або ніжагародзкім патрыётам («Волгі» выпускаў Горкаўскі аўтазавод).

12. Жонку Тацяну знайшоў па інтэрнэце. Гадуюць чацьвярых дзетак

Лічыць, што з жонкай яму страшэнна пашанцавала. Ажаніўся ў 2002 годзе. Мае чацьвярых дзетак — дачок Яню і Юсьцю, сыноў Даната і Геру. Доўгі час ужо з чатырма дзецьмі і катом сям’я Бартосікаў жыла ў аднапакаёўцы (да 2012 году). Сам Зьміцер называў сваю кватэрку «купэ». Цяпер Бартосікі жывуць у мікрараёне Міхалова ў чатырохпакаёўцы, якую атрымалі як шматдзетная сям’я.

13. Палову прэміі — 2,5 тысячы эўра — аддасьць рэдактару кнігі Дубаўцу

На кнігу «Быў у пана верабейка гаварушчы», якая сатканая з рэпартажаў «Свабоды», натхніў Бартосіка зноў жа Сяргей Дубавец, які стаў рэдактарам. Кніга выйшла ў 2016 годзе ў «Бібліятэцы Свабоды». Палову прэміі Гедройця — 2,5 тысячы эўра — Зьміцер паабяцаў аддаць рэдактару Дубаўцу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)