«12 умоваў ЭС сталі перашкодаю»

У інтэрвію НН Аляксандар Мілінкевіч патлумачыў, навошта браць удзел у выбарах, распавёў, як умацаваць незалежнасьць Беларусі, і прапанаваў новы сьпіс патрабаваньняў Эўрасаюзу да беларускіх уладаў.

Выбары застаюцца праформай, а сыстэма мяняе толькі фасад, але ня сутнасьць. Тым ня менш, Вы выступаеце за ўдзел кандыдатаў ад апазыцыі ў выбарах і разьвіцьцё дыялёгу ЭС з адміністрацыяй Аляксандра Лукашэнкі. Чаму?

Беларусь апынулася ў складанай сытуацыі і ня мае дастаткова ні палітычнай волі, ні эканамічных рэсурсаў для самастойнага ажыцьцяўленьня менш залежнай ад Расіі палітыкі па разьвіцьці самастойнай дзяржавы. Сума рэнты за вуглевадародны транзыт разам з прыбыткамі ад экспарту беларускай прадукцыі ў Расію складаюць каля паловы нашага дзяржаўнага бюджэту. Нерэфармаваная і неканкурэнтаздольная гаспадарка краіны не падрыхтаваная да рынкавых цэнаў на энерганосьбіты. Нават нязначнае павышэньне цэнаў на газ прымушае ўрад браць ў Маскве крэдыты на мільярды даляраў.

Калі Беларусь тэрмінова не пачне мадэрнізацыі эканомікі і адпаведнай палітычнай лібэралізацыі, то ў бліжэйшыя гады запазычанасьць Расіі стане крытычнай.

У 2011 годзе пасьля плянаванага запуску Паўночнаэўрапейскага газаправоду і Балтыйскай трубаправоднай сыстэмы – 2 і пераходу нашай краіны на сусьветныя цэны на газ беларуская эканамічная мадэль прыпыніць свае існаваньне, а дзяржава пападзе ў поўную залежнасьць ад Расіі.

Якія могуць быць крокі да ўмацаваньня незалежнасьці Беларусі?

Жорстка прывязаная да Расійскай Федэрацыі палітычнымі і эканамічнымі абавязацельствамі Беларусь ня ў стане пачаць рэалізоўваць эвалюцыйныя пераўтварэньні ні ў палітычнай, ні ў эканамічнай сістэмах краіны без гарантый захаваньня суверэнітэту і фінансавай стабілізацыйнай падтрымкі.

Пасьля вызваленьня палітычных вязьняў натуральным партнёрам для мадэрнізацыі Беларусі можа і павінен стаць Эўрасаюз. Аднак перашкодай для канструктыўных перамоваў зьяўляюцца, з аднаго боку, вядомыя ўмовы ЭС, зь іншага боку, традыцыйны недавер беларускіх уладаў да Захаду і, як наступства, нежаданьне ісьці на рэформы ў краіне без адпаведных гарантыяў.

Калі бакі згодзяцца, што 12 умоваў Эўракамісіі могуць быць перафармуляваны і будуць выконвацца беларускім бокам не адначасова, а паступова, то пазытыўны для Беларусі дыялёг цалкам рэальны. Тады зьявіцца пэрспэктыва паляпшэньня адносінаў Эўрасаюзу і Беларусі і ў выніку - сур’ёзныя шанцы на ўзмацненьне нашай незалежнасьці.

Якой мае быць антыкрызісная палітыка Эўрасаюзу ў адносінах з урадам нашай краіны?

Каб вывесьці Беларусь са статус-кво і пазьбегнуць яе падзеньня ў нябыт, Захаду неабходна актыўная палітыка - маральная і гнуткая - і дакладна ўзгодненая пасьлядоўнасьць дзеяньняў. У межах дыялёгу з кіраўніцтвам краіны трэба сфармуляваць праграму палітычных і эканамічных крокаў насустрач адно аднаму. Гэтая «дарожная карта» павінна ўтрымліваць узаемныя дзеяньні і ўзаемныя абавязацельствы паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.

Сярод асноўных патрабаваньняў ЭС да беларускай улады могуць быць: гарантыі газавага, нафтавага і электраэнэргетычнага транзыту; выкананьне міжнародных рашэньняў адносна дзяржаваў, якія садзейнічаюць тэрарызму; спыненьне перасьледу апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці; заканадаўчае і практычнае забесьпячэньне свабоднага функцыянаваньня СМІ; арганізацыя цывілізаваных выбараў. Адначасова крокамі Эўразьвязу маглі бы стаць: зьняцьцё «палітычнага эмбарга» з лукашэнкаўцаў; фінансаваньне дзяржаўных праграм Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця; увядзеньне для Беларусі элемэнтаў рэжыму найбольшага спрыяньня ў гандлі з краінамі ЭС; далучэньне да праграмаў добрасуседзтва ЭС.

Дзе гарантыі, што гэтая стратэгія мае пэрспэктывы?

Пры пасьпяховай рэалізацыі першай «дарожнай карты» бакі могуць распачаць распрацоўку наступнай.

Пры невыкананьні ўзятых на сябе абавязацельстваў адным з бакоў заплянаваныя крокі другога боку прыпыняюцца.

Альтэрнатывай стратэгіі дыялёгу з ЭС ёсьць далейшая самаізаляцыя Беларусі, канчатковая ліквідацыя эканамічнай, а пазьней і палітычнай незалежнасьці нашай краіны.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)