12 малавядомых фактаў пра Міхала Жызьнеўскага

25-гадовы гамяльчук Міхал Жызьнеўскі загінуў год таму на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве ад кулі снайпэра, стаўшы адным зь першым ваяроў «Нябеснай сотні».

У лістападзе 2014 году падчас сустрэчы з бацькамі Міхала Жызьнеўскага прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка пасьмяротна ўзнагародзіў беларускага абаронцу Эўрамайдана званьнем Героя Нябеснай Сотні. Тады ж быў адкрыты мэмарыял на месцы, дзе загінуў Міхал. Дабрачынныя фонды Ўкраіны, якія працуюць зь сем’ямі загінулых і пацярпелых на Майдане, дапамаглі сям’і Міхала набыць двухпакаёвую кватэру ў Гомелі — да таго часу Жызьнеўскія арандавалі жыльлё.

1. Марыў быць бацюшкам

Гадуючыся ў праваслаўнай сям’і, яшчэ ў дзяцінстве Міхась Жызьнеўскі хацеў паступіць у духоўную сэмінарыю. Падлеткам атрымаў на гэта блаславеньне айца Ўладзімера ў Аляксандра-Неўскім саборы Гомеля. Зьбіраўся адслужыць у войску, скончыць сэмінарыю ў Жыровічах і вярнуцца ў Гомель, каб служыць бацюшкам.

2. Паехаў жыць да каханай ва Ўкраіну

У старэйшых клясах моцна інтэграваўся ў рыцарскі рух. А ў 2005 годзе 17-гадовым падлеткам уцёк з дому і паехаў ва Ўкраіну да дзяўчыны, зь якой пазнаёміўся ў рыцарскай тусоўцы.

3. Гуляў у лялькі

Праз малую розьніцу ва ўзросьце Міхась гадаваўся разам са сваёй старэйшай сястрой Наташай. Дзеці расьлі вельмі дружнымі, гулялі ў адны гульні. Як кажа маці Міхася Жызьнеўскага, сын любіў гуляць зь лялькамі сваёй сястры. Бацькі гэтаму не пярэчылі.

4. Не любіў «Рашэн»

Улюбёны ласунак Міхася — цукеркі «Дары Палесься» вытворчасьці фабрыкі «Спартак». Увесь час, калі Міша быў ва Ўкраіне, ён перадаваў весткі сваёй сям’і, часам сустракаўся з бацькам у Кіеве. Як гасьцінец зь Беларусі заўсёды прасіў цукеркі «Дары Палесься».

5. Зарабіў 17 тысяч даляраў

Усе 8 гадоў, якія Міхал пражыў ва Ўкраіне, ён не забываў пра сям’ю, перадаваў праз знаёмых весткі і грошы на лекі для маці. Калі ў бацькоў пачаліся праблемы з жытлом, Міхась пачаў зьбіраць грошы на кватэру для іх — працаваў зваршчыкам і мантажнікам вокнаў. Маці ведала, што ў кватэры, дзе жыў Міхал, захоўваецца 17 тысяч даляраў, якія той сабраў. Пасьля сьмерці Міхала грошай не знайшлі, хоць ён дакладна паведамляў бацькам, дзе яны схаваныя.

6. Называўся імем скандынаўскага бога

Ва Ўкраіне ніхто ня ведаў сапраўднага імя Міхала Жызьнеўскага. Асьцерагаючыся перасьледу з боку КДБ, у размовах ён прадстаўляўся Аляксеем, а ў межах УНА-УНСО быў вядомы як Локі — такі псэўданім абраў сабе ў гонар аднаго з багоў скандынаўскай міталёгіі. Знаёмыя Міхала даведаліся яго сапраўднае імя і прозьвішча фактычна пасьля ягонай сьмерці.

7. Бываў у Італіі

У дзяцінстве Міхал удзельнічаў у аздараўляльных вандроўках у Італію, куды запрашалі беларускіх дзетак з чарнобыльскіх рэгіёнаў. Пасьля за мяжу Беларусі і Ўкраіны не выяжджаў.

8. Партрэт Локі будзе на паштовай марцы

У Кіеве плянуюць выпусьціць паштовую марку з партрэтам Міхала Жызьнеўскага.

9. Хацеў разгадаць эліксір моцы мішак Гамі

Як узгадвае маці, любімы мультфільм малога Міхала — «Мішкі Гамі» — пра чароўных мядзьведзікаў, якія валодалі сакрэтам звышнатуральнай фізычнай сілы.

10. Падпрацоўваў журналістам

Ва Ўкраіне Міхал быў пазаштатным карэспандэнтам газэты «Соборна Київщина». У апошнія тыдні жыцьця ён зьбіраў зьвесткі для публікацыяў у гэтым выданьні.

11. Вырас на гістарычнай літаратуры і расповедах пра вайну

У бацькоў дагэтуль захоўваецца невялічкая бібліятэчка — кнігі пра Івана Грознага, Емяльяна Пугачова, Пятра Першага, якія тата і мама набывалі маленькаму Міхалу. Бадай што больш за гэтыя кнігі ён любіў размаўляць пра вайну, якую перажылі яго бабуля і прабабуля. «Наша сям’я разам з маленькімі дзецьмі ў вайну цудам пазьбегла шыбеніцы. Калі Мішу было 10 гадоў, ён, наслухаўшыся бабулі, запытваў у мяне, як зрабіць, каб на ўсёй плянэце быў мір. Не прымаў гвалту, вайны, быў вельмі спакойны. Мы вучылі яго паважаць і цаніць людзей».

12. У Кіеве зь Міхалам разьвітваліся 10 тысяч чалавек

Паніхіда па Міхалу Жызьнеўскім прайшла 26 студзеня, у дзень, калі яму споўнілася б 26 гадоў. У Міхайлаўскі сабор прыйшло больш за 10 тысяч чалавек, ня ўсе нават змаглі трапіць усярэдзіну. Цела загінулага беларуса несьлі пад воклічы натоўпу «Герой!» і «Жыве Беларусь!». На могілках каля пасёлку Сьцяг Працы ў Гомельскім раёне невядомыя пэрыядычна чыняць на магіле Міхала Жызьнеўскага акты вандалізму, нішчаць украінскія сьцягі і кветкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)