Общество
Тамара Савіч, «Еўрарадыё»

110 000 рублеў за ялавічыну? Гэта яшчэ танна!

100 тысяч рублёў за ялавічыну, 145 тысяч — за кілаграм цукерак і яшчэ 120 тысяч — за вядро клубніц. Еўрарадыё даведалася, колькі зараз каштуюць прадукты на Камароўцы.

Праходжу каля мясных прылаўкаў на крытай частцы Камароўскага рынка — ўсё, чаго душа пажадае: свініна, ялавічына, цяляціна, бараніна. Засоленае сала з мяснымі праслойкамі з часнаком, каляндрай і кропам. Пахне так, што слінка цячэ!

Прадаўшчыцы адна за адной прапануюць мне мяса, сала, выразкі, рабрынкі, шыю і кумпякі і наперабой запрашаюць купіць што-небудзь:

— Вось ялавічына! З гэтага вы зробіце адбіўную, можна запекчы, вось храсткі, лапатка — усё мяккае!, — рэкламуе сваю прадукцыю на ўсе лады гандлярка.

Другая перахоплівае маю ўвагу:

— Вось свініна! Салка-мяска — усе з вёскі, гляньце! Свойскае ідзе! Вы яе перакруціце — і ўсе будзе. Яна з больш сакавітая за ялавічыну, не параўнаць, — гаворыць мне ўжо ў здагонку прадавачка.

Уцякаю не дарма! Пужаюць кошты на гэтае цудоўнае мяса!

— Вось ялавічынка — за 85, вось кавалачак за 110! Штосьці горай, з пражылачкамі — 85! — ахвотна агучваюць кошты прадаўцы.

Прыглядаюся да коштаў. Кілаграм свініны на "Камароўцы" каштуе ў сярэднім 50-70 тысяч рублёў, ялавічына — ад 80 да 130 тысячаў, а кілаграмовы кавалачак тлустай бараніны можна купіць за 110 тысяч рублёў! Даражэй — цяляціна: кілаграм найдалікатнага кумпячка — 155 тысяч рублёў.

Нягледзячы на такія кошты, прадаўцы заўважаюць, што недахопу пакупнікоў яны не адчуваюць.

— Пакупніцкая здольнасць не зменшылася. Хто купляў — той купляе і зараз. Людзі на шмотцы зэканомяць, але купляюць. Хто прывык есці, той купляе, хто прывык эканоміць… Гляньце кошты ў "Кароне"! Там ялавічына па 176 тысячаў за кілаграм. Да нас пакупнікі прыходзяць і робяць вялікія вочы, бо ў нас яшчэ танна! — канчаткова дабівае мяне прадаўшчыца.

Дарэчы, кошты ў той самай "Кароне" і праўда такія:

— Ялавічына — 170 000 рублёў, свініна — 74 000 рублёў.

"Салодкае жыццё" для фанатаў таксама каштуе дорага. Цукеркі на кірмашы — не танней за 35-40 тысячаў. А самыя дарагія — 145 000 за кілаграм. Вельмі сімвалічна цукеркі называюцца "Натхненне"!

Прыкладна ў столькі ж, колькі каштуе ялавічына, на рынку ў канец сезона абыдзецца вядро клубніцаў — 120 000 рублёў.

Пасля "мясных" уражанняў шукаю прадукты па чалавечых цэнах. У параўнанні з пачаткам ліпеня многія прадукты ўжо патаннелі. Агуркі, памідоры, капуста — цана за кілаграм таго ці іншага вагаецца на ўзроўні 5-8 тысячаў.

Маладзенькія кабачкі і баклажаны на рынку таксама капейкі — да 5 тысячаў рублёў. Дарэчы, бульба ўжо каштуе 2800 за кілаграм.

Цэны на кроп, пятрушку, часнок, салату і чарніцы трымаюцца на ўзроўні пачатку месяца. За кілаграм чарніцаў трэба аддаць 30-35 тысячаў рублёў, за пучок кропу і пятрушкі — 6 тысячаў, часнок у бабулек па-ранейшаму па 3 тысячы за адну галоўку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)