Политика

 

 

10 нявыкананых абяцаньняў беларускіх уладаў за дзесяцігодзьдзе

Падводзячы вынікі дзесяцігодзьдзя, Валер Карбалевіч на Свабодзе прааналізаваў дзесяць нявыкананых абяцаньняў беларускіх уладаў.

Аляксандар Лукашэнка, 2009 год

1. ВУП мусіў вырасьці на 62-68%

Паводле прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2011–2015 год, рост валавога ўнутранага прадукту (ВУП) мусіў скласьці 162–168%.

Што атрымалася. У рэальнасьці ВУП вырас толькі да 105,9%.

Увогуле ўсе пляны пяцігодкі з трэскам праваліліся. Параўнайце лічбы.

Прадукцыйнасьць працы. Плян 163–168%. У рэальнасьці — 110,8%

Прадукцыя прамысловасьці: адпаведна 154–160% і 104,5%

Прадукцыя сельскай гаспадаркі: 139–145% і 108,8%

Інвэстыцыі ў асноўны капітал: 190–197% і 88,3%.

Экспарт тавараў і паслуг: 218–222% і 112,1%

Дый сам Лукашэнка у 2015 годзе быў вымушаны сарамліва прызнаць: «Пяць гадоў таму мы ставілі перад сабой вялікія задачы ў эканоміцы. Скажу прама і шчыра — ня ўсё з таго, што задумвалася, удалося выканаць».

Правільней было б сказаць, што не ўдалося выканаць практычна нічога.

2. Дрэваапрацоўчую галіну мусілі мадэрнізаваць

— 7 ці 8 наймагутнейшых дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў мы мадэрнізуем цягам першых двух гадоў пяцігодкі, — заявіў у выступе на Ўсебеларускім народным сходзе 6 сьнежня 2010 году Аляксандар Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка, 1999 год

Што атрымалася. На праект было затрачана 1,3 млрд эўра. За 2011 год страты прадпрыемстваў канцэрну «Беллеспаперапрам» вырасьлі ў 30 разоў.

Увосень 2012 году Лукашэнка наведаў некалькі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, зьняў з пасадаў дырэктараў (на асобных заводах у пэрыяд мадэрнізацыі дырэктары мяняліся чатыры разы), а таксама старшыню канцэрну, дэкрэтам забараніў работнікам галіны звальняцца да завяршэньня мадэрнізацыі.

8 лістапада 2013 году Лукашэнка прыехаў на прадпрыемства «Барысаўдрэў» паглядзець на вынікі. Высьветлілася, што зь дзевяці заводаў мадэрнізацыю завяршылі толькі на адным — «Івацэвічыдрэў». Лукашэнка ўчыніў новую прачуханку, чарговы раз звольніў старшыню канцэрну «Беллеспаперапрам».

31 студзеня 2014 году на чарговай нарадзе Лукашэнка даручыў падрыхтаваць прэзыдэнцкі дэкрэт, дзе мусяць быць новыя тэрміны заканчэньня мадэрнізацыі — канец 2014 году.

Дасюль бальшыня дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў не вярнула крэдыты, вылучаныя на мадэрнізацыю.

3. Навукаёмістасьць ВУП мела вырасьці

«Забясьпечыць да 2015 году ўклад навукаёмістай прадукцыі ў эканоміку краіны, супастаўны з доляй традыцыйных сэктараў, і паказьнік навукаёмістасьці ў 3% ВУП». (З дакладу Лукашэнкі на Ўсебеларускім народным сходзе 6 сьнежня 2010)

Што атрымалася. Навукаёмістасьць ВУП у 2015 годзе склала 0,5% ВУП, а ў 2018 годзе гэты паказьнік спыніўся на ўзроўні 0,62%.

4. Фінансавага крызісу і дэвальвацыі «ня будзе»

«Хачу з гэтай трыбуны запэўніць усіх грамадзян Беларусі: крызісаў ня будзе. Крызіс у галовах тых, хто сьвядома разгойдвае сытуацыю і прыдумляе розныя пужалкі». (З дакладу Лукашэнкі на Ўсебеларускім народным сходзе, 2010)

«Умацаваць нацыянальную валюту. Будзе забясьпечаная стабільнасьць курсу беларускага рубля». (З перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі, 2010)

«Пакуль я зьяўляюся старшынёй праўленьня Нацыянальнага банку, ніякай разавай дэвальвацыі за адзін раз ніколі ня будзе». (З заявы старшыні Нацыянальнага банку Пятра Пракаповіча, 17 сакавіка 2011)

18 сьнежня 2014 году кіраўнік Беларусі заявіў, што краіна ня будзе «бегчы за Расеяй і дэвальваваць нацыянальны рубель».

Што атрымалася. Зь вясны 2011 году ў Беларусі пачаўся маштабны фінансавы крызіс, які перарос у эканамічны. Сукупная дэвальвацыя толькі за дзесяць месяцаў склала 189%, інфляцыя за 2011 год — 108%. Сярэдні заробак у валютным выяўленьні скараціўся ўдвая і ўпаў прыкладна да ўзроўню 2005 году. Некалькі месяцаў насельніцтва не магло купіць валюту. Сацыяльная стабільнасьць, якой так ганарылася беларускае кіраўніцтва, было разбурана дашчэнту.

Напачатку 2015 году ў Беларусі адбылася дэвальвацыя рубля на 30%. Сумарна за 2009–2015 гады дэвальвацыя беларускага рубля склала каля 700%.

5. Замежны доўг меў зьменшыцца

«Скарачэньне замежнага дзяржаўнага доўгу. Мы не павінны перакладаць нашыя даўгі на будучыя пакаленьні». (Зь перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі, 2015)

«З чальцамі ўраду, якія гэтым пытаньнем займаюцца, мы далі сабе клятву — я не казаў пра гэта раней і думаў наагул не казаць, але калі закранулі тэму — мы за пяць гадоў вырашым праблему даўгоў. І цягам пяці гадоў мы плянуем, разьлічыўшыся з даўгамі, ніколі не пазычаць, абыходзіцца без запазычаньняў. (З інтэрвію Лукашэнкі недзяржаўным мэдыя 04.08.2015)

Што атрымалася. У 2010 годзе замежны доўг Беларусі складаў 8,4 млрд даляраў, а на 1 сьнежня 2019 году павялічыўся да 16,6 млрд даляраў. То бок вырас удвая. Прычым з пачатку 2019 году Беларусь прыцягнула вонкавыя дзяржаўныя пазыкі на 1 млрд даляраў.

6. Мусіў паўстаць фінансавы рынак

«Разьвіцьцё паўнацэннага фінансавага рынку, паэтапная лібэралізацыя руху капіталу, свабодная купля-продаж акцыяў прадпрыемстваў усіх формаў уласнасьці». (Зь перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі, 2015)

Што атрымалася. Прыкметаў стварэньня паўнавартаснага фінансавага і фондавага рынкаў не відаць. Акцыі дзяржаўных прадпрыемстваў («Беларуськалій», МАЗ, БелАЗ, НПЗ, МЗКТ, «Гродна Азот», усе яны адкрытыя акцыянэрныя таварыствы) купіць немагчыма.

7. Сярэдні заробак мусіў «наблізіцца да 1000 даляраў»

«Да 2015 году мы павінны наблізіць памеры заработнай платы да тысячы даляраў у эквіваленце. Гэта найвышэйшыя ў нашай гісторыі тэмпы росту заробкаў і даходаў насельніцтва».

«Што я вам цьвёрда абяцаю — і ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасьці ў будучай пяцігодцы размовы пра заработную плату будуць зьнятыя цалкам. Цалкам!» (З дакладу Лукашэнкі на Ўсебеларускім народным сходзе 6 сьнежня 2010)

Што атрымалася. У сьнежні 2015 году сярэдні заробак у Беларусі склаў 400 даляраў, а ў студзені 2016 году ўвогуле ўпаў да 315 даляраў. Па гэтым паказьніку краіна была адкінутая ў 2009 год. У лістападзе 2019 году сярэдні заробак склаў 528 даляраў у эквіваленце.

8. Пэнсійны ўзрост «ня мелі намеру» павялічваць

«Я ўжо ня раз казаў і сёньня хачу падкрэсьліць — мы ня маем намеру павялічваць пэнсійны ўзрост, ламаць існую сыстэму». (З дакладу Лукашэнкі на Ўсебеларускім народным сходзе 6 сьнежня 2010)

Што атрымалася. 11 красавiка 2016 году Лукашэнка падпісаў указ № 137, на падставе якога штогод, пачынаючы з 1 студзеня 2017 году, мінімальны ўзрост для афармленьня працоўнай пэнсіі пачаў павялічвацца на 6 месяцаў і да пачатку 2022 году складзе 58 гадоў для жанчын і 63 гады — для мужчын. Сёлета ён складзе 57 гадоў для жанчын і 62 — для мужчын.

9. Жыльлё мусіла стаць даступным

 «Будаўнічы патэнцыял краіны павінен забясьпечыць увядзеньне да 2015 году 42 млн кв. мэтраў жыльля, што ў 1,6 раза больш, чым у бягучай пяцігодцы». (З дакладу Лукашэнкі на Ўсебеларускім народным сходзе 6 сьнежня 2010)

Што атрымалася. Насамрэч да 2015 году было ўведзена ў эксплюатацыю толькі 25,8 млн кв. мэтраў жыльля. Рэзка скарацілася магчымасьць атрымаць льготныя крэдыты на будаўніцтва кватэры ці дому. У 2019 годзе ў чарзе на паляпшэньне жыльлёвых умоваў стаялі 664 тысячы беларусаў.

10. Праблему з дэфіцытам мэдыкаў абяцалі вырашыць

«Пытаньне аб поўным укамплектаваньні паліклінік і лякарняў неабходнымі спэцыялістамі павінна быць вырашана канчаткова. Гэтая праблема, роўна як і чэргі ў паліклініках, мусіць адысьці ў мінулае». (З дакладу Лукашэнкі на Усебеларускім народным сходзе 6 сьнежня 2010)

Што атрымалася. Дэфіцыт мэдычных работнікаў у краіне з кожным годам абвастраецца. З прычыны нізкіх заробкаў і кепскіх умоваў працы беларускія дактары і мэдсёстры зьяжджаюць за мяжу.

Паводле зьвестак на 29 ліпеня 2019 году, у нацыянальнай базе вакансіяў было 3407 прапаноў для лекараў і 3327 прапаноў для мэдычных сясьцёр. Чэргі ў мэдычныя ўстановы — вечны галаўны боль ува ўсёй краіне, у тым ліку ў сталіцы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(40)