Общество
Мікола Чарняўскі, photo.bymedia.net і vytoki.net

10 фактаў з жыцця Алеся Бяляцкага

«Салідарнасць» перагортвае старонкі жыцця праваабаронцы Алеся Бяляцкага, якому пагражае да 7 год турмы, і ўзгадвае, як ён у маладосці ўдзельнічаў у падпольнай групоўцы, за што яму далі ганаровае грамадзянства Генуі і які кампрамат на яго друкавала «Советская Белоруссия».

1. Алесь Бяляцкі нарадзіўся ў Карэліі ў 1962 годзе. Туды з Беларусі пераехала яго сям’я ў пошуках лепшай долі.

2. Будучы праваабаронца пачаў актыўна размаўляць па-беларуску ў часы студэнцтва. У 1981 годзе ў Гомелі ён першым на факультэце стаў паўсюль размаўляць на роднай мове. Калі ён сканчаў універсітэт, там па-беларуску размаўлялі ужо некалькі дзесяткаў чалавек.

1980 год. У Ялце на магіле Максіма Багдановіча

3. Алесь Бяляцкі ў маладосці прымаў актыўны ўдзел у нефармальнай, фактычна падпольнай групоўцы. Па яго словах, яе асноўнай залачай была пабудова незалежнай Беларусі. З таварышамі ён набываў друкавальныя машынікі і вырабляў улёткі.

4. Алеся Бяляцкага яшчэ ў 80-я гады вербавала КДБ – калі ён быў старшынёй аб’яднання маладых літаратараў «Тутэйшыя». На першым жа спатканні Бяляцкі адмовіўся працягваць нейкія кантакты.

5. Калі Алесь Бяляцкі ў 1996 годзе ўзначаліў «Вясну», то не разлічваў, што яму давядзецца займацца праваабарончай дзейнасцю столькі шмат год. Арганізацыя была створана пасля першых разгонаў вулічных дэманстрацый у Беларусі.

1987 год. Алесь Бяляцкі на акцыі-заплыве беларускіх і латыскіх маладзёвых суполак супраць будаўніцтва Дзвінскай ГЭС

6. У сакавіку 2006 году Вацлаў Гавэл уручыў Алесю Бяляцкаму за праваабарончую дзейнасць прэмію Homo Homini.

7. Алеся Бяляцкі двойчы вылучаўся на Нобелеўскую прэмію ў галіне міру. У 2007 годзе віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, па яго словах, быў у так званым шорт-спісе найбольш верагодных кандыдатаў.

8. Муніцыпалітэт гораду Генуя ў 2010 годзе надаў старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» ганаровае грамадзянства. Італьянская грамадзкасць такім чынам выказала сваю занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

Ганаровае грамадзянства Генуі надаецца аднаму чалавеку на год. Гэтага статусу ў розныя гады ўдастойваліся такія вядомыя ва ўсім свеце асобы, як Лех Валенса, Міхаіл Гарбачоў, Шымон Пэрэс.

1995 год. На мітынгу ў Верхнім горадзе

9. На Алеся Бяляцкага, як і на многіх прадстаўнікаў грамадзянскай супольнасці і апазіцыі, у пачатку 2011 года надрукавала кампрамат «Советская Белоруссия». У артыкуле «За кулисами одного заговора...» прысутнічаў «фрагмент электроннай перапіскі па сістэме «Скайп», дзе нібыта Бяляцкі размаўляў пра фінансавыя справы з каардынатарам польскага фонда «Свабода і дэмакратыя».

Па словах Алеся Бяляцкага, такой размовы не было і «Советская Белоруссия» надрукавала ману.

10. Любімы дэвіз Алеся Бяляцкага: «Як будзе, так і будзе». Найлепшая парада, якую, ён, па яго словах, атрымаў: «Трымай язык за зубамі».

У тэксце выкарыстаны матэрыялы выданняў «Наша Ніва», «Свободные новости», euramost.org, а таксама «Радыё Свабода» і «Еўрарадыё».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)