10 фактаў пра Аркадзя Куляшова — аўтара «Камсамольскага білета» і паэмы пра Каліноўскага
6 лютага спаўняецца 110 год з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова.
Аркадзя Куляшова называюць беларускім паэтам-вундэркіндам. І небеспадстаўна — свае першыя вершаваныя спробы ён робіць у чатырохгадовым узросце.
Тады ж пачынае збіраць першыя творы ў імправізаваныя зборнікі — усяго ў юнага паэта назбіралася вершаў на два сшыткі, якія ён аб’яднаў пад назвай «Собрание сочинений Кулешова-Несчастного».
Дэбютаваў Куляшоў у 12 гадоў у Клімавіцкай акруговай газеце «Наш працаўнік» пад псеўданімам Аркадзь Дуда з вершам «Ты мой брат». А праз год ягоныя вершы трапілі ў рэспубліканскі друк.
Першая кніга вершаў паэта выйшла, калі яму споўнілася 16. Зборнік «Росквіт зямлі» рэдагаваў паэт Міхась Чарот, які так моцна пачысціў яго ад найбольш узнёслых вершаў, што абураны Куляшоў у наступнай сваёй кнізе зрабіў адмысловую пазнаку «Першая кніга паэзіі».
А ўжо ў 20 год малады паэт стаў сябрам Саюза пісьменнікаў. Гэта і праўда фантастычны ўзлёт для вясковага хлапчука.
Першыя вершы Куляшоў пісаў па-руску. Ён вырас на Магілёўшчыне ў вёсцы Саматэвічы. Да 1924-га тыя землі былі ў складзе Расіі.
Бацькі паэта былі вясковымі настаўнікамі. У іх доме было шмат літаратуры, найперш расійскіх паэтаў. З малых гадоў ён чуў вершы Лермантава, Пушкіна і Някрасава.
Захапленне расійскай ды ўкраінскай літаратурай дала свой плён: Куляшоў з маладых гадоў захапіўся перакладам класічных твораў Шаўчэнкі і Пушкіна, Лермантава і Маякоўскага. А таксама Гамзатава, Ясеніна, Катлярэўскага ды многіх іншых.
Пры жыцці паэт не афішаваў паходжанне сваёй маці Кацярыны, у дзявоцтве Ратабыльскай. Яна паходзіла са здрабнелага шляхецкага роду.
Бацька паэта Аляксандр Куляшоў валодаў трымя славянскімі мовамі. Пры гэтым ягоны прадзед Фелікс Мільта быў сынам арганіста-італьянца, які прыехаў на Магілёўшчыну з Польшчы.
Дачка паэта Валянціна пазней казала, што пасля знаёмства з гэтай сямейнай гісторыяй ёй стала зразумела, адкуль у бацькі такі паўднёвы тэмперамент.
Няпростае выпрабаванне чакала Аркадзя ў 1924-м. Ягоная маці трапіла ў турму, бацька не падтрымаў яе, падаў на развод і пераехаў з дзецьмі ў іншы дом.
Хлопчык не змірыўся з гэтым і вярнуўся ў стары дом. Там і жыў, пакуль вучыўся ў школе-сямігодцы. У хату пусціў жыць іншых вучняў, так утварылася імправізаваная дзіцячая камуна. Пра яе паэт напіша ў аўтабіяграфічнай паэме «Далёка да акіяна», у раздзеле «Восем і адна».
Восем хлапчукоў і адна дзяўчынка. Старэйшая за Куляшова на два гады Аляксандра Карыткіна, ягонае першае каханне, якое накладзе адбітак на ягоную творчасць на дзесяцігоддзі.
Юначае каханне, магчыма, было ўзаемным, але Аляксандра выбрала вучобу, а не паэта. Гэта быў цяжкі ўдар. У 1928-м у часопісе «Полымя» выйшаў ягоны верш «Бывай…», які амаль праз паўстагоддзя ляжа ў аснову песні Ігара Лучанка «Алеся».
Так, тая самая «Алеся», якая ў 1970-я ў выканні «Песняроў» стане хітом у СССР.
У гэтага верша цікавая гісторыя. У зборнік «Мая Бесядзь», што выйшаў у 1973-м, уключаны аднайменны твор, датаваны 1928-м. Пры гэтым у ім аднолькавы толькі першы радок: «Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая». Хоць, безумоўна, прысвечаныя абодва верша ўсё той жа Сашы-Алесі. Больш падрабязна пра гэтую літаратурную загадку расказвае ў адной са сваіх перадач паэт Андрэй Хадановіч:
Дарэчы, з куляшоўскіх твораў «Песняры» спявалі не толькі «Алесю». Па-беларуску і па-руску яны выконвалі «Камсамольскі білет» — многія з нас павінные ведаць песню пра юнака, які «цвёрда трымаўся на дапросе». У іх рэпертуары была таксама куляшоўская «Балада пра маці», а таксама прысвячэнне партызану Мінаю Шмырову — «Балада пра чатырох заложнікаў».
А ў 2004-м «Камсамольскі білет» загучаў у выкананні Neuro Dubel у альбоме «Tanki».
Сяброўства з «ворагамі» народа — ёсць і такі эпізод у біяграфіі шчырага камуніста Аркадзя Куляшова. У 1928-м ён паступіў у Мсціслаўскі педтэхнікум, дзе пасябраваў з Юліем Таубіным і Змітраком Астапенкам. У літаратурным асяродку іх потым доўгі час называлі мсціслаўцамі, бо яны не раз пісалі разам.
Першы будзе расстраляны ў чорную кастрычніцкую ноч 1937-га, другі загіне падчас Другой сусветнай вайны ў Чэхаславаччыне. Гэта афіцыйная версія, альтэрнатыўная ж сведчыць пра тое, што паэт мог перажыць вайну, але не пазбег трэцяга арышту ў 1949-м.
Сталінскія рэпрэсіі зачапілі і сям’ю Куляшова. Ён быў жанаты на Аксане Вечар са Случчыны. Мужам яе роднай сястры Ніны быў пісьменнік Платон Галавач. Яго расстраллялі ў адну ноч з Таубіным. А Ніну арыштавалі праз тыдзень пасля смерці мужа і на восем гадоў выслалі ў лагеры Казахстана.
На Куляшова ціснулі, каб ён кінуў жонку праз яе сувязь з «ворагамі народа». Ён жа адкінуў гэтыя «прапановы», а Аксане сказаў: «Грош цана таму паэту, які здольны на здраду».
Быў рэпрэсаваны і муж Аляксандры Карыткінай Белазораў. Яна прасіла дапамогі ў паэта ў лісце. Ён мала чым мог дапамагчы, бо і сам быў пад падазрэннем. Але з таго часу яны перапісваліся цягам ягонага жыцця.
З пачатку ўварвання гітлераўцаў у СССР Куляшоў працаваў ваенным карэспандэнтам у газеце «Знамя Советов». А з 1943-га — у штабе партызанскага руху. Меў баявыя ўзнагароды. А за напісаную ў 1942-м паэму «Сцяг брыгады» праз чатыры гады атрымаў Сталінскую прэмію 1 ступені.
Бацька паэта ў вайну жыў пад акупацыяй у Хоцімску. Мясцовыя жыхары абралі яго для працы ў нямецкай камендатуры, нібыта без ягонага жадання. Неўзабаве па яго прыйшлі гестапаўцы, а потым былі канцлагеры.
Па вайне Аляксандра Куляшова ад немінучай адпраўкі у ГУЛАГ выратаваў аўтарытэт знакамітага сына. Але бачыцца публічна яны не маглі яшчэ доўга.
Паэт не напісаў ніводнага верша цягам пяці гадоў пасля ХХ з’езда КПСС, у часе якога быў асуджаны культ асобы Сталіна. У яго здарыўся працяглы творчы крызіс. Але ўжо першы ж пасля працяглай паўзы паэтычны зборнік «Новая кніга» прынёс яму Ленінскую прэмію.
А ў 1965-м выйдзе «Маналог» — зборнік вершаў, напісаных пасля таго, як ягоныя сябры Таўбін і Астапенка былі афіцыйна рэабілітаваныя.
Вяртанне да трагічнай тэмы загінулых паплечнікаў-мсціслаўцаў было няпростым для Куляшова. Па словах блізкіх, ён дакладна ведаў пра хлуслівасць афіцыйнай версіі іх смерці. Але ў вершы-прысвячэнні згадаў менавіта яе. І ўсё адно сапраўдныя ягоныя перажыванні прабіліся праз страх і самацэнзуру:
Нядоўгім быў ваш век, як век падзёнак,
Мае сябры!.. Суровы сівер змёў
Са старту вас. Вы — кнігі без старонак,
Лісты без дрэў, дарогі без слядоў.
У апошнія гады жыцця Куляшоў пісаў пра Каліноўскага. Легендарнаму паўстанцу ён прысвяціў паэму «Хамуціус». Такім было адно з канспіратыўных прозвішчаў Каліноўскага. Над паэмай паэт працаваў у Нясвіжы.
Вось як пра тую працу згадваў вязень сталінскіх лагераў Сяргей Грахоўскі:
— Імглістым, туманным красавіком 1975 года я прыехаў далечвацца ў нясвіжскі санаторый. У сталоўцы сустрэў Куляшова. Ён падсеў да мяне, распытаў пра мінскія навіны, сказаў, што працуе над паэмай пра Каліноўскага. Для маіх суседзяў было навіною, што побач з імі жыве славуты паэт, аўтар з маленства любімых вершаў і паэм. А ён звычайна прыходзіў у сталоўку раней, хуценька абедаў і непрыкметна знікаў у свой пакой над брамаю колішняга радзівілаўскага палаца.
Я шмат гуляў па замчышчы, па парку, а вось яго ніяк не ўдавалася выцягнуць на праходку. «Працую, браце, працую. Няма часу», — быў адзіны адказ.
Вартаўнікі санаторыя расказвалі, што ў вокнах над брамаю да раніцы гарыць святло. Я спрабаваў ушчуваць Аркадзя, што так ірвацца нельга. Ён спасылаўся на бяссонне і захопленасць работаю: «Разумееш, не магу адарвацца. Так даўно не пісалася. Вось пастаўлю апошнюю кропку, пачытаеш».
Паводле той паэмы ў 1981-м Тэатр Беларускага радыё паставіў аднайменны радыёспектакль, за які творчая група атрымала Дзяржпрэмію Беларусі.
Куляшоў памёр у Нясвіжы, у тым жа санаторыі, у ноч з 3 на 4 лютага, за два дні да свайго 65-годдзя. Сярод рукапісаў былі знойдзены апошнія ягоныя творы. У тым ліку і верш «Карусель», другі па ліку верш пад такой назвай. Першы быў прысвечаны юначаму каханню. Другі, фактычна, стаў развітаннем з багатым на падзеі і творчыя поспехі жыццём:
Праплывае міма пабрацімства,
Коні, коні дыхаюць гарача.
Каруселі кружаць, а дзяцінства
У баку стаіць маё – і плача.
Читайте еще
Избранное