Ідэолягі афіцыйна зьвінавацілі Вайцюшкевіча ў экстрымізьме

Менскія ўлады далі пісьмовы адказ у сувязі з адмовай у выдачы гастрольнага пасьведчаньня на канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча.

Чарговая спроба зладзіць канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча ў Менску скончылася няўдала. Упраўленьне ідэалягічнай работы Менгарвыканкама не выдала гастрольнае пасьведчаньне на выступ вядомага беларускага выканаўцы, якое плянавалася на 22 ліпеня. Вайцюшкевіч меўся паказаць праграму на вершы Ўладзімера Маякоўскага з нагоды дня народзінаў паэта ў Доме Масквы. Папярэдняя згода зь пляцоўкаю была дасягнутая.

Калі раней выступы Вайцюшкевіча зрываліся з надуманых прычынаў, проста па тэлефанаваньню зьверху(прыклады – Ворша, Полацак, калядны канцэрт у Менску, канцэрт у межах «Жывога Тузіна» ды інш.), то ў гэтым выпадку чыноўнікі ўпершыню далі афіцыйнае тлумачэньне за подпісам першага намесьніка начальніка галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі – кіраўніка ўпраўленьня культуры Менгарвыканкама (так афіцыйна гучыць пасада) Віталіны Рудзікавай.

Адмова ў выдачы гастрольнага пасьведчаньня зьвязаная з тым, што дзейнасьць выканаўцы, на думку чыноўніцы, падпадае пад дзеяньня пункта 5 главы 2 указа кіраўніка дзяржавы №257. У ім вядзецца пра тое, што арганізацыя і правядзеньне канцэртаў, якія маюць на мэце ажыцьцяўленьне прапаганды вайны ці экстрымісцкай дзейнасьці; прадстаўляюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы, грамадзкаму парадку, маральнасьці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзян; парушаюць іншыя акты заканадаўства, у тым ліку аб аўтарскім праве і сумежных правах.

Да гэтай высновы Віталіна Рудзікава прыйшла пры «вывучэньні дзейнасьці» Зьмітра Вайцюшкевіча. Але спасылкі і прыклады, якія б пра гэта сьведчылі, не прывяла. У размове з арганізатарам канцэрту Вайцюшкевіча ідэоляг заявіла, што «паслухала аўдыё і паглядзела відэа» у сеціве і асабіста прыняла рашэньне не дазваляць мерапрыемства. Канкрэтна да Маякоўскага чыноўніца прэтэнзіяй ня мела, яна ўдакладніла, што справа тычыцца канкрэтна творчасьці Вайцюшкевіча.

Сам Зьміцер у камэнтары для Tuzin.fm адказаў на кожны пункт першага афіцыйнага абвінавачваньня ў свой бок:

– У мяне гэты дакумэнт выклікае поўную збянтэжанасьць. Ніводная зь пералічаных падставаў ня мае нічога супольнага з маёй творчасьцю. У маіх сьпевах няма ані прапаганды вайны, ані экстрымізму. Наадварот – я імкнуся славіць Беларусь з дапамогай песень на вершы як беларускіх, так і замежных паэтаў. Можа буду нясьціплым, але мне здаецца, што мае творы зусім не пагражаюць здароўю насельніцтва, а наадварот – лякуюць слухачоў і прыносяць толькі пазытыўныя эмоцыі, пра што магу меркаваць з сваіх канцэртаў, на якія людзі прыходзяць сем’ямі. Што тычыць аўтарскіх правоў, то тут таксама за ўвесь час ня меў аніякіх пытаньняў і нават на музыку Моўчана сьпяваў без наступстваў.

Маючы на руках афіцыйную адмову ў правядзеньні канцэрту, сьпявак можа аспрэчыць гэтае рашэньне. І ён дэкляруе сваю гатоўнасьць: «Канечне, хацелася, каб чыноўнікі адказвалі за свае словы і больш уцямна абгрунтоўвалі сваю пазыцыю. Таму я гатовы адстойваць у судзе права займацца сваёй улюбёнай справай у сваёй краіне для сваіх слухачоў».

За час існаваньня практыкі забароны канцэртаў у Беларусі, гэта толькі другі выпадак, калі арганізатары атрымалі афіцыйны ліст. Летась такую ж паперу за подпісам тойсама Рудзікавай атрымаў гурт Amaroka.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)