Скандалы
Зміцер Панкавец, «Наша Ніва»

KYKY.ORG заблакавалі «па просьбе» эмігранта Вячаслава Дзіянава?

Становяцца вядомымі падрабязнасці абмежавання доступу да сайта kyky.org. Высветлілася, што з лістамі ў Міністэрства інфармацыі звяртаўся эмігрант Вячаслаў Дзіянаў.

Яго абурыў тэкст Аляксандра Кныровіча «Подзвіг аднаго – заўсёды злачынства іншага», дзе была зробленая спроба асэнсавання Дня Перамогі і падзей Вялікай Айчыннай вайны.

«За апублікаваны тэкст трэба адказваць з усёй строгасцю перад кампетэнтнымі органамі», - напісаў Дзіянаў. Сам матэрыял Кныровіча ён назваў «нацысцкай адрыжкай». Дзіянаў заклікаў усіх неабыякавых звяртацца ў Міністэрства інфармацыі і Генеральную пракуратуру дзеля праверкі той публікацыі.

Некалькі дзён таму Вячаслаў Дзіянаў апублікаваў адказ намесніка міністра інфармацыі Ігара Луцкага, дзе гаворыцца, што «ў дадзены момант разглядаецца пытанне аб прымяненні мер адказнасці да адпаведнага інфармацыйнага рэсурса». Праз чатыры дні kyky.org заблакавалі.

Вячаслаў Дзіянаў стаў знакамітым пасля маўклівых акцый пратэсту ў 2011 годзе. Ён быў адным з тых, хто вёў суполкі акцый пратэсту ў сацыяльных сетках. Пасля выбараў 2010, на якіх Дзіянаў падтрымліваў Алеся Міхалевіча, ён з’ехаў у Польшчу. Вучыўся на праграме Каліноўскага, але быў адлічаны за непаспяховасць.

За апошнія некалькі гадоў Дзіянаў «перафарбаваўся» ў патрыёта Расіі. Бэсціць «украінскіх бандэраўцаў» і ўсхваляе байцоў «ДНР» і «ЛНР». Хоча атрымаць грамадзянства Расіі. Быў нават розыгрыш, калі Дзіянаву прапаноўвалі працу на карысць Расіі і ён пагадзіўся. Цяпер Дзіянаў пачаў пісаць лісты ў дзяржструктуры, пры гэтым застаючыся жыць у Польшчы. З беларускай апазіцыяй Дзіянаў не мае дачыненняў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)