Прэмію Гедройца атрымаў Віктар Казько
Увечары 1 чэрвеня ў Мінску назвалі пераможцаў чацвёртай літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. На яе прэтэндуюць аўтары беларускамоўных кніг у жанрах мастацкай прозы і эсэістыкі.
Віктар Казько
Галоўную прэмію за найлепшую беларускамоўную прозу, а таксама прыз чытацкага галасавання атрымаў Віктар Казько з кнігай «Час збіраць косці».
Кніга, як кажа аўтар, была напісаная каля 20 год таму, але, як ні дзіва, засталася актуальнай сёння. У яе ўвайшлі аповесці «Час збіраць косці», «Прахожы», «І нікога, хто ўбачыць мой страх». Падарожжа аўтара па чалавечай памяці суправаджаецца філасофскімі, містычнымі, але ўсё ж аптымістычнымі думкамі.
Таццяна Барысік
ІІ месца, а разам з тым пераклад кнігі на польскую мову або творчую стыпендыю ў Вісбю, Швецыя, узяла Таццяна Барысік за кнігу «Жанчына і леапард».
Зборнік апавяданняў утрымлівае непрыдуманыя гісторыі з паўсядзённага жыцця беларускай правінцыі нашага часу.
Альгерд Бахарэвіч
ІІІ месца, што дае ў якасці ўзнагароды творчую стыпендыю ў Вентспілсе, Латвія, атрымаў Альгерд Бахарэвіч за кнігу «Дзеці Аліндаркі».
Раман распавядае пра дзяцей-пацыентаў Лагера – загадкавай установы, у якой лёс вядзе іх на мяжы казкі і антыўтопіі.
***
У склад журы ўвайшлі Уладзімір Арлоў, Ігар Бабкоў, Малгажата Бухалік, Адам Глобус, Ганна Кісліцына, Андрэй Федарэнка, Ціхан Чарнякевіч і Ганна Янкута.
Арганізатары прэміі вырашылі асобна ганараваць словамі падзякі і дыпломам найлепшага інфармацыйнага партнёра беларуская служба «Радыё Свабодная Еўропа – Радыё Свабода».
Папярэднімі лаўрэатамі прэміі Гедройца былі Павел Касцюкевіч («Зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту», 2012), Уладзімір Някляеў («Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без», 2013), Ігар Бабкоў («Хвілінка. Тры гісторыі», 2014).
Арганізоўваюць конкурс Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі, Польскі інстытут у Мінску; фундатар узнагароды — «Ідэя Банк».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное