Міністар інфармацыі Лілія Ананіч вынесла папярэджаньне парталу Tuzin.fm

«Тузін» у шоку. У лісьце зь Міністэрства інфармацыі Беларусі за подпісам міністаркі Ананіч вядзецца пра тое, што ўладальніку сайту Tuzin.fm вынесена папярэджаньне «за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі, якая можа нанесьці шкоду дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам».

Ліст прыйшоў на рэдакцыйную скрыню нашага парталу з афіцыйнай электроннай скрыні Міністэрства інфармацыі. У ім даводзіцца са спасылкаю на «падпункт 1.2 пункта 1 артыкула 49 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі», што ўладальніку рэсурсу Tuzin.fm выносіцца пісьмовае папярэджаньне «за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі, якая можа нанесьці шкоду дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам».

У лісьце таксама зазначана, што за вынясеньне цягам году двух і больш папярэджаньняў, а таксама за невыкананьне патрабаваньняў дзяржаўнага органа аб устраненьні парушэньняў, доступ да рэсурсу можа быць абмежаваны. Пры гэтым не пазначана за якія канкрэтна парушэньні вынесена папярэджаньне.

Ліст ад Міністэрства інфармацыі Беларусі дасланы па-расейску.

У адказ на гэты ліст кіраўнік Tuzin.fm Сяргей Будкін даслаў у Міністэрства інфармацыі ўсе зьвесткі, якія просіць прадаставіць Лілія Ананіч.

«Наш партал працуе ўжо 12 год і за гэты час зрабіў нямала для таго, каб пра беларускую музыку дазналіся як мага болей людзей. Мы напісалі тысячы матэрыялаў (праўдзівых, а як жа ж яшчэ!) пра нашых выканаўцаў, прадставілі вялізарную колькасьць песень і альбомаў, правялі з сотню канцэртаў, рэалізавалі дзесяткі грамадзказначных праектаў, сярод якіх «Перазагрузка», «Апошні золак», «Тузін. Немаўля», «Засьпявай.by».

І гэта проста нямысьліма пачуць пасьля гэтага ад чыноўнікаў, што мы шкодзім дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам. Мы вельмі спадзяемся, што з боку Міністэрства выйшла недарэчнасьць і яна будзе папраўлена ў хуткім часе», – заяўляе з гэтай нагоды Сяргей Будкін.

Сытуацыю пракамэнтаваў кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. «Гэта ня першы выпадак, толькі што падобныя лісты атрымала таксама «Радыё Рацыя» і сайт «Свабодны рэгіён». Пакуль няясна мэта Міністэрства інфармацыі. Магчыма яны хочуць узяць сайты пад свой кантроль, а магчыма заблякаваць. Тэарэтычна такая магчымасьць існуе».

Tuzin.fm дае сваім наведнікам дакладную і правераную інфармацыю і прызнае памылкі, калі яны здараюцца. Маем спадзеў, што ўвага да нашага парталу аніяк не зьвязана з тым, што мы адсочваем сытуацыю з забаронай канцэртаў у Беларусі, а таксама з правядзеньнем канцэрту Зьмітра Вайцюшкевіча ў межах нашай акцыі «Жывы Тузін», які быў сарваны ў лютым гэтага году. А тым больш не з справай «Моўчан vs.Naka», за вынік якой адказнасьць на сябе ўзяў «Тузін».

Мы зьвярнуліся ў Міністэрства інфармацыі з просьбай даць канкрэтныя тлумачэньні з нагоды вынесенага папярэджаньня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)