Общество
Алег Ягораў

«Айцец Аляксандр Надсан выправіўся ў сваё апошняе падарожжа з Лондану ў Беларусь сваёй мары»

Сваімі ўспамінамі пра духоўнага лідара беларускай эміграцыі дзеляцца пісьменнік Уладзімір Арлоў і журналіст Кастусь Лашкевіч.

У Лондане на 89-ым годзе жыцця памёр уніяцкі святар айцец Аляксандар Надсан. Пра гэта Радыё Свабода паведамілі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Вялікай Брытаніі.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла ў інтэрв'ю Радыё Свабода заявіла, што «смерць айца Надсана — гэта вялікая страта для нацыянальнага руху і для Беларусі. Гэтага светлага чалавека будзе не хапаць усім, у каго сэрца баліць за нашу Бацькаўшчыну».

Аляксандар Надсан нарадзіўся 8 жніўня 1926 года ў Нясьвіскім раёне. З восені 1944 года ваяваў у арміі Андэрса, якая была ў складзе Брытанскіх узброеных сіл. У Вялікай Брытаніі — з 1946 г., быў адным з заснавальнікаў Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі.

Айцец Аляксандар Надсан — аўтар некалькіх кніг па гісторыі Беларусі, быў кіраўніком беларускай бібліятэкі імя Скарыны ў Лёндане (найлепшага збору беларусікі ў Заходняй Эўропе), старшынём Камітэту дапамогі ахвярам чарнобыльскай катастрофы.

«Айцец Аляксандр сказаў, што жыццё яго набліжаецца да заканчэння, але ён шчаслівы…»

Пісьменнік Уладзімір Арлоў распавёў пра сустрэчы з айцом Аляксандрам Надсанам і апошнюю размову з ім.

— На маім шляху траплялася шмат святароў розных канфесій, але не было сярод іх духоўнай асобы, якая адпавядала б святарскаму званню болей за айца Аляксандра Надсана. Ён быў чалавекам не проста светлым —прасветленым. Ён сапраўды мог здавацца святым пры жыцці.

Я знаёмы з ім з пачатку дзевяностых, з таго самага часу, калі ён спрычыніўся да дзіва адраджэння беларускай уніяцкай царквы, упершыню прыехаўшы ў Менск. Потым мы не раз сустракаліся з айцом Аляксандрам і ў Менску, і ў Лёндане, дзе дзякуючы ягоным запрашэнням я меў шчаслівую магчымасць працаваць у лёнданскай беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны. Ён вадзіў мяне па беларускім музэі, які знаходзіцца ў адным будынку з бібліятэкай, дзе, дзякуючы ў тым ліку і руплівасці айца Аляксандра Надсана, захоўваюцца рукапісы Купалы, Коласа, Ластоўскага, дзе можна ўзяць ў рукі  «Хроніку Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні, выдадзеную ў 1581 годзе, — гэта накарыстоўнейшая гістарычная крыніца часоў Вялікага Княства Літоўскага.

Калі б мы жылі ў іншай Беларусі, айцец Аляксандр быў бы вядомы ўсім у краіне, можа быць, найперш дзякуючы гуманітарнай працы пасля чарнобыльскай катастрофы, калі ён нястомна вазіў сюды медыкаменты, арганізоўваў гуманітарныя канвоі з Вялікабрытаніі. Безумоўна, ён бы быў вядомы як святар, як гісторык царквы, як аўтар бліскучых даследванняў. За сваю дзейнасць ён варты, на маю думку, самых высокіх беларускіх дзяржаўных узнагародаў, але ўсё гэта было б, калі б мы жылі ў іншай Беларусі.

Сталася так, што ў свой апошні прыезд пяць гадоў таму айцец Аляксандр вянчаў майго сына Багдана. Потым мы адзначалі гэтую падзею ў музэі пад адкрытым небам у Строчыцах, і там адбыўся такі момант, калі айцец Аляксандр зайшоў у драўляную колішнюю ўніяцкую цэркаўку, і здарылася дзіва: гэтая пустая цэркаўка пры ягоным з'яўленні проста ажыла. Вось такія ўражанні ад апошняй сустрэчы з айцом Аляксандрам.

Літаральна днямі мне ўдалося пагаварыць з ім па тэлефоне. У мяне на стале ляжаў важкі том выбраных ягоных прац, які выйшаў нядаўна ў мінскім выдавецтве «Кнігазбор». Айцец Аляксандр сказаў, што жыццё яго набліжаецца да заканчэння, але ён шчаслівы, што яму вельмі шмат удалося ў жыцці.

«Ён выпраменьваў святло ды сеяў добрае, выбудоўваючы беларускі свет»

Сваімі ўспамінамі пра Аляксандра Надсана для «Салідарнасці» падзяліўся журналіст Кастусь Лашкевіч.

— Айцец Аляксандр быў святаром ад Бога, беларусам да мозгу касцей, гуманістам, інтэлектуалам і інтэлігентам найвышэйшага гатунку. Ён выпраменьваў святло ды сеяў добрае, выбудоўваючы і пашыраючы беларускі свет на сусветных абсягах — ад роднай Гародзеі да Лондану, ад Нью-Ёрку да Мельбурну.

Аляксандр любіў людзей, для іх жыў, служыў, ствараў ды падарожнічаў. Найлепей гэта адчувалася ў сценах Беларускага рэлігійнага і культурнага цэнтра імя св. Кірылы Тураўскага на поўначы Лондану, які стаўся гасцінным домам для соцень-тысяч беларусаў з усіх канцоў планеты. І для кожнага новага госця ён з радасцю, гонарам і імпэтам, нібыта ўпершыню, праводзіў экскурсію па Скарынаўскай бібліятэцы і музею, дэманструючы скарбы шматвяковай беларускай гісторыі.

У гэтай “беларускай вёсцы”, дзе мне пашчасціла правесці ці не два гады жыцця, айцец Аляксандр стварыў мініяцюрную Беларусь, што стала адным са слупоў незалежнай Рэспублікі Беларусь, аб светлай будучыні якой Надсан мроіў усё жыццё.

Ніколі не забудуся нашых размоваў у ягоным утульным кабінеце на другім паверсе дома №37 на Holden Road, дзе заўжды гучала "Радыё Свабода" ці BBC, працаваў камп'ютар, у браузэры якога заўжды былі адкрыты сайты з беларускімі навінамі, а ў дакуменце Word  — чарговы пераклад, успаміны ці артыкул, над якім ён нястомна працаваў. Прыгубіўшы салодкай настойкі, айцец Аляксандр з ахвотай распавядаў эпізоды са шматлікіх жыццёвых сустрэчаў — заўжды з гумарам, іроніяй, пазітывам. “Беларусы самі бараны таксама”, — айцец Аляксандр вельмі любіў паўтараць гэтае выслоўе духоўнага настаўніка айца Язэпа Германовіча. І ў гэтай іранічнай фразе адчуваўся ўвесь ягоны боль і клопат аб тым, што ж адбылося з любай Беларуссю ў апошнія 20 год, і што чакае беларускі народ у будучыні.

Ён любіў паўтараць, што ёсць найперш святаром. І быў святаром ад Бога. Не з’яўляючыся вернікам, я рэгулярна наведваў багаслужбы айца Аляксандра ў лонданскай капліцы святых Пятра і Паўла, атрымліваючы сапраўдную асалоду ад ягоных глыбокіх філасофскіх казанняў і напаўторнай беларускай атмасферы. У гаспадарстве айца Аляксандра я пачуваўся ў большай Беларусі, чым на радзіме.  

Цешыць, што людзі вакол разумелі маштаб ягонай асобы, аддаючы належнае яму яшчэ пры жыцці. Надзвычай сціплы чалавек, айцец Аляксандр гэтага не паказваў, але адчуваў. І цаніў. Вось і будучы цяжка хворым, ён маліў Бога, каб той адпусціў яго ў лепшы свет — не мог трываць уласнай фізічнай слабасці ды не жадаў чыніць клопаты блізкім.

Дзе б ён ні быў, айцец Аляксандр Надсан усё жыццё сніў сны ад Беларусі. Цяпер ён выправіўся ў сваё апошняе падарожжа з Лондану ў Беларусь сваёй мары, якую нам усім яшчэ належыць урэчаісніць. Тады і выканаем ягоны запавет. 

Запавет Надсана: «Трэба быць беларусам»

У інтэрв'ю «Народнай волі» у 2010-м Аляксандр Надсан пажадаў беларусам паслядоўна пры ўсіх абставінах пачынаць гаварыць па-беларуску.

— Ідзеш у якую-небудзь установу ці ў краму — гавары па-беларуску. Цябе зразумеюць, не бойся. Можа, нехта скрывіцца, але зразумее. Не чакайце, што нехта загадае, пачынайце з сябе.

Мяне вельмі здзівіла, што толькі пару сем’яў у Магілёве дабіліся таго, што іх дзеці пойдуць у беларускі садок. І гэта на ўвесь вялікі горад. Ну, калі ўлады дазволілі, то дзе ж гэтыя беларусы? Хто ж тады вінаваты, што нічога беларускага няма? Я не кажу, што ўлады не вінаватыя, але дзе ж вы?

...У нас комплекс непаўнавартасці: маўляў, з замежным панам трэба гаварыць на панскай мове. А нармальны чалавек мусіць мець хаця б пачуццё годнасці. Адмова ад роднай мовы — гэта пачатак непавагі да сябе.

Калі пачынаюць гаварыць “Мы славяне...” — усё, гэта канец. Дык і чэхі ж славяне, але яны ж пішуць “чэх”, а не “славянін”. Некалі Гітлер хацеў, каб усе шведы і нарвежцы былі германцамі. Так і тут са славянамі...

Трэба быць беларусам. Гэта вельмі важна. Бо будзе пачуццё сваёй годнасці, і не трэба будзе ні перад кім кланяцца.

«Скарынаўская бібліятэка ў Лондане павінна зрабіцца беларускім аналагам Гётэ-Інстытута»

«Беларуская бібліятэка імя Францішка Скарыны — кавалачак Беларусі, якіх мала ў самой Беларусі, — пісаў журналіст Алесь Чайчыц. — У самы мой першы прыезд у Лондан мне хацелася пабачыць гэтае месца куды больш, чым турыстычныя Таўэр ці Вестмінстэрскае абацтва».

У інтэрв'ю Алесю Чайчыцу святар Аляксандр Надсан прызнаўся:

— Калі б Беларусь была сапраўды незалежнай і беларускай, трэба было б, каб урад пераняў на сябе кіраванне бібліятэкай, і мы б з радасцю яму яе аддалі.

Брытанцы маюць British Council у іншых краінах, немцы — Гётэ-Інстытут. Скарынаўская бібліятэка была б такім беларускім культурным цэнтрам пры амбасадзе Беларусі.

Але пры сучасных абставінах мы не маем маральнага права і не хочам перадаваць бібліятэку ў рукі сучасных уладаў, дзе нават прэзідэнт не размаўляе па-беларуску.

Экскурсія па беларускай бібліятэцы ў Лондане

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)