Общество
Кірыл Іваноў

Сотні сцягоў і стужак, паштоўкі і вышыванкі — як беларусы рыхтуюцца да Дня Волі

«Салідарнасць» высвятляе, як ідзе падрыхтоўка да святкавання 25 сакавіка.

«Мой Дзень Волі»

Напярэдадні святкавання 25 сакавіка ў Сеціве быў распаўсюджаны зварот пад назвай ««Мой Дзень Волі».

«Традыцыйны фармат акцыі — шэсце ў Мінску ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Але наспеў час змяніць гэтую форму — зрабіць “Дзень Волі” масавым ды яскравым святам, у якім хочацца ўдзельнічаць кожнаму. Таму ў гэтым годзе ўсё будзе інакш!

“Мой Дзень Волі” — гэта супольнае свята, якое ўсім нам запомніцца надоўга», — гаворыцца ў звароце. Каб сёлетняе святкаванне стала запамінальным, аўтары звароту прапануюць дзесяць крокаў — падрабязна чытайце тут.

Рух «За Свабоду» заклікае адзначыць Дзень Волі па-бел-чырвона-беламу

Сябры Руху «За Свабоду» падрыхтавалі да Дня Волі 100 бел-чырвона-белых сцягоў. Іх будуць раздаваць удзельнікам святкавання на месцы збору каля кінатэатра «Кастрычнік». Як адзначаюць у арганізацыі, умовай атрымання сцяга мусіць быць наяўнасць міні-харугвы прынамсі з 5 асобаў і высокай вуды.

Таксама да 25 сакавіка на мінскай сядзібе Руху (пр-т Незалежнасці, д. 80 кв. 73, тэл. +375 17 280-88-63) з 11 да 17 гадзін можна атрымаць традыцыйную бел-чырвона-белую стужку.

«Нашы стужкі пасуюць да Вашых аўто, ровараў, заплечнікаў ды вопраткі. Спяшайцеся!», — гаворыцца ў звароце арганізацыі.

Непасрэдна 25 сакавіка актывісты Руху «За Свабоду» таксама павіншуюць стужкамі ў нацыянальных колерах першых удзельнікаў акцыі.

Сюрпрызы да Дня Волі ад «Арт Сядзібы»

Якое свята без віншавальнай паштоўкі? Некамерцыйная арганізацыя «Арт Сядзіба» да Дня Волі выпусціла копію паштоўкі часоў БНР, якой можна павіншаваць сваіх сяброў і родных з нацыянальным святам.

Узаць паштоўку можна на офісе «Арт Сядзібы» (Мінск, пр. Незалежнасці, д. 58, оф. 430) альбо самастойна раздрукаваць. Па спасылцы можна знайсці падборку розных варыяцый герба «Пагоня». Іх таксама можна вольна пампаваць. Падборка створана ў рамках акцыі «Сімвал, які яднае краіну».

«Арт Сядзіба» падрыхтавала да 25 сакавіка яшчэ адзін сюрпрыз. На офісе суполкі можна атрымаць стужку з беларускім арнаментам.

Такім чынам «Арт Сядзіба» аднаўляе акцыю #беларускаястужка.

Святочныя хэштэгі і старонкі ў сацсетках

Да Дня Волі ў Фэйсбуку і «Вконтакте» створаныя адмысловыя старонкі, на якіх можна сачыць за абнаўленнямі і дадаваць сваю інфармацыю. Дасылаць прапановы можна і на электронную скрынку 25sakavika@gmail.com.

Навіны, прысвечаныя святкаванню прапануецца пазначаць хэштэгам #25sakavika.

«А як ты рыхтуешся да Дня Волі?»

У сацсетках з’яўляюцца фотаздымкі, запампаваныя патэнцыйнымі ўдзельнікамі святкавання. На іх зафіксаваны працэс падрыхтоўкі да акцыі. Хтосьці малюе святочны плакат, хтосьці дэманструе пафарбаваныя ў белы і чырвоны колеры пазногці.

Пад некаторымі здымкамі іх аўтары задаюць пытанне «А як ты рыхтуешся да Дня Волі?», матывуючы такім чынам іншых паўдзельнічаць у святкаванні.

Як апрануцца на Дзень Волі

Агляд святочных гардэробаў падрыхтавала Радыё Свабода. Так, напрыклад, Інтэрнэт-крама «Stigmata Style» адмыслова да Дня Волі выпусціла саколкі і байкі з вялікім гербам БНР, а фэйсбук-крама «sakolka.by» стварыла цэлы шэраг саколак, аб’яднаўшы тэмы БНР і галівудскай эпапеі «Зорныя войны».

Больш падрабязна пра святочныя строі чытайце тут.

«Святы абавязак кожнага беларуса ўшаноўваць гэтую вялікую дату»

«Дзень Волі — гэта свята кожнага, хто бачыць нашу краіну вольнай, моцнай і еўрапейскай дзяржавай. Прыйдзе час, і наш народ будзе святкаваць гэту дату на дзяржаўным узроўні і ў кожнай сям'і», — заявіла ў эфіры Epramova лідар Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў Марына Хоміч. — «Далучайцеся да святочных мерапрыемстваў у Менску 25 сакавіка. Прыходзьце да кінатэатра “Кастрычнік” а 15-й гадзіне».

У Сеціве збіраюць подпісы за абвяшчэнне 25 сакавіка дзяржаўным святам

З такой ініцыятывай выступіў аргкамітэт па святкаванні Дня Волі. Патрабаванне будзе накіравана ў Палату прадстаўнікоў, Савет міністраў і Адміністрацыю прэзідэнта.

«Мы, ніжэйпадпісаныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, прапануем абвясціць 25 сакавіка, дату заснавання ў 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікі, нацыянальным святам Рэспублікі Беларусь. Улічваючы гістарычную значнасць падзеі дзеля беларускага народа і беларускай дзяржаўнасці, прапануем прызначыць 25 сакавіка выходным днём і адзначаць яго як нацыянальны Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў петыцыі, якую па стане на 12 гадзін 24 сакавіка падпісалі 700 чалавек.

***

Нагадаем, Дзень Волі адбудзецца 25 сакавіка ў Мінску. Акцыя санкцыянаваная гарадскімі ўладамі.

Збор у 15.00 каля кінатэатра «Кастрычнік», шэсце да парку Дружбы народаў, мітынг з 17.00.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)