Лица
Ілья Лапато

Рыбак прэзентаваў песню для беларускага адбору на «Еўрабачанне» (вiдэа)

Песня «Accent», напісаная Аляксандрам Рыбаком для дзяўчат са створанага ім гурта Milki, прэзентаваная на youtube-канале артыста 4 снежня.

Песня напісаная па-англійску, аднак чатыры з шасці слупкоў у ёй выконваюцца па-беларуску.

— Я быў зачараваны выступленнем «Буранаўскіх бабуль» на «Еўрабачанні», і тады ў мяне з’явілася ідэя зрабіць штосьці з беларускім каларытам. Вось тады я і натхніўся, і стаў думаць. А песню напісаў у Віцебску падчас «Славянскага базара» ў гэтым годзе. Хачу адзначыць, што ў мяне няма жадання зноў трапіць на «Еўрабачанне», але я вельмі хачу паказаць праз гэту песню сучасную Беларусь. Я буду займацца прасоўваннем гурта не праз сваё імя, а праз талент дзяўчат. У мяне ёсць сродкі запісаць добрую песню, але на сцэне будуць стаяць яны, а не я, — адзначаў артыст у лістападзе гэтага года для Onliner.by.

Гурт Milki пераможца «Еўрабачання» стварыў з беларусак адмыслова для ўдзелу ў міжнародным песенным конкурсе. У склад калектыву ўвайшлі Марына Путнікава з Горак, Вікторыя Назарко з Гродна, Таісія Серыкава з Гомеля і мінчанкі Таццяна Стахоўская і Ганна Рай.

«Дзяўчаты спяваюць хлопцам, што яны заўсёды будуць іх кахаць, будуць вернымі, але іх славянскі акцэнт заўсёды застанецца ў іх. У гэтай песні пасыл такі: я не забуду свае карані», — заключыў Аляксандр Рыбак.

Сёлета Белтэлерадыёкампанія ўпершыню арганізоўвае на сваім сайце анлайн-трансляцыю з праслухоўвання ўдзельнікаў нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне-2015».

Праслухоўванне адбываецца ў рэжыме рэальнага гуку ў суправаджэнні музыкі і (або) фанаграмы, запісанай без вакала любога віду.

Канкурэнцыю дзяўчатам Рыбака складуць яшчэ 100 удзельнікаў, дапушчаных да праслухоўвання. У іх ліку Алёна Ланская, Юзары і скрыпачка Maimuna, тры «Інжыр», гурт «Napoli», спявачка Aura і іншыя.

Вынікі праслухоўвання стануць вядомыя 5 снежня. У фінал пройдуць 15 выканаўцаў.

У ліку журы — народныя артысты Беларусі Аляксандр Ціхановіч і Васіль Раінчык, кіраўнік радыёстанцыі «Радыус FM» Алена Трашчынская, вядучая тэлеканала «Беларусь 1» Вольга Рыжыкава, выканаўчы прадзюсар тэлеканала «Беларусь 1» Яўген Папковіч, музычны рэдактар радыёстанцыі «Радыё-Рокс» Андрэй Халадзінскі і начальнік упраўлення мастацтва Міністэрства культуры Марыянна Драбовіч.

Фінал беларускага адбору на «Еўрабачанне» пройдзе 26 снежня ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1». Пераможца прадставіць Беларусь на міжнародным конкурсе ў Вене.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)