Лица
Мiра Корнева

«Гэта дарэчна, актуальна, модна»

Адзiн з самых знакамiтых начных клубаў Мiнска – Blackhall Bar – з гонарам прадставiў тэматычную вечарыну: «Беларусам быць модна». «Салiдарнасць» даведалася пра канцэпцыю і падрабязнасці шоу.

«Мы любім нашу Радзіму, ганарымся культурай і мінулым, і сапраўды лічым, што беларусам быць добра, беларусам быць модна! Запрашаем мінчан і гасцей сталіцы адчуць беларускую гасціннасць разам з намі. Мы падрыхтавалі вялікае шоу, якое не пакіне Вас абыякавымі. 28 лістапада. Беларусам быць модна!», – паведамляецца на афiцыйнай старонцы Blackhall Bar у «Фэйсбуку».

– Гэта не нейкі адказ камусьці, як некаторыя фармулююць. Справа ў тым, што нацыянальныя сімвалы і культурныя каштоўнасці імкліва ўваходзяць у моду – гэта сёння назіраецца і пацвярджаецца паўсюдна. І мы не хочам заставацца ўбаку, – расказалі «Салiдарнасцi» прадстаўнікі клуба Blackhall Bar. – Канцэпцыя вечарынкі заключаецца ў тым, што нацыянальная тэматыка – гэта дарэчна, актуальна, модна. Клубнае шоу будзе пабудавана на народных традыцыях. Будуць выкарыстаны беларускія матывы, касцюмы, інструменты. Падрыхтаваныя вялікія тэматычныя дэкарацыі, адной з якіх, самай яркай, стане сажалка, куды дзяўчаты будуць запускаць вянкі, нібы ў купальскую ноч. Не хочацца раскрываць усіх дэталяў шоу. Дадамо толькі, што перад гасцямі выступіць народны артыст, чалавек вядомы, які ўдзельнічаў, бадай, у самым культавым калектыве Беларусі, які ведаюць далёка за межамі нашай краіны.

Па словах суразмоўцы, на вечарыну запрасілі шмат беларусаў, паспяховых у самых розных галінах: спорце, мастацтве, бізнэсе, IT-сферы.

– Мы станем своеасаблівай пляцоўкай для іх камунікацыі ў межах нашага форуму. Акрамя таго, хочам паказаць замежным гасцям, што такое «быць беларусам», зламаць нейкія стэрэатыпы.

Да мерапрыемства арганізатары стварылі лімітаваную калекцыю падарункаў: майкі, чахлы для тэлефонаў і іншыя прэзенты. Шоу пачынаецца пасля апоўначы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)