Общество
Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода

«Калі Лукашэнка прызначаў Маскевіча — ён ведаў, што ў таго сын за мяжой»

Лукашэнка папракнуў міністра адукацыі Сяргея Маскевіча, што ягоны сын жыве ў ЗША. Ці той факт, што дарослыя дзеці вучацца за мяжой, — нэгатыўны чыньнік для беларускага чыноўніка?

Што кажа гэты факт пра беларускую вышэйшую адукацыю? На гэтыя пытаньні адказвае былы міністар працы Беларусі Аляксандар Сасноў.

— Ці ёсьць для беларускага чыноўніка нэгатыўным аспэктам той факт, што дарослыя дзеці вучацца ці працуюць на Захадзе?

— Па-першае, дзеці ўжо дарослыя і маюць права выбіраць свой шлях у жыцьці, ня слухаючы свайго бацькі. Калі нейкі сын чыноўніка абраў уласны шлях — што тут кепскага? І ніякі прэзыдэнт ня можа яму нічога загадаць.

Па-другое, гэта чарговы раз паказвае, што Лукашэнка —— звычайны дыктатар. Бо ён імкнецца нават дарослых дзяцей чыноўнікаў прымусіць, каб яны працавалі ў краіне. Калі ён да сваіх дзяцей так ставіцца, то гэта ягоная справа, хай ягоныя дзеці выконваюць тое, што ён загадвае. Але іншыя дарослыя людзі вольныя самі выбіраць свой шлях.

— Якое пасланьне беларускім чыноўнікам нясуць гэтыя словы кіраўніка дзяржавы? Ці гэты быў проста эмацыйны ўсплёск, ці гэтыя словы мелі на мэце нешта канкрэтнае данесьці да беларускім чыноўнікаў?

— Я думаю, што Лукашэнка проста ўстаў ня з той нагі. Думаю, ніхто зь ягоных дарадцаў, якія рыхтуюць выступы, ніколі б такі пасаж у тэкст не ўключыў. Бо самае сьмешнае, што калі Лукашэнка прызначаў Маскевіча — ужо тады ягоны сын працаваў у ЗША. Таму ён гэта напэўна ведаў. І калі гэта было нечым кепскім — то ня трэба было прызначаць! А цяпер можа падацца, што ў Лукашэнкі ёсьць нейкія намеры замяніць міністра.

— Магчыма, асаблівую ўвагу выклікаў менавіта міністар адукацыі таму, што ягоны сын засьведчыў перавагу заходняй адукацыі, калі вырашыў навучацца ў ЗША?

— Дык гэта ведаюць усе, і тым больш Лукашэнка. Ведаюць, што беларускі дыплём ВНУ — гэта паперка, якая нічога ня вартая. А вось атрымаць дыплём замежнага ўнівэрсытэту — гэта нешта такое, што потым можа забясьпечыць табе добры заробак.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)