Общество
Таццяна Гусева

«Я не жадаю Нобеля беларускай літаратуры»

9 кастрычніка стане вядома імя лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Як ацэньваюць шанцы Святланы Алексіевіч беларускія пісьменнікі Альгерд Бахарэвіч і Адам Глобус?

Альгерд Бахарэвіч: «Мяне парадавала б, калі б Нобеля атрымаў Алесь Разанаў, але яго ў спісе няма»

Альгерд Бахарэвіч кажа, што не жадае беларускай літаратуры Нобелеўскай прэміі.

— Мне б не хацелася, каб Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымаў расійскамоўны беларускі пісьменнік. Мне здаецца, што гэта будзе не зусім правільна і лішні раз засведчыць усяму свету, што беларускамоўная літаратура не скажа нічога цікавага, і самае цікавае тут адбываецца па-расейску. Гэта створыць нейкую скажоную карціну.

Мяне парадавала б, калі б Нобеля атрымаў Алесь Разанаў. Мне здаецца, ён адзіны з беларускіх пісьменнікаў варты гэтай узнагароды. Але яго ў спісе няма.

І наогул я стаўлюся да Нобелеўскай прэміі скептычна. За час яе існавання яе не атрымалі шмат якія сапраўды вядомыя пісьменнікі, а атрымалі зусім невядомыя, якія зрабілі маленькі ўнёсак у сусветную літаратуру.

На думку Альгерда Бахарэвіча, Нобелеўская прэмія моцна залежыць ад палітычнай каньюнктуры.

— Яна была скампраментаваная шмат разоў. Я ад яе шмат не чакаю. Гэта прэмія хутчэй не літаратурная, а палітычная.

Пісьменнік лічыць, што мы ўсе мусім больш цікавіца сваёй літаратурай, тым, што адбываецца ў нас, і сачыць за сітуацыяй вакол прысуджэння Нобелеўскай прэміі з пэўнай доляй абыякавасці.

— Гэтую прэмію Беларусі прыйдзецца пачакаць гадоў 10 ці 20, — прагназуе суразмоўца.

Адам Глобус: «Шанцаў у Алексіевіч няма»

На прапанову ацаніць шанцы Святланы Алексіевіч на атрыманне Нобелеўскай прэміі Адам Глобус адказаў:

— Не ведаю, хто гэта такая. І нашто вы ў мяне пра яе пытаецеся?

Я лічу, што гэты чалавек не мае дачынення да беларускай літаратуры. Я беларускі пісьменнік. А гэта чалавек, «пишущий на языке оккупантов». Чаму я буду за гэтыя букмекерскія гульні перажываць? Шанцаў у яе няма.

Мяне наогул Нобелеўская прэмія не хвалюе. Я мастак, жывапісец. Люблю карцінкі. Мастакам Нобеля не даюць. Што мне перажываць за Нобелеўскую прэмію?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)