Общество
Сямён Печанко

«Гісторыя цялесных пакаранняў у Расіі», помнік Ізяславу і праселая плітка

Карэспандэнт «Салідарнасці» наведаў свята Дня пісьменства і знайшоў плюсы і мінусы фестывальнага Заслаўя.

Заслаўе другі раз прымалала ў сябе агульнанацыянальны фестываль Дзень беларускага пісьменства. Упершыню ў гісторыі фэсту ён працягваўся не адзін, а два дні.

Мы паспрабавалі ацаніць плюсы і мінусы, якія прынёс фестываль у Заслаўе.

Пачнем з пазітыўнага.

Помнік Ізяславу, новыя дарогі і дзіцячы парк

Да свята Заслаўе атрымала адрамантаваныя будынкі дома культуры «Світанак», дома быту (апошні цяпер гарманічна ўпісваецца ў забудову вуліцы Рынкавай). Адрамантаваныя школы і гімназія, дзіцячыя садкі.

Адноўлены дом культуры

Дзіцячы парк на вуліцы Савецкай, у які ператварылася былая дзіцячая пляцоўка, таксама безумоўны плюс.

У Заслаўі з’явіліся дзве кальцавя развязкі, на перасячэнні Савецкай і Студзянецкай усталявалі светлафоры. Асноўныя дарогі ў горадзе перажылі капітальны рамонт.

З’явіліся доўгачаканыя новыя ходнікі — мара маладых бацькоў, якім даводзілася вазіць дзяцей у вазках па раструшчаных старых дарожках.

На фэсце былі папулярныя вышыванкі

Урэшце рэшт — само свята. Варта было бачыць тысячы жыхароў горада, якія ракой плылі ў бок святочных пляцовак, каб зразумець, што адпачываць тут любяць. Каля новага помніка князю Ізяславу збіраліся чэргі па фота.

На памяць пра свята жыхарам і гасцям горада застаўся абноўлены чыгуначны вакзал з пано.

Халтура, русіфікацыя і забытае замчышча

Да галоўных мінусаў аднясём непрымальнае стаўленне да беларускай мовы і заслаўскіх помнікаў.

У горадзе, які прымае ў сябе фестываль беларускага пісьменства, уласна беларускай мовы на вуліцах амаль няма. Больш за тое, ніхто не скарыстаўся такой зручнай нагодай, каб выправіць сітуацыю. Да свята ў горадзе з’явіліся новыя шыльды і ўказальнікі, аформленыя па-руску. Зрэшты, чаго хацець, калі на афіцыйным сайце гарвыканкама няма беларускамоўнай версіі.

Непасрэдныя ўдзельнікі свята беларускага слова не заўсёды карысталіся роднай мовай

Рамонт на тэрыторыі старажытнай царквы выклікае безліч пытанняў. Наколькі пільна было мяняць старую дахоўку на металапрофіль? Навошта было пракладаць столькі ходнікаў на тэрыторыі замчышча, калі і старых было больш чым дастаткова?

А бетонныя лесвіцы з безгустоўнымі і бяздушнымі парэнчамі, што праклалі на месцы старых пад’емаў на валы? Усё ж гэта царква XVI стагоддзя, а не стадыён ці падземны пераход.

Да ўсяго, праца зроблена надзвычай неахайна і халтурна. Не кажучы ўжо пра тое, што гэта тэрыторыя гісторыка-культурнага запаведніка.

Дарэчы, пра запаведнік. Паміж замчышчам і этнаграфічным комплексам «Млын» аўральнымі тэмпамі выкапалі штучную саджалку. Вакол Заслаўя столькі азёраў і штучных вадаёмаў, а вось жа зажадалася зрабіць яшчэ адзін, проста ў сэрцы гістарычнага запаведніка.

І, нарэшце, як у такі год можна было забыцца пра замчышча, месца, дзе і пачалося Заслаўе?

Аўрал — наша ўсё. Многія працы рабіліся нібы ў апошні раз, адпаведнай апынулася і якасць рамонту. У выніку дзе-нідзе новыя ходнікі пачалі прасядаць яшчэ да пачатку свята.

Фасадны рамонт па-беларуску не мінуў і Заслаўе. Ці не ўсе фасады шматкватэрных дамоў на вуліцы Савецкай падрамантавалі і пафарбавалі, у дварах жа сцены засталіся нефарбаваныя.

Дзень пісьменства з'яўляецца святам беларускай духоўнасці, друкаванага слова, нацыянальнай культуры, заявіў намеснік міністра інфармацыі Уладзімір Матусевіч за колькі дзён да фэсту.

На практыцы свята беларускай духоўнасці больш нагадвае свята ўраджаю. Складваецца ўражанне, што атрыбутыка «Дажынак» тут дамінавала: гародніна, саламяныя коні, шашлыкі і гарэлка з півам, гандаль далёкімі ад кнігадрукавання і асветы таварамі.

Зрэшты, у гэтым плане Заслаўе мала чым адрозніваецца ад іншых гарадоў, што прымалі фестываль у сябе ў апошнія гады. Асацыяцыі з «Дажынкамі», аўральны рамонт — гэта агульная рыса падобных мерапрыеістваў, незалежна ад геаграфіі.

У нядзелю ў дзень на галоўнай канцэртнай пляцоўцы было нешматлюдна

Паэт Віктар Шніп (у цэнтры) анансаваў са сцэны новы раман Мікалая Чаргінца

Рэшткі брамы на гарадзішчы абаранілі ад дажджу

Актуальная літаратура

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)