Імя сэнатаркі Шарэйкі было гандлёвым брэндам. Але гэта яе ня выратавала

У Віцебску імя сэнатаркі Ганны Шарэйкі, якую на пазачарговай сэсіі Савета Рэспублікі пазбавілі недатыкальнасьці, ведае бадай што кожны. Бо гандлёвая марка птушкафабрыкі, дзе яна працавала дырэктарам, так і называецца — «Ганна».

Імя кіраўніцы стала ня толькі гандлёвым брэндам: пад назовам «У Ганны» у Віцебску працуюць дзьве кавярні, рэстарацыя ў абласным цэнтры і ўстанова прыдарожнага сэрвісу «Прыазёрны двор «У Ганны» каля мястэчка Должа па дарозе зь Віцебска на Гарадок.

Праўда, прызначаны для «дальнабойшчыкаў» аб’ект карыстаецца попытам не столькі ў кіроўцаў, колькі ў аматараў адпачынку на прыродзе, гаворыць актывіст з Гарадка Леанід Гаравы:

— Гэта будавалася па праграме „500“, згодна зь якой трэба было ўзьвесьці 500 аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу. Стаіць кавярня пры дарозе Р115 Віцебск — Гарадок, але кіроўцы тут мала спыняюцца. Тут гуляюць вясельлі ды іншыя сьвяты адзначаюць, пераважна прыежджыя зь Віцебска.

Сэнатарка Ганна Шарэйка ў Савеце Рэспублікі была ў камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы, а таксама прадстаўляла Віцебскі, Дубровенскі, Лёзненскі і Гарадоцкі раёны.

Ці адчуваўся яе сэнатарскі клопат у Гарадку?

Адказвае Леанід Гаравы:

Ганна Шарэйка часта згадвалася ў нашай раённай газэце. Пісалі пра дзейнасьць Шарэйкі ў камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы. Пра нацыянальную бясьпеку асабліва не вялося, толькі пра наладжваньні гандлёвых сувязяў Беларусі з рознымі краінамі. Прыяжджала сюды Ганна Шарэйка, мабыць, толькі аднойчы — сустракалася з жыхарамі вёскі Бычыха, абяцала вырашыць іхныя праблемы... Нічога асабліва з таго, што яна сэнатарка, не адчувалася. Хіба толькі тое, што ў нас ёсьць крама „Ганна“ — фірмовая крама птушкафабрыкі. Памяшканьне выкупілі ў „Райгазу“, і гэтая крама заўжды рабіла вялікі таваразварот, параўнальны хіба з „Эўраоптам“. Там дзейнічае і сыстэма зьніжак, і прадукты заўжды сьвежыя. Гэта ж цэлая сетка крамаў тут, на Віцебшчыне.

Па ўсіх зьнешніх прыкметах, птушкафабрыка «Ганна» зьяўляецца пасьпяховым прадпрыемствам. А яго кіраўніцтва — схільным да навацыяў у пошуку новых шляхоў збыту.

Прыкладам, з 2013 году ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» пачала вытворчасьць прадукцыі з маркіроўкай «Халяль»: як сказана на інтэрнэт-сайце прадпрыемства, гэта прадукты «не толькі чыстыя з пункту гледжаньня духоўнасьці, але й чыстыя з пункту гледжаньня экалёгіі, правільнага дыетычнага харчаваньня».

Прадукцыя з эмблемай у форме яйка і вясёлай курачкай усярэдзіне неаднаразова займала першыя месцы ў розных намінацыях міжнародных выставак харчовых тавараў. А дырэктарка птушкафабрыкі Ганна Шарэйка была ўзнагароджана ордэнам Пашаны, мэдалём «За працоўныя заслугі», была прызнана пераможцай рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года-2008» у намінацыі «За высокі прафэсіяналізм».

Птушкафабрыку неаднаразова наведваў Аляксандар Лукашэнка. Апошні раз, у 2006 годзе, ён вельмі ўхвальна паставіўся да дзейнасьці прадпрыемства, а Ганна Шарэйка падзялілася зь ім плянамі наконт рэканструкцыі вытворчасьці, на якую на той час былі патрэбны 65 мільярдаў рублёў.

А ў 2012 годзе дырэктарка птушкафабрыкі стала гераіняй вялікага скандалу: падчас абмеркаваньня бюджэту на наступны год у Савеце Рэспублікі яна заявіла, што беларускія дзяржбанкі спынілі выдачу крэдытаў на фінансаваньне дзяржпраграм і павысілі маржу да стаўкі рэфінансаваньня (30%) да 12-15 адсоткавых пунктаў.

Прынамсі, такая сытуацыя склалася з крэдытамі ў беларускіх рублях па праграме разьвіцьця птушкагадоўлі, і «пад такія стаўкі не можа крэдытавацца ні адно, нават пасьпяховае прадпрыемства», — сказала тады Ганна Шарэйка.

«Беларусбанк» тут жа выпусьціў прэс-рэліз, у якім фактычна абвінаваціў сябра Савета рэспублікі Ганну Шарэйку ў хлусьні. На тым усе размовы пра скандальны выступ сэнатаркі сьціхлі.

Новы скандал вакол віцебскай бройлернай птушкафабрыкі разгарэўся ўжо сёлета: у ліпені Сьледчы камітэт распачаў расьсьледваньне справы пра карупцыю ў дачыненьні да шэрагу службовых асобаў зь ліку адміністрацыі птушкафабрыкі. Некалькі чалавек былі затрыманыя паводле падазрэньня ў злоўжываньні паўнамоцтвамі.

Затрыманьне самой Ганны Шарэйкі тады было немагчымым — з-за недатыкальнасьці, якой яе пазбавілі 14 жніўня.

Ганна Шарэйка нарадзілася ў 1960 годзе ў вёсцы Антопальле Чашніцкага раёна Віцебскай вобласьці. Скончыла Віцебскі вэтэрынарны інстытут, Усерасійскі навукова-дасьледчы і тэхналягічны інстытут птушкагадоўлі. Кандыдат сельскагаспадарчых навук.

Працавала ў саўгасе «Слідчаны» Чашніцкага раёна, у аб’яднаньні «Белсельгастэхніка». Кар’еру на Віцебскай бройлернай птушкафабрыцы пачала з пасады апэратара.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)