Общество
Сямён Печанко, фота аўтара

Што новага з’явіцца ў Заслаўі да Дня пісьменства

«Салідарнасць» працягвае сачыць за падрыхтоўкай горада да фестывалю.

6-7 верасня ў Заслаўі адсвяткуюць Дзень беларускага пісьменства. Што новага ўбачаць госці старажытнага горада пасля капітальнага рамонту, які ідзе тут у гэтыя дні?

Ужо зараз, прыехаўшы на электрычцы ў Заслаўе, можна пабачыць адрамантаваны будынак вакзала станцыі «Беларусь» (такую назву яна мае 30-х гадоў ХХ ст.).

Старыя шыльды з назвай станцыі на даху вакзала памянялі на новыя. На адной са сценаў вакзала з’явілася пано з выявай старога замчышча.

Паміж этнаграфічным комплексам «Млын» і замчышчам ствараюць штучную саджалку. Вакол яе будзе зона адпачынку з лавачкамі і ліхтарамі.

Мясцовыя скептычна ставяцца да задумы: нізкае месца, побач рэчка — ці ўседзіш летам на лавачцы, калі цябе будуць даймаць камары? У адмыслоўцаў выклікае пытанні само месца — гэтая тэрыторыя адносіцца да гісторыка-культурнага запаведніка.

Від на будучую саджалку з валоў замчышча

Побач добраўпарадкуюць скверык з гарадской дзіцячай пляцоўкай. Ад загружанай транспартам вуліцы Савецкай яго перакрываюць адгароджай.

Заслаўскі дом культуры «Світанак» плануюць адрамантаваць да кастрычніка. Але і госці фэсту змогуць пабачыць адноўлены фасад будынка. Пасля рамонту яго будзе не пазнаць.

Фасад страціў некалькі ранейшых вонкавых элементаў. Сцены з чырвонай цэглы схаваліся пад уцяпляльнікам і тынкоўкай. Знікла з даху стылізаваная вежа. І калі ўжо прыдзірацца да канца, то зараз ДК нагадвае чыйсьці прыватны катэдж у суседняй Ратамцы. Зрэшты, трэба дачакацца кастрычніка, каб пабачыць, як будзе выглядаць цалкам адноўлены будынак.

Так выглядаў Дом культуры да рамонту

У Заслаўі з’явілася новая кавярня. Дакладней, на месцы былога «Ваяжу» пасля рамонту адчынілася кавярня ў сялянскім стылі «Сядзіба».

У часе рамонту ў горадзе дэмантавалі былую нафтабазу, якая муляла вока на пад’ездзе да вакзала, засланяючы сабой абрысы старога горада. Кажуць, пустка тут пратрывае нядоўга. Нібыта адна з гандлёвых сетак збіраецца будаваць на гэтым месцы супермаркет.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)