Трыумф саламянай камасутры і танцы пад Лявона Вольскага
Рэкламны дзед-талісман, трыумф саламянай Камасутры і танцы пад Лявона Вольскага – гэтым ды многім іншым запомніцца юбілейны, Пяты, фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!.
На ўзнагароджанні ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў традыцыйна сабраўся ўвесь цвет рэкламнай індустрыі.
Свет нацыянальнаарыентаванай рэкламы шчыльна пераплятаецца з беларускім культурніцкім асяродкам, гэта ясна нават па канцэнтрацыі на фестывалі выдаўцоў, мастакоў, журналістаў, пісьменнікаў і медыйных асобаў, якія былі аўтарамі і замоўцамі беларускамоўнай рэкламы. Сярод пераможцаў збольшага сацыяльныя, грамадсказначныя альбо медыйныя праекты. Трэба сказаць, што квас ды вяндліна, якія рэкламуюцца па-беларуску, таксама ёсць, і, магчыма, дзякуючы фестывалю AD.NAK!, з часам беларуская рэклама пашырыцца з культурніцкай і ў спажывецкую сферу.
«Дзеячы рэкламы – гэта тая ж культурная эліта, – упэўненая каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!» Ніна Шыдлоўская. – Бо рэклама – вельмі значная частка культуры. Яна заўважна прысутнічае ў нашым жыцці і ўплывае на яго, а значыць, добрая рэклама паляпшае жыццё». Слоган сёлетняга фестывалю заклікае: “Трэба так! Дбай пра сваё – не прагадаеш!” Ніна Шыдлоўская бачыць у стварэнні беларускамоўнай рэкламы надзвычай важную і пачэсную місію, а заадно і траплянне ў сучасны трэнд Glocal, што значыць развіццё свайго, беларускага, у вялікім сусветным рэкламным акіяне.
Пяты фестываль, генеральным партнёрам якога стала кампанія velcom, сабраў рэкордную колькасць заявак – больш як 400 прац амаль ад 200 удзельнікаў (у папярэднія два гады было 330 і 314 праектаў ад больш чым сотні аўтараў).
Арганізатары вырашылі не адцягваць увагу на забавы і атракцыёны, цырымонія выглядала мінімалістычна, а ўцягнуцца ў свецкія і прафесійныя размовы ў паўзах паміж ганараваннем дазваляла жывая музыка. На фестывалі выступілі Tanin Jazz, «Босае сонца», «Sunduk», а таксама спявак Юзары — лаўрэат «Новай хвалі» ў Юрмале.
Жвавыя вядоўцы Ганна Хітрык і Павал Харланчук кулямётнай чаргой выдавалі імёны пераможцаў, бо спіс намінацый у параўнанні з мінулым годам вырас да 21, а колькасць паднамінацый ужо і цяжка падлічыць. Такім чынам без увагі не засталіся самыя розныя актыўнасці беларускаарыентаваных рэкламшчыкаў, а Гран-пры атрымалі ажно шэсць праектаў (летась – толькі два) – «Велікодныя біткі» брэндынгавай кампаніі «AIDA Pioneer», «Упэўненасць на дарозе» Ганны Радзько і Алены Бай, «Простыя рэчы» Getbob digital agency, матэрыялы «Рома едзе» вандроўніка Ромы Свечнікава і 34mag, курсы беларускай мовы «Мова нанова», а таксама сацыяльная рэклама «Саламяная Камасутра» рэкламнага агенцтва «NEF/TBWA&Dranik Style».
Апошні праект атрымаў цэлы стос дыпломаў, а каларытная пара яго стваральнікаў выходзіла на сцэну восем разоў, не стамляючыся паўтараць свой мудры наказ: «Кахайцеся!» Улад Савельеў, кіраўнік творчай групы, расказаў, што ідэя саламяных фігурак, якія прымаюць розныя позы, была ўвасобленая першапачаткова ў выглядзе сувеніраў для бізнес-партнёраў на Новы год, а пасля перарасла ў сацыяльную рэкламу. «Беларусаў павінна станавіцца больш, бо мы ж файныя! – кажа Савельеў. – Мы спецыяльна ўжылі словы прэзідэнта, каб праект быў больш вірусным. Нам хацелася б, каб дзяржава да нас звярталася за падобнай сацыяльнай рэкламай, бо тое, што вісіць у нас на вуліцах, не паддаецца крытыцы».
Яшчэ адным фаварытам фестывалю стала рэкламшчыца Юлія Ляшкевіч, якой давялося атрымліваць дыпломы адразу за некалькі праектаў, створаных ёй у камандзе іншых аўтараў.
«Для мяне важныя ўсе працы, пададзеныя на фестываль, нават тыя, што не ўвайшлі ў шорт-ліст. Але найважнейшая – «Чэмпіянат свету па палітвязнях», бо гэта валанцёрскі праект, які мы распаўсюджвалі самі, як маглі, – патлумачыла Юлія Ляшкевіч. – На самай справе гэта цудоўны ўчынак арганізатараў. Я патэлефанавала і спытала, ці можна нам удзельнічаць з такой працай. Настроілася, што калі скажуць “не”, я зразумею і нікому не раскажу пра тую размову. І была абсалютна выдатная рэакцыя кшталту “Юля, у чым праблема?” Гэта вельмі парадавала, бо мы разглядалі фестываль як магчымасць яшчэ раз паказаць працы большай колькасці людзей”.
Традыцыйна была ўручаная і аднакаўская антыпрэмія «Каша сувораўская», якая даецца тым, хто не ўлічвае асаблівасці беларускай гісторыі ці проста непрафесійна падыходзіць да справы. Сёлета яе атрымала Нацыянальная бібліятэка – за непісьменнасць. Маюцца на ўвазе надпісы на шкляных дзвярах скарбніцы ведаў – «К сабе», дзе ў пяці літарах дапушчана тры памылкі.
Новым персанажам сёлетняй цырымоніі быў прадстаўлены дзед ADNAK — новаабвешчаны татэм фестывалю і апякун рэкламшчыкаў, якому можна было пакідаць цыдулкі з пажаданнямі, парадамі і заўвагамі.
На пытанне, што можна параіць арганізатарам, каб зрабіць фестываль лепшым, сябра журы, рэкламшчыца Вера Філенка, адказала: «Было досыць шмат прац, зробленых аматарамі. Праз адсутнасць досведу ў рэкламе не ўсе праекты былі належным чынам аформленыя, было досыць складана іх ацэньваць і размяркоўваць па намінацыях. Таму арганізатарам фестывалю я параіла б у наступным годзе задаць больш фармалізаваны крытэр, магчыма, зрабіць нейкія формы запаўнення заяўкі. І рэч не толькі ў тым, што адрозненні ў падачы ўскладняюць працу журы, галоўная праблема, што цяжэй вызначыць пэўную якасную планку. Калі ў фестывалю ёсць мэта не толькі ўзнагароджваць прафесіяналаў, а і падцягнуць і дробных удзельнікаў, то трэба даваць ім пэўны інструмент, трэба іх вучыць”.
Сярод найбольш удалых праектаў Вера Філенка, якая была ў журы намінацый “Тэлевізійная рэклама” і “BTL, PR, прома-, event– і DM-праекты”, называе “Простыя рэчы” digital-агенцтва Getbob: “Праца была створаная да 15-годдзя “Вэлкома”. Яны спяклі хлеб, завярнулі яго ў крафтавую паперу і напісалі тыя рэчы, якія дораць простую асалоду ад жыцця, на думку супрацоўнікаў агенцтва. Гэта быў вельмі зразумелы, просты, прыгожы праект, які абсалютна заслужана атрымаў Гран-пры, на такога ўзроўню працы хацелася б раўняцца”.
Паводле арганізатара фестывалю ад сеціўнага рэсурсу Marketing.By Сяргея Скарахода, асноўная тэндэнцыя, якая была адзначана сябрамі журы, – шмат праектаў, скіраваных менавіта на папулярызацыю і пашырэнне беларускай мовы: гэта і курсы «Мова нанова», і дастасаванне moVa ад velcom, і паштоўкі «Не маўчы па-беларуску!», і шмат іншых. А новым фарматам сёлетняга AD.NAK! сталі воркшопы на тры тэмы – рэклама супраць распаўсюду сінтэтычных наркотыкаў, рэклама ў падтрымку безнаяўнага разліку, а таксама конкурс «Інфаграфуй гісторыю AD.NAK!», на якім быў аншлаг – для ўдзелу запісалася каля 60 чалавек пры магчымых 25-30.
«Удзельнікам раздавалася заданне, за два дні трэба было стварыць пэўны канцэпт, пераможцы ўзнагароджваліся, – расказвае Сяргей Скараход. – Гэта больш плённа, чым проста сустрэчы ці абмеркаванні, якія рабіліся раней».
Куратар воркшопаў, рэкламшчык Васіль Андрэеў, вынес для сябе назіранне, што заняткі наведвалі збольшага дзяўчаты, “хлопчыкаў амаль не было”, а таксама што працяглыя двухдзённыя воркшопы маюць большы плён, бо “на другі дзень узнікае адчуванне эмпатыі і сум, што ўсё скончылася”. Таму ёсць спадзеў, што ў наступным годзе арганізатары працягнуць гэтую ўдалую спробу.
Завяршыўся фестываль дуэтам Лявона Вольскага і Паўла Аракеляна. “А я думаў, рэкламшчыкі снобы”, – засмяяўся Вольскі, назіраючы, як публіка ў зале ўскоквае з месцаў і падпявае знакамітаму “Гэй ла ла ла лай!”. А трошкі перайначаныя словы пра тое, што трэба і ў розных краях пабываць, і любіць Беларусь нашу родную – якраз адпавядаюць прынцыпу, які прапагандуе фестываль AD.NAK!, – праз сусветнае бачыць сваё.
Оцените статью
1 2 3 4 5Избранное