Общество
Аляксандра Дынько, Радыё Свабода

«Супрацоўніца ЖЭСу спачатку выклікала нарад, а ўжо пасьля загаласіла: ой, я хачу, каб вы дамалявалі»

Ільля, Сяргей, Арцём і Алег – меркавалі да 90-годьдзя Васіля Быкава пакінуць беларускай сталіцы вялікі партрэт пісьменьніка на трансфарматарнай будцы. Горад аддзячыў 18-мільённым штрафам – па 30 базавых адзінак на кожнага. Выяву ня скончылі нават на палову.

Вулічнае мастацтва віцебскай каманды HoodGraff

Усе хлопцы не захацелі называць свае прозьвішчы і нават імёны пакінулі неахвотна.

«Калі дазволу гарадзкіх уладаў не атрымаем за заўтра — ЖЭС яго проста зафарбуе, — кажа Сяргей, 23-гадовы прафэсійны мастак з Віцебску. — Без дазволу мы ў Менску маляваць ня будзем».

«З намі такое ўпершыню, — распавядае 22-гадовы Арцём. — Усе так прасілі беларусаў намаляваць. Мы з такім энтузіязмам сюды ехалі. Васіль Быкаў — усё! Малюем! Мы столькі ўжо адмалявалі ў Віцебску. А вось першая спроба ў Менску — і такі досьвед, што тут альбо цішэй трэба гэта рабіць, альбо калі гучна, то ўжо з афіцыйным дазволам».

Ільля, Сяргей і Арцём адмыслова прыехалі зь Віцебска ў Менск, каб намаляваць тут Быкава. Усе яны належаць да каманды вулічных мастакоў HoodGraff. Сталічныя парадкі хлапцоў зьдзівілі. У родным горадзе яны намалявалі ўжо восем буйных выяваў. Хаця мясцовыя жыхары не заўжды ставіліся да ініцыятывы хлопцаў з разуменьнем, але да міліцыі не даходзіла.

«А тут супрацоўніца ЖЭСу, не паглядзеўшы, што мы робім, выклікала нарад. І ўжо пасьля, калі пабачыла, то канечне, загаласіла: ой, хлопцы, мне падабаецца, я хачу, каб вы дамалявалі. Але што ўжо — міліцыя, штраф. І вось мы тут цяпер сядзім і думаем, як нам заўтра да цягніка пасьпець атрымаць дазвол і скончыць працу».

Забаўна атрымліваецца: мы для гораду малюем і яшчэ за гэта плацім, — заключае Арцём.

Партрэт Боба Марлі ў Віцебску

Вулічнае мастацтва

Запрасіў іх у Менск каардынатар праекту Signal Алег Ларычаў. Signal прасоўвае вулічнае мастацтва, арганізоўвае выставы, сустрэчы з мастакамі, а зь мінулага лета зьявілася ідэя і магчымасьць рабіць акцыі «Must act — must art»: мастакам давалі магчымасьць маляваць у горадзе на вялікіх паверхнях.

«Вулічнае мастацтва робіць гарадзкую прастору больш чалавечнай, цікавай, — распавядае Алег. — Настрой у людзей падымаецца. І ў людзей пачуцьце, што горад можна мяняць самім».

Ларычаў кажа, што атрымаць дазвол ад менскіх уладаў не пасьпявалі па часе, да таго ж некаторыя графіцісты прынцыпова супраць атрыманьня такіх дазволаў.

Выявы знакамітых людзей для HoodGraff асобная канцэпцыя. «Гэта партрэты-матыватары. У кожнага ёсьць шанец быць нанесеным на будку», — тлумачыць Арцём.

Перад Быкавым малявалі Гагарына, Пушкіна, Боба Марлі, Мэрылін Манро, Стыва Джобса і яшчэ трох зорак хіп-хопу, у дакладнасьці імёнаў якіх я не ўпэўненая.

Партрэт Стыва Джобса ў Віцебску

World of Tanks і Быкаў

«Мы лічым, што Васіль Быкаў варты таго, каб быць нанесеным на трансфарматарную падстанцыю, — кажа Арцём, афіцыйны прэсавы сакратар каманды. — Пасьля таго як мы пачалі партрэты людзей знакамітых наносіць, усе сталі камэнтаваць, чаму няма беларусаў. Мы сталі думаць — ну і апроч заснавальнікаў Warner Brothers і World of Tanks нічога не накручвалася. А самы папулярны і перакладзены наш пісьменьнік на Захадзе — гэта Васіль Быкаў».

Праўда, пра творы Быкава Арцём памятае толькі са школьнай праграмы, але гэта не важна. Пісьменьніка шчыра плянавалі унесьці ў пантэон беларускіх стрыт-артэраў.

Арцём сканчае ў Санкт-Пецярбурзе ўнівэрсытэт паводле спэцыяльнасьці «бізнэс-камунікацыя». Сам ён не малюе. Называе сябе «ідэйным кіраўніком і арганізатарам працэсу». Атрымліваецца, што ў HoodGraf працуе па спэцыяльнасьці — займаецца бізнэс-камунікацыяй: размаўляе з прэсай, прысутнічае па ўсіх «замалёўках», бярэ на сябе гутаркі з жыхарамі, каб мастакі не адцягваліся ад працы.

«Гэта прыкмета эўрапеізацыі беларускага стрыт-арту, — перакананы Алег Ларычаў, — нармальна калі ёсьць памочнік, куратар-мэнэджэр, які займаецца ўсім працэсам. А мастак можа проста маляваць».

Сяргей, які адзіны мастак у гэтай тройцы, сапраўды спачатку ўвогуле адмаўляецца гаварыць. Пасьля распавядае, што стрыт-артам стаў цікавіцца з 13 гадоў, скончыў мастацкі каледж.

«Я ў розных сфэрах займаюся творчасьцю. Не абмяжоўваю сябе толькі маляваньнем. Вось графіці — гэта адна з праяваў майго ўдзелу ў тым, што робіць сьвет лепшым».

«Мы хочам зьмяніць меркаваньне пра вулічнае мастацтва. Усе думаюць, што гэта нікому не зразумелыя шрыфты і так далей. А мы даказваем, што гэта зусім ня так», — ідэалёгію каманды Арцём агучвае прафэсійна.

Партрэт Аляксандра Пушкіна ў Віцебску

Стрыт-арт і грошы

Нанесьці выяву Быкава на трансфарматарную будку — справа тэхналягічна ўжо не такая простая. Праз праектар, падлучаны да генэратара, выяву трансьлявалі на сьцяну. Рабілі эскіз чорнай фарбай. А на наступны дзень меркавалі расфарбоўваць. Тэхналёгію хлопцы ўжо адпрацавалі на папярэдніх выявах. Зразумела, што ў Менску, дзе «за налепкі» ў міліцыю, здаецца, можна трапіць толькі пакалупаўшы пальцам сьцяну ў пераходзе, такія складаныя манэўры не маглі не прыцягнуць увагі адказных асобаў.

Але і ў Віцебску такой увагі хапае.

"Спачатку былі цяжкасьці, — распавядае Арцём. — Жыхары працы ня бачылі і, канечне, думалі, што мы вандалы-дылетанты, толькі загадзім сьцяну. Але пазьней яны бяруць свае словы назад, калі бачаць, што атрымалася. Увагі сапраўды вельмі шмат, і мы гэтага не саромеемся.

Алег, які ўжо мае досьвед арганізацыі буйных праектаў у стрыт-арце, пацьвярджае: «Гэта праўда. Як толькі падыходзіш да сьцяны, усе незадаволеныя. У адміністрацыю прэзыдэнта абяцаюць скардзіцца, міліцыю выклікаюць. А калі гатова: «ой, малайцы, як прыгожа!»

Да таго ж гэта дорага. У сярэднім кожны партрэт абыходзіцца ад 120 да 200 даляраў, — паведамляе Арцём.

«Гэта ўсё асабістыя запасы, — кажа Арцём. — Ані горад нам не дапамагаў, ані жыхары. Хаця ўсім падабаецца. Адзін быў выпадак, калі жыхарка ацаніла нашую выяву Боба Марлі і сабрала грошы. Недзе 650 тысяч. І папрасіла, каб мы збоку намалявалі нешта для дзяцей».

На Быкава збор грошай абвясьцілі праз інтэрнэт. Ларычаў кажа, што сабралі 165 даляраў — але гэта ахвяраваньні двух чалавек.

Нават калі заўтра хлопцы атрымаюць дазвол дамаляваць партрэт Быкава на трансфарматарнай будцы, ад выплаты 18 мільёнаў штрафу гэта іх не ўратуе.

Партрэт Мэрылін Манро ў Віцебску

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)