Общество
Дзмітры Гурневіч, nalibaki.org

«Я б дык на дзень раз еў, абы намі рускія не кіравалі»

Яну Чарняцу нядаўна споўнілася 100 гадоў. Ён адзін з пяці сотняў доўгажыхароў Беларусі, якія пражылі стагоддзе. Нарадзіўся ў Расейскай імперыі, выхоўваўся ў польскія часы, зведаў здзекі фашызма і камунізма, жыў у «савецкім раі», а сваё стагоддзе сустрэў у незалежнай Беларусі.

Такіх людзей называюць — «чалавек-эпоха». Успамінамі пра сваё жыццё Ян Чарнец падзяліўся з сайтам nalibaki.org.

Ян Чарнец з Налібакаў. Фота Дзмітрый Гурневіч

На вуліцы часам бабы кажуць: «От добра цяпер жывецца, у магазіне ўсяго хапае». А я тады адказваю: «Дык а ці ўсё ты гэна ясі, ці ёсць табе за што гэта купіць?» Я б дык на дзень раз еў, абы намі рускія не кіравалі. Некалі мы жылі без іхнага газу, і добра жылі, і галодныя ніколі не былі. І цёпла ў нас было. Мы і без газу перажывем. Во, лес пад бокам. Трэба адмаўляцца ід іхнага газу, шукаць як па-другому жыць, каб толькі Расея нас не чапала, каб жыць дала.

А гэны наш сам сябе загнаў у кут. Сядзіць, як у крэпасці, а навокал чужыя самалёты. Не дай бог якая трывога, дык Беларусі нашай першай будзе смерць. У яго ўжо нічога свайго няма. Толькі сядзіць.

Яшчэ мо што Пуціну хто зробіць у самой Расеі. Ён яшчэ можа прайграць сваю Расею, расцягаюць яе на кавалкі. Там жа нямала людзей хочуць сваім розумам жыць. І гэты ў нас такі самы. Увесь свет за Украіну, а ён як прагаласаваў? Чаму Беларусь не ўстрымалася ад голасу? Не хоча праўду па тэлевізары казаць.

Рускім каналам я не веру. Паказваюць, што рускім ва Украіне гуманітраку прывезлі: ежу, адзежу. Каторы раз думаю: ах, каб вас, думаю, пярун паразбіваў. Па вачах бачу, што ілгуць. Паўсюль жа рускія ёсць, у кожнай дзяржаве. Паўсюль іх прымаюць, дык жывіце вы як людзі, чаго вы да ўсіх чапляецеся? Прыцягнулі да нас сваё войска. Навошта яно нам? Гэты наш, калі што якое, кіне ўсё ды паедзе сабе, а народу што рабіць?

Ганяць Еўропу, а за машынай дык чаму не ў Расею едуць, а ў Польшчу. Я глухі, ледзь чую. Сяджу, бывае, на лаўцы. Часам чую, што машына едзе. Ужо здалёк чуваць, што руская машына.

Пры цары, дзяды расказвалі, добра людзі жылі. Хлеб ажно ў Амэрыку вазілі. Калі ўжо Амэрыка не брала, бо замнога было, дык у мора высыпалі. Яны ня ведалі, куды хлеб дзяваць. Расея багатая некалі была. Усей свет карміла. А нарэсце да чаго тая Расея дайшла. Я неяк чуў, як Ельцын выступаў: камуністы зрабілі з Расеі палігон і як хацелі, так і ляталі па ім. Як рускія з палякамі ваявалі, дык хлебам коней кармілі, а потым што з імі парабілася? Паслухалі гэнага Леніна, а ён нарабіў вэрхалу.

Мы 80 год у палоне пражылі. Свайго няма ў нас нічога. Я сам усё рабіў, хату будаваў. Дык яшчэ трэба гэную хату і зямлю выкупляць. Ужо два разы купляў тое, што сам збудаваў, як памру, дык дочкі будуць ізноў выкупляць. А чыя ж гэта зямля? Што гэта, Лукашэнка зямлю гэтую прывёз? Гэта нашых дзядоў-прадзедаў зямля. Яны кроў за яе пралівалі. Босыя і галодныя хадзілі, каб толькі дзецям у спадчыну зямлю перадаць.

Працяг чытайце тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)