Общество
Ягор Марціновіч, «Наша Ніва»

Хто жыве ў новых Драздах

Чыноўнікі без аўкцыёну атрымліваюць зямлю ў Вяснінцы, дзе надзел каштуе да $ 400 тысяч.

Яшчэ некалькі гадоў таму Вяснінка была закінутым раёнам на ўскрайку Мінска. Такая сабе вёска ў межах сталіцы — разбітая дарога паміж пахіснутымі хаткамі ды гіганцкія агароды навокал.

Хоць месца казачнае: сто метраў да вадасховішча, паўкіламетра да праспекта Пераможцаў, кіламетр да элітных Драздоў.

Зрэшты, Вяснінка доўгі час насамрэч была вёскай. Але ў 1975 годзе мясцовы калгас ліквідавалі, а сем дзясяткаў хат уключылі ў межы горада.

З цягам часу зямля даражэла, і да яе пачалі прыглядацца багатыя беларусы. Вяснінкаўцы з радасцю пагаджаліся на продаж. Дзякуючы атрыманым грошам яны маглі забяспечыць бязбеднае існаванне і сабе, і дзецям. Новыя гаспадары зносілі старыя хаты, а на іх месцы будавалі катэджы.

Калі кошт участкаў дасягнуў $ 300-400 тысяч, у справу ўмяшалася ўлада. Чыноўнікі прыдумалі план ушчыльнення Вяснінкі і летась вынеслі яго на грамадскае абмеркаванне.

Сутнасць праекта была ў тым, каб нарэзаць у раёне каля 40 новых участкаў. Некаторыя — на пустым месцы, некаторыя — замест агародаў цяперашніх жыхароў. А яшчэ некалькі самых прэстыжных дамоў вырашылі пабудаваць наўпрост на беразе вадасховішча.

Згоду жыхароў атрымаць не ўдалося. Але калектыўныя звароты супраць фарміравання новых участкаў задавольваць не сталі.

Пачаліся будаўнічыя працы. Іх меркавалася закончыць у маі 2014 года, аднак укласціся ў тэрміны не ўдаецца.

Засяленне перад высяленнем

Як выглядае Вяснінка цяпер? Гэта дзіўная мяшанка катэджаў і развалюхаў, гаспадары якіх чакаюць купцоў.

Паўсюль ідзе будоўля. Экскаватар раўняе пясок для пракладкі новай дарогі, у брудзе колам стаіць грузавік, кіроўца якога прывёз будматэрыялы да аднаго з катэджаў, але не разлічыў, што праезду фактычна няма.

Каля калонкі на рагу вуліцы Вяснінка і завулка Вяснінка (побач ёсць і праезд Вяснінка) мужчына ў спецвопратцы набірае ваду ў вёдры.

— Тут што, з усіх дамоў да калонкі бегаюць? — пытаюся ў яго.

— Ды не, — усміхаецца той, — у нас у хаце труба прамерзла, дык да вясны і ходзім з вёдрамі.

Гаспадары хат не ўкладаюць грошай у бягучы рамонт: нашто, калі будынак неўзабаве знішчаць? Пра тое, што многія вяснінкаўскія дамы чакае знос, мясцовыя жыхары пачалі здагадвацца некалькі гадоў таму. І падышлі да гэтага пытання ў поўным узбраенні.

Ледзь не кожная халупа на ўсялякі выпадак тэрмінова перарэгістроўвалася ў «шматкватэрны дом». Справа нескладаная — зрабіць дадатковы ўваход у хату і прапісаць туды сваякоў, каб пасля, пры зносе, атрымаць жыллёвую кампенсацыю на кожнага.

— Чыноўнікі ў выканкаме ад злосці ледзь не лопаліся, — рагочуць вяснінкаўцы. — Як зносілі апошнюю хату на завулку, дык там сем саўласнікаў налічылі! А іхнія суседзі нават бабулю аднекуль з Варонежскай вобласці прывезлі: вось, маўляў, ёй таксама кватэра трэба!

План забудовы. Белыя дамы — старыя, чырвоныя плануецца пабудаваць.

«Больш за $ 400 тысяч не плацяць»

Але не ўсім «пашанцавала» пайсці пад знос і атрымаць гарантаваную кампенсацыю ад дзяржавы. Тыя, чые дамы, паводле генплана, ацалеюць, самі шукаюць купцоў. На сёння ў базе рыэлтарскіх агенцтваў ёсць з дзясятак прапановаў ад вяснінкаўскіх прадаўцоў — ад 300 да 700 тысяч даляраў.

За колькі ж яны рэальна гатовыя аддаць сваю зямлю?

— У аб’яве можна што заўгодна пісаць, але пакуль што ніхто з суседзяў больш за $ 400 тысяч не атрымаў, — прызнаецца жыхарка адной са старых хатак.

Будынак належыць не ёй, а брату былога мужа.

— Мне ўсё адно, хай яны хоць за $ 100 тысяч прадаюць, — кажа жанчына. — Але я адразу сказала: купляйце мне двухпакаёвую кватэру і машыну — і я сыходжу.

Рэальнай рынкавай цаны не ведае ніхто. Багатыя купцы не хочуць «свяціць» свае грошы, таму ў дамовах аб куплі просяць прадаўцоў пісаць несапраўдныя сумы.

Напрыклад, адзін з надзелаў быў прададзены нібыта менш чым за $ 8000. У дакумент проста запісалі прыгожую лічбу ў беларускіх рублях.

Так зрабіла грамадзянка Беларусі Алівера Нядзелькавіч, прадстаўніца сям’і Карычаў — самых багатых бізнэсменаў Сербіі часоў Слабадана Мілошавіча. Багацце братоў Карычаў тады ацэньвалася ў $ 4 мільярды. Цяпер адзін з іх, Драгамір, лічыцца ганаровым консулам Беларусі ў Белградзе.

Побач з ёй хапае і іншых багатых людзей.

— Вось тут у нас ювелірны квартал, — праводзіць «экскурсію» па Вяснінцы мясцовая жыхарка. — Дырэктар «Зіка» (Ігар Зайцаў — «НН») купіў спачатку адзін дом, пасля другі. Аб’яднаў участкі, паставіў высокі плот. Праз некалькі дамоў і ягоны намеснік пасяліўся. А вось тут, каля самага возера, мільянер з «Пятага элемента» (Андрэй Балабін — «НН») жыве. Добры чалавек, ніводнага дрэннага слова пра яго не чула.

Славутасць Вяснінкі — 75-гадовая бабуля, якая выкупіла адразу два ўчасткі на супрацьлеглых канцах раёна. Агулам заплаціла больш чым паўмільёна даляраў.

Але багатыя таксама плачуць. Іншы яе катэдж на беразе Цнянскага вадасховішча год таму быў арыштаваны па пастанове следчага КДБ.

Ці паселіцца тут Ладуцька?

Бізнэсмены — нябедныя людзі. Тое, што яны выкупляюць звышдарагія зямельныя ўчасткі, пытанняў не выклікае. А вось калі б гэта самае рабілі чыноўнікі, падатковая інспекцыя атрымала б нашмат больш працы. Адкуль, напрыклад, у міністра фінансаў Андрэя Харкаўца возьмуцца $300 тысяч для куплі?

Выйсце з сітуацыі было знойдзенае простае. Як і дзесяць гадоў таму падчас будаўніцтва «Царскага сяла» ў Драздах, чыноўнікі і іншыя набліжаныя да ўлады асобы атрымліваюць участкі для будаўніцтва проста так. Можа, і не за проста так, але даведацца ўмовы выдзялення зямлі грамадскасці немагчыма. Такія дазволы афармляюцца рашэннямі Мінгарвыканкама, якія адсутнічаюць у адкрытых рэестрах прынятых дакументаў.

Мясцовыя жыхары між сабой абмяркоўваюць, хто стане іх суседзямі.

— Праз тры хаты ад мяне Азаранку можаце сустрэць… А вось там, кажуць, нехта з пракурораў зямлю ўзяў, — паказвае рукой жыхарка адной са старых хатак.

Называць прозвішча патэнцыйнага суседа яна не хоча. Даводзіцца справакаваць яе:

— Які пракурор? Ладуцька ж там будуецца…

— Ды не, Ладуцька вось там, каля берага будзе! — раптам прызнаецца яна і адразу ўдакладняе: — Але мы нічога не бачылі і не чулі.

Новыя жыхары

Права ўласнасці на зямлю на сёння аформілі толькі некалькі чыноўнікаў і набліжаных да ўлады асобаў. Паказальна, што зямлю пад будаўніцтва Мінгарвыканкам выдаў большасці з іх яшчэ за год-два да правядзення грамадскіх слуханняў.

Яшчэ ў 2011-м участак у «новых Драздах» займеў удзельнік біятлоннай каманды Лукашэнкі на «Мінскай лыжні» Сяргей Булыгін. Савецкі біятланіст паходзіць з Новасібірскай вобласці, аднак у 20-гадовым узросце перабраўся ў Мінск. У складзе эстафетнай савецкай зборнай ён перамагаў на Алімпіядзе-1984 і некалькіх чэмпіянатах свету, аднак у індывідуальных спаборніцтвах меў горшыя вынікі. Пасля заканчэння кар’еры спартсмен заняўся бізнэсам. А ў 1998 увайшоў у кіраўніцтва Беларускай федэрацыі біятлона, якую традыцыйна курыруе КДБ. Цяпер Булыгін — першы намеснік Валерыя Вакульчыка па федэрацыі.

Праз год элітная зямля дасталася грамадзяніну Расіі, дзяржаўнаму сакратару саюзнай дзяржавы Грыгорыю Рапоту. Больш за 30 гадоў свайго жыцця ён прысвяціў замежнай выведцы ў савецкім КГБ і расійскім ФСБ, а пасля працягваў службу і ў Міністэрстве гандлю, і ў Міністэрстве навукі.

Прыхільнік доўгай працы на адным месцы і яшчэ адзін землеўласнік, згаданы вышэй Андрэй Харкавец. Сын наменклатурнага работніка, ён пасля заканчэння наргаса ў 1985-м прыйшоў у Міністэрства фінансаў. За 29 гадоў Харкавец даслужыўся да пасады міністра. Паводле меркавання экспертаў, чыноўнік з’яўляецца прадстаўніком «ліберальнага» крыла ў беларускім урадзе.

Свае 15 сотак атрымае і гомельскі юрыст Аляксандр Федарцоў. Яго імя не такое вядомае, хоць ён амаль дзесяцігоддзе займае пасаду першага намесніка старшыні Вярхоўнага Суда. Федарцоў — той самы чалавек, які ў канцы 2011 чатыры гадзіны зачытваў расстрэльны вырак Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву.

На ўзбярэжжы

Першая берагавая лінія — самая дарагая зямля ў Вяснінцы. Яе пачалі раздаваць яшчэ сем гадоў таму. Тады ўчастак пад будаўніцтва займеў адзін з самых уплывовых беларускіх бізнэсменаў, старшыня рады дырэктараў «Амкадора» Аляксандр Шакуцін. За некалькі гадоў на пляцоўцы вымахаў гіганцкі чатырохпавярховік (калі лічыць з цокальным паверхам) агульнай плошчай больш за 1000 м2!

Неўзабаве побач пачаў будавацца тэнісіст Сяргей Цяцерын. У савецкія часы ён дасягаў якіх-ніякіх вынікаў на юніёрскім узроўні, а ў незалежнай Беларусі ўзначаліў зборную. Уплывовасць яму прынесла факультатыўная праца — Цяцерын вучыў тэнісу Аляксандра Лукашэнку. Цяпер ён заўсёдны ўдзельнік паездак кіраўніка дзяржавы на адпачынак у Сочы.

Прадэманстраваць трэнерскае майстэрства Цяцерыну найлепш удалося ў 2004-м, калі мужчынская зборная Беларусі сенсацыйна дайшла да паўфіналу Кубка Дэвіса, атрымаўшы бліскучую перамогу над Расіяй.

Доўгі час ён працуе намеснікам старшыні Федэрацыі тэніса Беларусі, якую, дарэчы, цяпер узначальвае Аляксандр Шакуцін.

Прыземісты катэдж Цяцерына стаіць на ўскрайку, хаваючыся за плотам. Калі паглядзець па спадарожнікавых картах, то адлегласць ад яго да вады складае ўсяго 30 метраў! Аднак праекціроўшчыкі пераконваюць, што гэта нават замнога, было б дастаткова і 18 метраў да вадасховішча.

Раней Шакуціну з Цяцерыным і іх гасцям даводзілася прабірацца да дома па гравійцы пад «кірпіч». Цяпер да іх катэджаў пракладаюць асфальтаваную дарогу. Каб зрабіць адгалінаванне вуліцы Вяснінка, давялося зносіць дом і адсяляць жыхароў. Вядома ж, за бюджэтны кошт.

Паводле прынятага генплана, уздоўж берага, побач з Шакуціным і Цяцерыным, змогуць пасяліцца яшчэ сямёра чалавек.

Некаторыя з гэтых катэджаў ужо амаль дабудаваныя і чакаюць сваіх уплывовых гаспадароў. Нагадаем, ніякія адкрытыя аўкцыёны па выдзяленні зямлі не праводзіліся.

* * *

Топ-5 самых адметных катэджаў Вяснінкі

Шпацыруючы па вуліцах Вяснінкі, можна ўбачыць катэджы самых розных архітэктурных стыляў. Вашай увазе прапануецца пяць самых арыгінальных будынкаў. Кожны з іх пракаментавала архітэктар Аляксандра Баярына.

Той самы гіганцкі дом Аляксандра Шакуціна (выгляд ззаду).

— З мінусаў тут плоскі фасад, занадта плоскія і дробныя накладныя элементы вакол вокнаў, маленькія вокны — адчуваецца нейкая агульная аўтарская нерашучасць. Колеравае рашэнне спакойнае, што неяк прыхарошвае выгляд пацыента.

— Першае жаданне — адмовіць гэтаму будынку ў праве называцца архітэктурай. Незразумела, для якой функцыі задуманая гэта пабудова. Дыягназ — цыганшчына ў вопратцы класікі. Смела, хвостка, але выдаткі пайшлі на глум.

— Здавальняючая адаптацыя інтэрнацыянальнага стылю да беларускага клімату. Адаптацыю выдаюць памеры, прывязка акна на правай частцы фасада і лесвіца, якой у такім выглядзе ў дадзеным тыпе архітэктуры не бывае. Але добры будынак, станоўчы.

— Сучасныя матэрыялы адпавядаюць форме і кампазіцыі. Нават пры такой змрочнасці станоўча працуе маналітнае вобразнае рашэнне аб’ему як сукупнасці ўсіх даступных позірку элементаў. Усё ідэальна! Калі яшчэ ўдала выкананы ландшафтны дызайн, праект можна аднесці да найлепшых у краіне.

— Даволі сімпатычны дом, які адпавядае тэндэнцыям будаваць невялікі па агульнай плошчы аднапавярховік, мажліва, з невялікай часткай другога паверха. Колеры экстэр’еру сябруюць, агароджа ў гармоніі з фасадамі — гэта радуе! Якасная праца архітэктара відавочная па далікатным выкарыстанні матэрыялаў для аздаблення. Гэта толькі здаецца, што катэдж сціплы, насамрэч ён поўны самапавагі і адчування годнасці.

Але будаўніцтва такога распластанага катэджа — дарагое задавальненне. Муры другога паверха каштуюць менш за дах. Такі дом бліжэй да элітнага, чым двухпавярховы. Лесвіца марнуе сілы, энергію, час, бо калі забылі нешта на 2-ім паверсе, давядзецца зноў адлічваць два маршы ўверх і ўніз. Любыя прыступкі — гэта намаганні, таму ідэальнае элітнае жытло — без прыступак.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)