Общество
Сямён Печанко

Што варта зрабіць у Заслаўі да Дня беларускага пісьменства

«Салідарнасць» падрыхтавала спіс прапаноў, якія можна рэалізаваць у часе падрыхтоўкі да адной з галоўных культурных падзей краіны.

У гісторыі незалежнай Беларусі замацавалася адна традыцыя. Гарады, якім выпаў лёс прымаць у сябе «Дажынкі» ( свята, якое ўжо ў мiнулым) і Дзень беларускага пісьменства, атрымліваюць фінансаванне на рэканструкцыю інфраструктуры. Можна спрачацца, добра гэта ці кепска, але факт застаецца фактам: маштабная падрыхтоўка абраных гарадоў да штогадовых святаў да нядаўніх часоў была стандартам.

«Салідарнасць» падрыхтавала спіс прапаноў ужо толькi да аргкамітэту па падрыхтоўцы і правядзенню Дня беларускага пісьменства, які пройдзе 7 верасня 2014 года ў Заслаўі. Тым больш, што горад прымае ў сябе фестываль у другі раз — гэта ўнікальны выпадак у 21-гадовай гісторыі свята.

Пачнем з гарадскога дома культуры «Світанак», які, напэўна, будзе адным з пунктаў святкавання. Збудаваны ён адносна нядаўна, аднак некаторыя ўчасткі сценаў і дэкору фасаду, а таксама мармуровыя прыступкі пры ўваходзе, выглядаюць аварыйнымі. Побач з ГДК просяць рамонту лаўкі.

Далей рушым у старую частку горада, дзе ў 2000 годзе адбываліся асноўныя святочныя мерапрыемствы. Тут месціцца касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі, збудаваны 240 год таму. Ён добра бачны з вокнаў цягнікоў, якія едуць праз Заслаўе, а таксама з кальцавой дарогі, што агінае горад. З такой адлегласці храмы выклікаюць захапленне сваёй велічнай прыгажосцю.

Аднак, калі нічога не зрабіць, у верасні госці фестывалю пабачаць іншую карціну: недаробленая, а месцамі і паўразбураная агароджа вакол касцёла, аблезлыя і патрэсканыя сцены. Фасад бажніцы месцамі патынкаваны і пабелены, але працы тут яшчэ непачаты край.

Дасведчаныя людзі кажуць пра аб’ектыўныя да прагамтызму прычыны занядбанасці касцёла: нешматлюдны прыход, адпаведна — слабое фінансаванне. Думаецца, што нацыянальны фестываль — добрая нагода і магчымасць выправіць сітуацыю.

На плошчы перад будынкам гарвыканкама знаходзіцца канцэртная пляцоўка пад адкрытым небам, неабароненая ад дажджу. Фестываль пройдзе, а гораду маглі б застацца новы амфітэатр і навесы над глядзельнай зонай. Тым больш, што тут рэгулярна адбываюцца лакальныя фестывалі.

З плошчы бачны дах Спаса-Прэабражэнскай царквы, былога кальвінскага збору, дзе некалі друкаваўся Сымон Будны. Гэта яшчэ адзін праблемны пункт у перадсвяточнай падрыхтоўцы. Яе фасад, як і ў выпадку з заслаўскім касцёлам, патрабуе ўвагі спецыялістаў. На тэрыторыі царквы, узбоч знойдзенай археолагамі Малой брамы старажытнага гарадзішча, муляе вока ўрэзаная проста ў земляны вал бетонная прыбіральня.

Гуляючы па вуліцах Заслаўся, нельга не заўважыць, што назвы іх амаль паўсюль напісаныя па-руску. Выключэнне складаюць шыльды на некалькіх прыватных дамах. Муніцыпальныя шыльды тут забыліся пра родную мову.

«Улица Рогнеды», «Великая», «Рыночная», «Замковая», «улица Якуба Коласа» — гучыць як здзек у горадзе Рагнеды і Ізяслава, горадзе, які ўжо прымаў паўтара дзясятка гадоў таму ў сябе свята беларускага пісьменства.

Зрэшты, ужо тады прадстаўнікі інтэлігенцыі выказвалі трывогу з нагоды згортвання беларушчыны. Цяпер беларуская мова ў Заслаўі сустракаецца фрагментамi: на вітрыне мясцовага дома быту — прывітанне 1990-м, на некалькіх рэкламных шыльдах на гарадскім рынку, ды на ўказальніках музейнага комплексу. Па-беларуску названыя дзве мясцовыя кавярні, але мова тут — хутчэй дэкор, ці яшчэ горш — экзотыка.

Напрыканцы дазволім сабе пафантазіраваць. У 2000-м прэса паведамляла пра пафарбаваны да свята помнік Леніну. Ён дагэтуль стаіць каля гарвыканкама і мае ўсе шанцы на сваю порцыю фестывальнай пазалоты. Ёсць іншы варынят, на які, аднак, патрэбная палітычная воля. Ленін наўрадці ведаў пра існаванне Заслаўя, не кажучы ўжо, каб перажываў за ягоны лёс. Таму нічога страшнага ў дэмантажы заслаўскага Ільіча няма. У рэшце рэшт, яго можна прадаць у літоўскі “камуністычны дыснейлэнд”.

Помнік Рагнедзе і Ізяславу ўсталяваны на вуліцы Савецкай, на мяжы новых мікрараёнаў, болш чым у кіламетры ад старога горада. Вуліца Рагнеды знаходзіцца ў былой вёсцы Кладачкі, далучанай да Заслаўя. Адсюль і да помніка, і да старога горада некалькі кіламетраў. Гэтую недарэчнасць можна выправіць, перайменаваўшы Савецкую ў вуліцу Рагнеды. Гэта б звязала новыя раёны (і помнік) з гістарычным цэнтрам, бо Савецкая перацякае ў Вялікую, на якой месціцца касцёл і гарсавет, і да якой прымыкаюць Рынкавая і Замкавая.

Магчыма, прагучыць па-папулісцку, але выдаткі ад перайменавання мусіць кампенсаваць дзяржава. У рамках падрыхтоўкі да свята.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)