Общество
Сяргей Макарэвіч, «Наша Ніва»

«З краіны-транзіцёра мы ператвараемся ў краіну-спажыўца»

Яшчэ два-тры гады таму мала хто ведаў гэтыя спайсы. Гэтыя сумесі для палення свабодна прадаваліся. А сёння маем — тры смерці за тыдзень.

І яшчэ дзясяткі знявечаных лёсаў, пра што родныя не гавораць публічна.

Cтатыстыка: два з трох злачынстваў з наркотыкамі звязаныя менавіта са спайсам. «З краіны-транзіцёра мы ператвараемся ў краіну-спажыўца», — пракаментаваў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.

І вось новая трагедыя, зноў у Мінску. 24-гадовы хлопец памёр ад перадазіроўкі. Адпачывала кампанія. Адзін з прыяцеляў-праграмістаў прапанаваў купіць «марак» і расслабіцца. Замовілі праз інтэрнэт. А калі «закінуліся», завадатару стала кепска: у неадэкватным стане ён выскачыў на двор. Пакуль бегалі за ім і выклікалі «хуткую», у кватэры ад перадозу сканаў другі хлопец. Праграміста ж даставілі ў псіхбальніцу ў Навінкі.

Паводле афіцыйных звестак, ад новага псіхатропу памерлі шэсць чалавек.

Чаго не ведаюць людзі, якія паддаюцца на падманлівую рэкламу пра нібыта легальныя і бяспечныя наркотыкі?

Хутка прывыкаеш

Спайсы — гэта сінтэтычныя сумесі для палення. З выгляду — тая ж табака (трава), на якую нанесена псіхаактыўнае хімічнае рэчыва. Яно можа быць у дзясяткі разоў мацнейшым за каноплі альбо гераін. «Марка» — гэта кавалачак паперы, змочаны ў наркотыку. Калі спайсы кураць, то «маркі» кладуць пад язык.

Што іх яднае — рэчыва, якое ў іх можа выкарыстоўвацца. Апошнім часам распаўсюджваецца MDPV (МетыленДыоксіПіравалерон).

Самае бяскрыўднае, што адбываецца са спажыўцамі спайсаў і «марак», — «пакаўбасіла» і адпусціла. Але для кагосьці нават першы раз заканчваецца трагічна. І калі ўдаецца пазбегнуць смерці, то гэта не азначае, што вы будзеце нармальна жыць далей.

«Слова «спайсы» мы ведалі раней, але хворых не бачылі. За мінулы год у аддзяленні было прыкладна каля 35 пацыентаў з чыстымі спайсамі — без іншых залежнасцяў. З іх 5—7 чалавек — 16- і 17-гадовыя. Але два гады таму са спайсамі ў нас увогуле нікога не было! — расказвае загадчык наркалагічнага аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя Уладзімір Іваноў.

— Гэта страшны наркотык, бо хутка выклікае залежнасць — яна выпрацоўваецца прыкладна так, як і пры гераіне. За месяц эпізадычнага ўжывання можна атрымаць залежнасць на фізіялагічным узроўні. У мяне было некалькі пацыентаў сярод бізнэсоўцаў сярэдняй рукі, якія «пракурвалі» цэлыя фірмы, кідалі сем’і. Узнікаюць цяжкія псіхозы, якія дрэнна лечацца».

Залежнасць на ўсё жыццё

Спажыўцы спайсаў і «марак» памыляюцца, калі думаюць, што лёгка могуць адмовіцца ад наркотыкаў. Яны перацэньваюць сваю сілу волі. «Любая хімічная і нават нехімічная (гульнявая ці камп’ютарная) залежнасць з біялагічнага пункту гледжання з’яўляецца невылечным станам.

Мозг памятае задавальненне, якое атрымліваў ад ужывання рэчыва. Таму ў чалавека перыядычна ўзнікае больш-менш моцнае жаданне паўтарыць тыя адчуванні. І з гэтым нельга нічога зрабіць. Але калі чалавек хоча жыць па-іншаму, змяніць жыццё да лепшага, можа гэта зрабіць шляхам перавучвання і набыцця нейкіх новых форм паводзінаў, а таксама прытрымлівання так званай тэхнікі бяспекі», — адзначае Уладзімір Іваноў.

Але дапамагчы такім людзям можна, калі ў іх няма выяўленага парушэння псіхікі. Бо сумесі для палення прыводзяць да прыдуркаватасці: у людзей узнікае абыякавасць да жыцця, знікаюць сяброўскія сувязі, страчваюцца працоўныя навыкі. І для такіх людзей адзіны выхад — стварэнне спецыяльных прытулкаў, дзе яны маглі б пажыццёва знаходзіцца.

Як заўважыць?

Спажыўцы спайсаў — як правіла, моладзь. Пачасціліся выпадкі, калі на іх падсаджваюцца і дзеці. Ці могуць бацькі вызначыць па паводзінах, што іх любімыя і найлепшыя ўжываюць наркотыкі?

«Мяняюцца паводзіны. Дзеці пачынаюць адасабляцца, пазбягаюць бацькоў. Знікае інтарэс да вучобы і хобі. Ад дзяцей можа сыходзіць дзіўны пах. Пачынаюцца праблемы з памяццю, з уважлівасцю, з’яўляецца раздражнёнасць, парушэнне сну, зніжаецца апетыт. І ўзнікае патрэба ў грошах, вядома ж. «Полка» спайсу (на іх жаргоне — паўграма) каштуе 100-120 тысяч рублёў», — заўважае Уладзімір Іваноў. І калі гэта ўсё-ткі здарылася, трэба звяртацца да спецыялістаў.

Не даць забіцца

Як паказвае практыка, спайсы і «маркі» ўжываюць у кампаніях. Але калі аднаму з прыяцеляў ці прыяцелек «зрывае дах», іншыя губляюцца і не ведаюць, што рабіць. Ад эйфарыі, якая можа змяняцца паранояй, пад наркатой людзі робяць самыя неадэкватныя ўчынкі: брэшуць, поўзаюць, скачуць, крычаць, залазяць на дах…

І самае страшнае, што яны нявечаць, а то і забіваюць самі сябе. У такіх выпадках трэба проста трымаць, а то і звязваць іх.

«Літаральна ўчора я размаўляў з чалавекам, які быў на мяжы перадазіроўкі — ён думаў, што ўжо памірае. Як ён расказваў, у яго было такое адчуванне, што кудысьці правальваецца, мозг адключаецца, з’яўляецца думка, што ён памірае ў кайфе», — расказавае в.а. загадчыка наркалагічнага аддзялення Гарадскога клінічнага наркадыспансера Мінска Андрэй Абрамовіч. Перадазіроўка — крок да смерці. Калі своечасова не аказаць дапамогу, чалавек можа ўпасці ў кому. Знешне перадоз праяўляецца ў тузаніне рук, ног, на твары з’яўляюцца грымасы — «заўважна, што чалавеку кепска». І выхад толькі адзін — як хутчэй выклікаць медыкаў.

А тыя, каму пасля перадозу пашчасціла выйсці з комы, не ў стане самі адмовіцца ад наркотыкаў.

«Пасля комы праводзіцца дэтаксікацыя, і пасля з ім працуюць на пераадольванне наймацнейшай псіхалагічнай залежнасці. Зняць ломку і адмену — гэта адно, а далейшае лячэнне — гэта ўжо справа псіхолага і псіхатэрапеўта», — кажа Андрэй Абрамовіч.

Дзяржава сама не дасць рады

«Многія пацыенты маюць патрэбу ў пераходным перыядзе — ад стацыянара да нармальнага жыцця. Ім патрэбна групавая падтрымка.

З майго пункту гледжання, трэба ствараць бясплатныя групы самаўзаемадапамогі для спажыўцоў наркотыкаў. Гэта важная праца, якая не выконваецца і не падтрымліваецца дзяржавай. Фактычна адзінае грамадскае аб’яднанне, якое актыўна і шмат гадоў бясплатна дапамагае наркаманам, курыльшчыкам — «Абуджэнне», — знаходзіцца на мяжы знікнення.

Ва ўмовах, калі нас накрывае чарговы вал наркатызацыі, павінны быць падключаныя ўсе такія грамадскія аб’яднанні. Дзяржава сама не дасць рады, патрэбны ўдзел насельніцтва ў прафілактычных і рэабілітацыйных праграмах. А ў нас урад да сёння не прыняў нават палажэнне аб рэабілітацыйным цэнтры для наркалагічных хворых», — адзначыў Уладзімір Іваноў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)