Общество

Памёр Рыгор Барадулін

Народны паэт Рыгор Барадулін памёр 2 сакавіка.

Фота Сяргея Шапрана

Толькі ў панядзелак дзядзька Рыгор, як яго называлі блізкія, адзначыў 79-ы год народзінаў. А ўжо ў нядзелю паэт пайшоў з жыцця.

– На жаль, так атрымалася, што і ў мяне няма сіл і здароўя гаварыць пра гэтую страшную навіну. Адышоў унікальны для Беларусі і ня толькі для Беларусі паэт, апошні паэт незямной красы. Натуральны, моцна беларускі. Паэт такой сілы, што я не магу яшчэ гаварыць пра ягоную веліч, бо гэта вызначыць час, – гаворыць на Радыё Свабода сябар і калега памёрлага Генадзь Бураўкін. – Але шчасьце, што Бог паслаў нам гэтага генія, чараўніка, правідцу. Гэта вельмі рэдка здараецца, што прыходзяць паэты такой сілы. Але шчасьце, што здарылася.

Дарагі Рыгор. Ты з намі. Мы дыхаем з табой. Жывем з табой. Ты будзеш жыць доўга побач з Янкам Купалам, Максімам Багдановічам, Васілём Быкавым. Не хачу і магу казаць „жыў“. Ня маю права. Ня мела права і здарыцца тое, што здарылася з табой. Ты з намі.

Кіраўнік кампаніі “Гавары праўду” Уладзімер Някляеў кажа:

– Беларусь страціла найлепшага свайго паэта, Беларусь страціла нацыянальнага генія.

Некалі на адзін з дзён народзінаў я падараваў яму кубак, наліўшы туды мёду, і напісаў на гэтым кубку чатырохрадкоўе, якое заканчвалася так: „Дай Божа вечна жыць і вечна барадуліць“. Ня выйшла вечна, фізычна ня выйшла. Але ён стварыў несьмяротную паэзію, і ў ёй — у несьмяротным беларускім слове, у несьмяротным беларускім дыху — Барадулін будзе жыць вечна. Калі хто ня бачыць гэтага сёньня, не разумее, то ўбачыць і зразумее гэта заўтра.

У чымсьці знакава, што яго не стала ў даравальную нядзелю, таму я хачу сказаць: даруй, Рыгор, даруй мне, даруй сваім неабачлівым сябрам, даруй разумнікам і дурням, якія глуха ня чулі цябе, прарока праўдзівага, а слухалі прарокаў ілжывых ды яшчэ каснаязыкіх. Усё гэта зьменіцца, усё стане на свае месцы. Спадзяюся, пачуюць і сучасьнікі, і нашчадкі.

Спадар Рыгор памёр раптоўна, а 6-й вечару. Яшчэ днём ён размаўляў з сябрам.

– Яны прагаварылі каля дзвюх гадзін, добра гаварылі. Рыгор не хваляваўся, не нерваваўся, – ледзь стрымліваючы слёзы, распавяла «Комсомольской правде в Белоруссии» жонка паэта спадарыня Валянціна. – Потым мы застьаліся ўдвох, і ў некі момант Рыгору зрабілася дрэнна...

Я справбавала яму дапамагчы, але не здолела. Можа, гэта сэрца не вытрымала? Сэрца ў яго было слабое... Так хутка ўсё здарылася...

Апошнім часам Рыгор някепска выглядаў, працаваў. Я па гадзінах давала яму лекі. Днямі Чырвоны касцёл замовіў яму верш пра Турынскую плашчаніцу. Ён сёння павінен быў напісаць, але не паспеў, так і ляжаць на стале пустыя аркушы...

Ці не апошняе сваё інтэрвью спадар Рыгор даў напярэдадні 79-годдзя журналісту “Новага часу” Сяргею Шапрану. Там былі такія радкі:

– Мне і дасюль здаецца, што ўсе старэйшыя за цябе, гэта толькі ты малады. Але часам як узгадаеш, што табе пад 80, нібыта з-за пазухі дастанеш гэтыя лічбы... Я заўсёды думаў, што 80 гадоў — гэта многа і, вядома, ніколі на сябе не прымяраў, а цяпер, калі мне самому столькі, дык адчуваю, што гэта ўсё-ткі мнагавата... Ну, колькі Бог дае, столькі і будзеш жыць, нікуды не ўцячэш, усе гады — плённыя яны ці не — усе яны твае. І чым меней застаецца тых гадоў, тым больш хочацца жыць...

— Дзядзька Рыгор, прабачце, калі ласка, яшчэ за такое пытанне, але ж кожны чалавек задумваецца пра тое, што некалі яго, як вы самі напісалі, гукнуць продкі. Вы ж не можаце пазбавіцца гэтай думкі?

— Часам думаеш, што адзінае страшнае, што можа быць, — гэта пакутаваць перад смерцю. А там ужо што будзе, тое і будзе.

— Дык вы сумняваецеся ў тым, ці ёсць смерць, ці яе няма?

— Смерці няма.

— Але ў вас няма дакладнага прадчування, ведання таго, што будзе пасля?

— Не.

— Барыс Пастарнак пісаў, што мастацтва, гаворачы пра смерць, тым самым стварае жыццё. У вашай паэзіі апошняга дзесяцігоддзя гэтая тэма адна з найгалоўных.

— І чым далей, тым больш, бо чым далей, тым бліжэй да смерці, якая набывае ў маім уяўленні свае рысы, хай яны і не канкрэтныя, не бачныя, але прысутнасць смерці ўжо адчуваецца...

“Салідарнасць” спачувае сваякам і блізкім Рыгора Барадуліна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)