Политика
Аляксандра Дынько, Радыё Свабода

«На сустрэчу з Лукашэнкам запрашалі канкрэтна мяне»

Кіраўнікі СМІ, якія будуць удзельнічаць у сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 21 студзеня, кажуць, што пра сустрэчу даведаліся літаральна пры канцы мінулага тыдня і не ўяўляюць, пра што на ёй будзе ісьці гаворка.

Юры Зісер, заснавальнік парталу tut.by, кажа, што пазванілі «нейкія людзі з Адміністрацыі» (прэзыдэнта. — РС) пры канцы мінулага тыдня:

«Сёньня перазванілі, сказалі, што сустрэча дакладна адбудзецца і што патрэбны менавіта я, а не галоўны рэдактар».

«Ніякіх абмежаваньняў ня ставілі. Відаць, неяк супакоілася, будзем спадзявацца на... Я так разумею, што гэта не прэс-канфэрэнцыя, а закрытая размова, кавалкі якой пакажуць увечары па БТ. Але думаю, што нельга будзе ані запісваць, анічога... — мяркуе Юры Зісер пра фармат сустрэчы. Паводле ягоных словаў, калі згадваць папярэднія прэс-канфэрэнцыі, сустрэча можа доўжыцца да пяці гадзінаў.

Якія менавіта пытаньні будуць абмяркоўвацца, Юры Зісер ня ведае:

«Калі б на 10 хвілінаў сабралі, то можна было б меркаваць, пра што гаворка, а калі на пяць гадзінаў, то ўпэўнены, што размова будзе пра ўсё».

Жыўцом Юры Зісер прэзыдэнта ня бачыў і за адзін стол зь ім ніколі не сядаў.

Прыблізна гэтаксама трапіў у сьпіс запрошаных на сустрэчу з прэзыдэнтам дырэктар інфармацыйнага агенцтва «Белапан» Алесь Ліпай. Калі апошні раз ён атрымліваў такую прапанову, ужо не згадае, — гэта значыць «ніколі»:

«Затэлефанавалі напрыканцы мінулага тыдня з прэс-службы прэзыдэнта. Сказалі, што гаворка будзе ісьці пра вынікі мінулага году і пэрспэктывы. Не было ніякіх падрабязнасьцяў, усё вельмі сьцісла і коратка. Сказалі, што ніякіх абмежаваньняў для тэмаў, якія будуць там абмяркоўвацца».

«Мне сказалі, што гэта ня будзе прэс-канфэрэнцыя ў фармаце „пытаньне — адказ“, — тлумачыць Ліпай. — Гэта будзе сустрэча, на якой можна будзе сьцісла выкласьці сваю пазыцыю па праблемах, якія існуюць цяпер у Беларусі».

Ліпай згадвае, што падобнага кшталту сустрэчы зь незалежнымі СМІ дагэтуль не праводзіліся, і мяркуе, што, магчыма, заўтрашняя сустрэча заменіць традыцыйную штогадовую прэс-канфэрэнцыю прэзыдэнта для беларускіх мэдыяў.

«Магчыма, прэс-канфэрэнцыі і ня будзе. У адзін месяц праводзіць два буйныя мерапрыемствы, мне падаецца, немэтазгодна», — кажа Алесь Ліпай.

Уладзімер Беражкоў, рэдактар «Прэсбола», у 1997 годзе меў эксклюзіўнае інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам. Кажа, што яны гадзіну прагаварылі сам-насам. Яго таксама запрасілі ў пятніцу з прэзыдэнцкай прэс-службы, прычым на сустрэчу запрашаўся менавіта ён:

«Мяркуючы па тым, што запрошаныя амаль усе кіраўнікі вядучых СМІ, думаю, што прэзыдэнт хоча паслухаць і вострыя пытаньні. Я так лічу. Хоча, напэўна, паслухаць нейкае меркаваньне, атрымаць зваротную сувязь. Але я магу толькі здагадвацца, бо ня ведаю, што будзе заўтра. Перада мною ня ставілі аніякіх пытаньняў, якія я мушу ўздымаць. Усё будзе экспромтам».

Паводле інфармацыі таго ж TUT.BY, удзел у сустрэчы возьмуць:

заснавальнік партала TUT.BY Юры Зісер,

старшыня НДТРК Генадзь Давыдзька,

генэральны дырэктар СТВ Юры Казіятка,

кіраўнік АНТ Рыгор Кісель,

генэральны дырэктар інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА Дзьмітры Жук,

кіраўнік інфармацыйнай кампаніі БЕЛАПАН Алесь Ліпай,

галоўны рэдактар газэты «Беларусь Сегодня» Павал Якубовіч,

галоўны рэдактар выдавецкага дому «Звязда» Аляксандар Карлюкевіч,

галоўны рэдактар газэты «Прэсбол» Уладзімер Беражкоў.

Сустрэча адбудзецца ў новапабудаваным Палацы незалежнасьці. Удзельнікам прапанавана падыйсьці да палаца а 9.50 ранку.

Газэта «Наша ніва» зьмясьціла ў сябе на сайце інфармацыю пра тое, што яе кіраўніцтва на сустрэчу не запрашалі. Паводле інфармацыі Радыё Свабода, не атрымлівалі такога запрашэньня і рэдактары шэрагу іншых незалежных выданьняў.

Рэдактарка сайту Charter’97 Натальля Радзіна таксама паведаміла, што на сустрэчу яе не запрашалі, і назвала яе «прафанацыяй».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)