Общество
Анастасія Зелянкова

Беларус наміналам 100 тысяч злотых

У аб’ектыве праекта «Ілюстраваная гісторыя» даволі незвычайны аб’ект — 100 тысяч польскіх злотых.

Здавалася б, якая сувязь паміж польскімі грашыма і беларускай гісторыяй? Аднак калі ўважліва прыгледзецца да 100-тысячнай купюры, можна ўбачыць на ёй партрэт выдатнага кампазітара Станіслава Манюшкі, унёсак якога ў беларускую музычную спадчыну нельга ацаніць ніякімі грашыма. Канешне, палякі тут могуць паспрачацца, заявіўшы, што Манюшка – гэта польскі кампазітар. Сапраўды, з 40 гадоў ён жыў у Варшаве, быў дырыжорам Вялікага тэатра, прафесарам Музычнага інстытута, аднак ніколі не забываў пра сваё паходжанне. А, дарэчы, нарадзіўся Манюшка ў вёсцы Убель, недалёка ад Мінска, бацька яго быў капітанам палка літоўскіх конных стралкоў, а маці праўнучкай Яна Маджарскага – заснавальніка фабрыкі слуцкіх паясоў.

Да канца жыцця Манюшка выкарыстоўваў у сваіх музычных творах беларускі фальклор. А 9 лютага 1852 года ў Мінскім гарадскім тэатры ўпершыню з беларускай сцэны загучалі не толькі нацыянальныя мелодыі, але і беларускія словы ў оперы “Ідылія”. Гэта была не проста творчая смеласць драматурга Дуніна-Марцінкевіча і кампазітара Станіслава Манюшкі, якія адважыліся ва ўмовах забароны ўсяго беларускага ў творчай форме праявіць свае сімпатыі. Гэта была свядомая акцыя дэманстрацыі грамадзянскай і ідэйнай пазіцыі.

Палякі ўвасобілі Станіслава Манюшку на 100-тысячнай купюры, назвах вуліц і іншых аб’ектаў. Нядаўна ў байнэце з’явілася ініцыятыва паставіць вялікаму кампазітару помнік у скверы на плошчы Свабоды ў Мінску. Тварам да гатэля “Еўропа”, дзе ў сярэдзіне ХІХ ст. знаходзіўся Мінскі гарадскі тэатр, у якім і адбылася прэм’ера “Ідыліі”.

Таксама ў праекце:

Дом з замураванымі вокнамі

Як свецкая ільвіца саграшыла з губернатарам

Палац з фільма жахаў

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)