Политика
Руслан Гарбачоў, фота vytoki.net і з архіва Сяргея Навумчыка

Калі б не было БНФ, то…

У суботу споўніцца 25 год ад заснавання Беларускага Народнага Фронту. З гэтай нагоды свае гісторыі «Салідарнасці» распавялі Вінцук Вячорка, Сяргей Навумчык, Сяржук Сокалаў-Воюш, Валянцін Голубеў і Аляксей Марачкін. Успаміны, якія дадуць вам магчымасць па-новаму паглядзець на гісторыю Беларусі.

Вінцук Вячорка, адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту, старшыня Партыі БНФ з 1999 па 2007 год:

Вінцук Вячорка (другі злева) – вядучы першага дазволенага мітынгу БНФ (на стадыёне «Дынама») 19 лютага 1989 года

– Прычын утварэння БНФ было некалькі: агульны працэс аднаўлення нацыянальнай свядомасці, дэкамунізацыя, крах савецкай мадэлі, праца нацыянальна-дэмакратычных сіл у 60-80-я гады. Шокам для соцен тысячаў, а магчыма, і мільёнаў чалавек стаў артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога смерці», які быў надрукаваны ў штотыднёвіку «ЛіМ» 3 чэрвеня 1988 года. Тэкст паказаў, якую страшную таямніцу хавае ўяўная беспраблемная і шчаслівая савецкая рэчаіснасць, якім коштам дасягалася аднадумства.

Людзі, якія мелі пачуццё чалавечнасці, былі абураныя і жадалі перамагчы няпраўду, якая пачала асацыявацца з камуністычнай сістэмай.

У маім коле, у людзей, якія стваралі Канфедэрацыю беларускіх суполак і падпольную групу «Незалежнасць» (Віктар Івашкевіч, Ігар Гермянчук, Алесь Бяляцкі, Сяргей Дубавец, Алесь Суша, Гэнік Лойка і інш.), прыблізна ў ліпені-жніўні 1988 года ўжо была гатова канцэпцыя стварэння масавага нацыянальна-дэмакратычнага руху. Мы бралі прыклад з Прыбалтыкі, дзе увесну-улетку адзін за адным ствараліся народныя фронты.

Пра штосьці вельмі падобнае разважаў Зянон Пазьняк і яго група.

Аляксей Марачкін, сябра аргкамітэту БНФ, першы старшыня мастацкай суполкі «Пагоня»:

Аляксей Марачкін на мітынгу падчас рабочых страйкаў у маі 1991 года (фота Ўладзіміра Кармілкіна)

– Мы, мастакі, і Зянон Пазьняк, як навукоўца, да утварэння БНФ патаемна збіраліся на кватэрах. Ніколі не забуду, як на адной сустрэчы ў сярэдзіне 80-х Зянон Станіслававіч звярнуўся да групкі мастакоў і пісьменнікаў: а што хлопцы, ці гатовы мы духоўна і маральна да сітуацыі, калі ляснецца Савецкі Саюз? Нехта скептычна усміхнуўся: ну як гэта, такая машына і ляснецца? А Пазьняк ужо рыхтаваўся да гэтага.

Сяргей Навумчык, каардынатар Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання, лаўрэат прэміі Беларускага ПЭН-цэнтру імя Алеся Адамовіча за кнігу «Сем гадоў Адраджэння, альбо фрагменты найноўшай беларускай гісторыі (1988—1995)»

Сяргей Навумчык на мітынгу перад пачаткам Сэсіі Незалежнасці, 24 жніўня 1991 года (фота Уладзіміра Кармілкіна)

– Я добра памятаю вечар 19 кастрычніка 1988 году, калі мы разам з Уладзімерам Арловым сядзелі на на ўстаноўчым сходзе грамадска-асветніцкага таварыства памяці ахвяр «Мартыралог Беларусі» ў Чырвоным касцёле (тады там месціўся Дом кіно). У залю па загаду ЦК было нагнана сотні дзве ветэранаў, “перадавікоў вытворчасці”, якія абурана крычалі і нават тупалі нагамі. Але яны зрабілі тактычную памылку: занялі апошнія шэрагі, а мы селі наперадзе.

Там быў такі ключавы момант: трэба было выбіраць старшыню “Мартыралогу”, які павінен быў весьці сход далей. І ад яго залежыла, ці будзе пастаўлена на галасаванне пытаньне аб утварэнні Аргкамітэту Народнага Фронту.

Прагучала прапанова абраць Пазьняка. Супрацоўнік ЦК спрабаваў сарваць галасаванне, але вельмі рашуча павёў сябе Васіль Быкаў – ён проста вырваў мікрафон з рук камуністычнага функцыянера і паставіў на галасаванне кандыдатуру Пазьняка.

Злева направа – супрацоўнік ЦК КПБ Расціслаў Бузук, вядоўца сходу, пісьменьнік Міхась Дубянецкі, Васіль Быкаў

Камуністы нагэтулькі былі ашаломленыя, што нават не ўзнялі рукі супраць! Людзі горача віталі прамоўцаў, а мне дык і самому пашчасціла выступіць. Потым у мяне былі сотні прамоваў – і на сэсіях парламента, і на шматтысячных мітынгах, але той выступ для мяне самы запамінальны, бо перапаўнялі эмоцыі. І пры гэтым, што цікава, у нас з Арловым было поўнае ўсведамленьне гістарычнасці гэтага вечара. Але хутка эмоцыі саступілі месца напружанай працы.

Вінцук Вячорка: Напярэдадні 19 кастрычніка нас з Алесем Сушам забралі на зборы запаснікоў у Мар’іну Горку. Але мы на нейкім паламаным «Запарожцы» уцяклі адтуль (вярнуліся назад уначы) і прыехалі ў Менск у чым былі – у лейтэнанцкай форме. У Доме кіно нас сустрэлі радаснымі воклічамі: «Армія з намі!».

Да Дзядоў мы правялі сур’ёзную інфармацыйную кампанію. Але і ўлада рыхтавалася. 30 кастрычніка была перакрыта апошняя на той час станцыя метро, і перад месцам збора, Усходнімі могілкамі, дзе зараз знаходзіууа вуліца Каліноўскага, стаялі кардоны міліцыянераў і людзей ў цывільным.

Аляксей Марачкін: 30 кастрычніка я пайшоў на Дзяды усёй сям’ёю – з жонкай і сынам. Да Усходніх могілак сцякаліся ручайкі з усяго горада. Ля ўваходу стаялі машыны, крычалі з мацюгальнікамі міліцыянеры. Яны хацелі скруціць Пазьняка, але жанчыны сталі кальцом і абаранялі яго. А мяне вось схапілі, кінулі ў машыну. Жонка – за мною (ніколі не думаў, што яна такая смелая), а за ёю і Ігар. Прывезлі нас ў пастарунак, дзе ўжо знаходзіўся Алесь Пушкін. Абвінавацілі ў тым, што мітынг быў недазволены. Гадзіны чатыры пратрымалі, за гэты час паход на Курапаты ўжо скончыўся.

Вінцук Вячорка: Мяне спрабавалі завалакчы ў «Жыгулі», але людзі вырвалі мяне і «агародамі» я ўсёткі далучыўся да астатніх. Да Курапатаў большасць людзей, як вядома, не дайшла. Мітынг правялі ў полі, куды завярнула калона, пасля чаго адбыўся разгон.

Масавасць, шматтысячны натоўп, я думаю, прадухілілі найбольш дзікі варыянт паводзінаў уладаў. Не выключана, што яны былі гатовы да тбіліскага ці рыжскага сцэнароў. Але ў выніку абмежаваліся спробамі сілай выхапіць лідараў з натоўпу і нейтралізаваць іх слезатачывым газам. Садзіць на суткі ўлады яшчэ не дадумаліся.

Аднак многіх пасля пераследвалі, у тым ліку Алеся Бяляцкага, якому прысудзілі штраф. Людзі праявілі салідарнасць, грошы для выплаты сабралі яго калегі па Інстытуце літаратуры Акадэміі навук.

Дэманстрацыя сілы з боку ўладаў наклалася на шок ад ведаў пра Курапаты. Газеты пісалі пры газ і збіццё. Пасля гэтага было дастаткова даць караценькую інфрмацыю пра тое, што групы падтрымкі БНФ ствараюццца па ўсёй краіне (па месцы працы, вучобы і г.д.) і дадаць кантактны тэлефон і адрас (на той час Дом літаратара).

Прыйшлі сотні заяваў, што на заводзе, у мястэчку створана група падтрымкі БНФ. У Фронт увайшлі моладевыя суполкі, нацыянальна свядомая інтэлігенцыя, рабочыя, супрацоўнікі ўсіх інстытутаў Акадэміі навук, супрацоўнікі універсітэтаў, таго ж хімфаку БДУ. Пасля разгону на 30 кастрычніка 1988 года БНФ ператварыўся ў агульнанацыянальны рух.

Сяржук Сокалаў-Воюш, бард, аўтар гімна БНФ «Фронт»:

25 сакавіка 1990 года, Дзень Волі ў Мінску. Сяржук Сокалаў-Воюш наперадзе з гітарай (фота Ўладзіміра Кармілкіна)

– Гэта быў агульны ўздым, і мы ўсе былі як вялікая сям’я. Мяне ніхто спецыяльна не запрашаў на акцыі, мяне запрашала туды маё сумленне. Мой народ стаіць на плошчы, чаму я мушу сядзець у хаце? І для каго я ў рэшце рэшт пішу? Калі ў Менску мы стаялі на плошчы і прыходзілі звесткі, што ў Воршы людзі селі на рэйкі і не прапускаюць цягнікі, мы сядалі ў машыну і я ехаў туды, бо адчуваў, што я там патрэбны.

Я ж пачынаў пісаць па-руску, у часопісе «Кругозор» выйшла падборка з маімі вершамі, мяне запрашалі вучыцца ў Маскву. Але ў адзін цудоўны момант чалавек пачынае разумець, што ён зусім не той, каго з яго зляпілі. Родная мова мяняе чалавека.

Калі ў савецкія часы працаваў настаўнікам у школе, прапанаваў дырэктару ўпершыню зладзіць агляд самадзейнасці па-беларуску. Да мяне прыйшоў Вадзім Навіцкі, настаўнік фізкультуры і музыка, сказаў: маю цудоўную мелодыю, напішы да яе словы. І вось аднойчы на адной педагагічнай радзе, дзе як звычайна не было чым заняцца, я напісаў гэты тэкст.

Песня «Фронт» была створана пасля першага дазволена мітынгу БНФ, які прайшоў на стадыёне «Дынама» у пачатку 89-га. Мы вярталіся ў Наваполацк, і, відаць, у цягніку былі напісаны гэтыя радкі. «Фронт» на ўсіх маіх выступах у тыя часы быў загалоўнай песняй.

У Наваполацку нас было некалькі дзесяткаў. У БНФ ішлі мае былыя вучні, ішлі рабочыя, а вось інтэлігенцыі было не так шмат. Мы былі рамантыкамі, былі гатовыя ахвяраваць сваім дабрабытам, сваім часам. Мой сын Стась быў са мною на ўсіх мітынгах.

Аляксей Марачкін: Яшчэ адна ўнікальная падзея адбылася ў лютым 1990 года. Як сказаў Зянон, такое здарылася упершыню на тэрыторыі Савецкага Саюза. Напярэдадні выбараў на З’езд народных дэпутатаў СССР на плошчы Леніна адбыўся 100-тысячны мітынг. Пасля яго калона рушыла да будынка рэспубліканскага тэлебачання на вуліцу Камуністычную.

Мы папрасілі прадаставіць нам просты эфір: цывілізавана, культурна, спасылаючыся на народ («каб не было кровапраліцця»). Нас папрасілі накіравацца ў студыю на Макаёнка. Мы селі ў машыну, разгарнулі бел-чырвона-белы сцяг і паехалі. Выступалі утрох: Пазьняк, Вячорка і я.

Вінцук Вячорка: Казалі пра крызіс камуністычнай ўлады, пра неабходнасць самастойнасці Беларусі, пра наша права доступу да агульнанацыянальных СМІ.

Валянцін Голубеў, каардынатар Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання, доктар гістарычных навук:

Валянцін Голубеў на мітынгу супраць ГКЧП 22 жніўня 1991 года (фота Ўладзіміра Кармілкіна)

– Я люблю і ўмею выступаць. Калі выступаеш перад аднадумцамі, гэта акрыляе і цябе, і людзей. У пачатку 90-х я выступаў перад аўдыторыямі ў дзесяткі тысяч чалавек, і мы былі адным цэлым. Асабліва важнымі былі для мяне выступы перед рабочымі ў час страйку 1991 года. Тады цяжка было адчуць: ці людзі выйшлі толькі з-за каўбасы, ці ўжо і за незалежнасць і дэмакратыю. Нам, прадстаўнікам БНФ, прыйшлося ўзначальваць рабочы рух. І атрымалася! Людзі пачалі патрабаваць ад уладаў суверэнітэту.

Напачатку не было фіксаванага членства ў Народным фронце. Мы ўсе, хто прычапіў сабе бел-чырвона-белы значок, лічылі сябе сябрамі БНФ. Актыўна я далучыўся да руху ў 1990 годзе. Мы разам з Зянонам Пазьняком працавалі ў Інстытуце гісторыі. Я сядзеў на другім паверсе, а ён з археолагамі на трэцім. І калі абвясцілі выбары ў Вярхоўны Савет, Зянон Пазьняк прапанаваў мне пайсці на іх ад БНФ.

Супернікамі па Алібегаўскай акрузе сталі сярод іншых рэктар педуніверсітэта, генерал і сакратар ЦК камсамола. Але мне было вельмі проста з імі змагацца. Мясцовыя жыхары добра мяне ведалі і самі вылучылі маю кандыдатуру. Я ўжо тады выступаў як нацыяналіст, адкрыта крытыкаваў партыю і казаў, што БНФ выступае за незалежнасць. Палітыка камуністаў і Масквы ўжо усім надакучыла, не было ні каўбасы, ні туалетнай паперы – нічога. Людзі лягчэй падтрымлівалі змены.

У Апазіцыю БНФ у Вярхоўным Савеце ўвайшло 27 чалавек. Я лічу, што на 1990-1991 гады прыпаў пік дзейнасці Народнага фронту. Самыя нашыя яскравыя перамогі: прыняцце Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, законаў аб назве дзяржавы, дзяржаўнай сімволіцы, грамадзянстве, культуры.

Лёсам было вызначана, што я напісаў першую «балванку» для Дэкларацыі аб незалежнасці – літаральна за ноч па просьбе Пазьняка. Затым яе раздалі для вывучэння дэпутатам. У апошні момант туды ўпісалі, што Беларусь выступае за заключэнне новага саюзнага пагаднення. Знаходзячыся ў залі, мы бачылі, што камуністычная большасць не будзе галасаваць за прыняцце Дэкларацыі. Тады Пазьняк вырашыў рызыкнуць і заявіў, што апазіцыя БНФ не будзе галасаваць за Дэкларацыю, дзе прысутнічаюць словы пра новае саюзнае пагадненне. Пайшла рэакцыя: ах, вы не будзеце, тады мы яе прымем! Хітрасць спрацавала!

Аляксей Марачкін: Народ да скону СССР быў непадрыхтаваны. Памятаю, як прыехаў у сваю вёску на Віцебшчыне, і старэнькая цётка Валька кажа мне: ай-яй-яй, а што ж гэта будзе, апынемся мы ці пад палякамі, ці пад немцамі. Я кажу: ды не цётка, будзем мы самастойнымі.

Сяржук Сокалаў-Воюш: Запомнілася, як пасля змены Вярхоўным Саветам дзяржаўнай сімволікі, мы ўсталявалі бел-чырвона-белыя сцягі ў Полацку і Наваполацку. Была субота ці нядзеля, мясцовыя ўлады нам сказалі, што памяняюць сцягі афіцыйна ў панядзелак. Аднак мы вырашылі ўсё зрабіць самі.

У Полацку нас не пускалі ў мэрыю, выклікалі міліцыю. Мы з Васілём Храмцовым усё ж залезлі на дах і ўсталявалі бел-чырвона-белы сцяг.

З 80-х я нашу бел-чырвона-белую стужачку на галаве. У савецкія часы нацыянальны сцяг быў незарэгістраванай сімволікай, таму вось такі знайшоўся выхад. І зараз, калі жыву ў ЗША, і еду ў Нью-Йорк ці яшчэ некуды, яна са мною.

Са стварэннем БНФ мы атрымалі магчымасць адкрыта выйсці да людзей з палітычнымі і культурнымі патрабаваннямі, чаго не было ў ранейшыя савецкія часы. І галоўнае, што сённяшняе пакаленне, хоць і не беларускамоўнае, адчувае сваёй радзімай Беларусь.

Вінцук Вячорка: Той час даказаў, што ўсе мае юнацкія ідэалы, мая палітычная праца (падпольная і яўная, якой я займаўся з 17 гадоў) мелі сэнс. Высветлілася, што гэта было не іншадумства, а думанне ў правільным кірунку.

Зянон Пазьняк, Мікола Анцыповіч, Мікола Купава, Васіль Быкаў і Сяргей Навумчык на мітынгу БНФ, сакавік 1994 г.

Сяргей Навумчык: Ужо ніхто, здаецца, не аспрэчвае, што БНФ і Пазьняку належыла галоўная роля ў здабыцці Беларуссю Незалежнасці 25 жніўня 1991 году. Аднак варта памятаць, што дэпутаты Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце падрыхтавалі канцэпцыю пабудовы Беларусі як дзяржавы – уключна з эканамічнай праграмай і дзесяткамі законапраектаў, ад грамадзянства да Зямельнага кодэксу. І хаця шмат якія нашыя прапановы адвяргаліся, альбо прымаліся ў няпоўным выглядзе – нам удалося закласьці падмуркі дзяржаўнасці.

P.S. Большасць фотаздымкаў з тэкста зроблена Ўладзімірам Кармілкіным (1934-2002) – «фоталетапісцам Народнага Фронту». Вось ён у Дзень Волі-1990.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)