Общество
Васіль Гальчанюк

У Мінску прэзентаваны палітычны бестсэлер

На прэзентацыі кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы. Год Незалежнасьці вачыма ўдзельніка» Пятро Садоўскі прадэманстраваў «сакрэтны прыём», якім ён упячатаў у дзверы Ўладзіміра Жырыноўскага, а аўтар кнігі расказаў пра галоўны урок 1991-га.

Вечарам 16 верасня ў мінскай сядзібе БНФ не тое, што яблыку – разыначцы не было дзе ўпасці. На прэзентацыю новай кнігі Сяргея Навумчыка прыйшло шмат знакамітых людзей. Імпрэзу наведаў нават нейкі цікаўны кот, які дзеля гэтага патрапіў у памяшканне праз вакно.

Генадзь Бураўкін, Іосіф Навумчык і Лявон Баршчэўскі

Нядзіва, што ўсе асобнікі кнігі, падрыхтаваныя да прэзентацыі, прысутныя літаральна расхапалі. Наогул першы наклад «Дзевяноста першага» ужо амаль разышоўся, што дазваляе лічыць выданне палітычным бестсэлерам. Да сваіх чытачоў Навумчык звярнуўся з Прагі праз скайп.

– Перада мною, як перад аўтарам кнігі, было тры мэты: аднавіць атмасферу таго часу, паказаць, што незалежнасць не звалілася на беларусаў з неба, і паказаць ролю маіх калег, ролю дэпутатаў апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 склікання, – адзначыў у сваім слове Сяргей Навумчык. – Усе свае адчуванні я імкнуўся падмацаваць дакументамі. Не рабіў галаслоўных сцвярджэнняў. Калі б я пісаў гэтую кнігу ў дэмакратычнай Беларусі, дзе падзеі беларускага Адраджэння канца 80-х – пачатку 90-х ужо ўвайшлі б у школьныя падручнікі, дзе кожны студэнт сказаў бы, хто такія Пазьняк, Голубеў, Баршчэўскі, Бураўкін (а калі не сказаў бы, то не здаў бы залік), дзе былі б знятыя фільмы і напісаныя кнігі, я мог бы расслабіцца, пісаць чыста свае асабістыя ўражанні і адчуванні. Аднак у нашай сітуацыі я вымушаны быў наступаць на горла уласнай песні, уласнаму эга і выконваць яшчэ нейкую грамадска-палітычную функцыю. Бо моладзь, якой зараз 20-30 гадоў, папросту гэтых дакументаў не бачыла і часцяком не ведае, што адбывалася.

З словамі віншаванняў да аўтара кнігі звярнуліся вядомыя беларускія палітыкі і грамадскія дзеячы. Зянон Пазьняк у відэазвароце адначыў:

– Я толькі нядаўна адкрыў добрую якасць у Сяргею Навумчыку, калі быў у яго ў Празе і заўважыў, што ў яго ў вельмі добрым парадку архіў. У яго ўсё раскладзена, у яго ўсё ёсць. Мяне гэта крыху здзівіла, бо ў мяне архіў не ў парадку. Няма часу, трэба гнаць коней. Дык вось прыпамінаю, што калі ў нас былі нейкія паседжанні, нейкія падзеі, Сяргей заўсёды запісваў, вёў пратакол, і ў гэтай кнізе гэта вельмі спатрэбілася.

Рэдактар кнігі Уладзімір Арлоў падкрэсліў:

– Кніга напісаная беспасярэднім удзельнікам падзеяў, які знаходзіўся ў іхнім віры. Тым самым «маладым бээнэфаўцам», што, як выказалася на першым паседжанні ў Авальнай залі адна дэпутатка-камуністка, хацеў нешта даказаць сваёй барадой.

Генадзь Бураўкін, які ў 1991 годзе як прадстаўнік у ААН уручыў прэзідэнту ЗША ад імя Беларусі, Украіны і Расіі дакументы аб ліквідацыі СССР, сказаў:

– Гэта вельмі своечасовая і патрэбная кніга. Хацеў бы, каб яе прачыталі як мага больш людзей… Не сумняюся, што з цягам часу вартасць і каштоўнасць гэтай кнігі будзе толькі ўзрастаць.

У кнізе «Дзевяноста першы» Сяргей Навумчык у прыватнасці апісвае, як Пётр Садоўскі і ён спускалі з лесвіцы Ўладзіміра Жырыноўскага. Пётр Садоўскі пасля выхаду да мікрафона перш за ўсё з дапамогай вядучага прэзентацыі Валера Каліноўскага прадэманстраваў той «сакрэтны прыём», якім ён упячатаў Жырыноўскага ў дзверы.

– Прыціскаеш адну руку да грудзей, а пад локаць б’еш. Локаць абарочваецца, ламаецца рука, – растлумачыў дэпутат Вярхоўнага Савета 12 склікання.

Бацька аўтара кнігі, Іосіф Навумчык, былы сакратар Віцебскага абкама партыі, а цяпер кіраўнік аддзялення ТБМ па Віцебскай вобласці, абурыўся тым, што для многіх гісторыя і незалежнасць Беларусі пачынаюцца ледзь не з 1994 года.

– Тое, што зрабіў БНФ у 1991-м пры ўдзеле ўсіх дэмакратычных сіл, – гэта вялікая праца, і мы павінны гэтым ганарыцца, – сказаў ён.

Слова на прэзентацыі непасрэдна і завочна ўзялі таксама дырэктар Беларускай службы «Радыё свабода» Аляксандр Лукашук, прэзідэнт Рады БНР Івонка Сурвіла, экс-міністар працы Аляксандр Сасноў, былыя дэпутаты Лявон Баршчэўскі і Мікалай Крыжаноўскі.

На заканчэнне Сяргей Навумчык падкрэсліў:

– Калі чуюць і глядзяць нас палітыкі, галоўны ўрок падзеяў 1991-га ў тым, што заўсёды трэба быць да ўсяго падрыхтаваным. Мы не ведаем свайго лёсу. Сёння мы з Пазьняком па віртуальнай сувязі, але усё можа быць. Я ва ўсялякім разе спадзяюся, што на прэзентацыі сваёй наступнай кніжкі фізічна буду сярод вас.

Кнігу Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы» можна спамваваць тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)