Общество
Георгій Станкевіч, beshankovichy.by

Як дзетак на бульбу-2013 адсылалi

Пасля 10-дзеннага навучання ў новым школьным годзе, дзетак-старшакласнікаў у Бешанковіцкім раене, як і ў былыя гады, зноўку сарвалі з заняткаў.

У мiнулую сераду 7-м – 11-м класам было аб’яўлена, што бульба-2013 без іх абысціся не можа. А таму ўжо ранкам у чацвер каля 30-ці школьнікаў з Ржаўскай і Каранеўскай школаў паехалі ў Астроўна, каб дапамагчы тутэйшаму сельгаспрадпрыемству ва ўборцы другога хлеба.

Бульбы ў Астроўна пасаджана 150 га, і ўся яна ўбіраецца ўрукі за капалкамі. Прымяніць іншую механізацыю немагчыма: поле, дзе расце бульба, мае розныя па механічным складзе глебы і моцна зарослае пустазеллем.

Метады працы з савецкіх часоў у сельгаспрадпрыемствах не змяніліся, нягледзечы на тое, што назва “калгас” знікла з шыльдаў на канторах. І першым штрыхам у пацверджанне гэтых словаў з’явілася запраўка нашага школьнага аўтобуса. Яго запраўлялі проста з вядра, выліўшы пры гэтым на зямлю добры літр паліва.

Другі штрых: транспарт, у які дзеткі выгружалі бульбу, меў высачэзныя барты, так што малым прыйшлося добра-ткі павысільвацца, падымаючы ведры вышэй за галаву.

Трэці штрых: дзеці пыталіся ў нас пра расцэнкі за вядро, але аніякой інфармацыяй пра тое настаўнікі не валодалі. Зразумела, размова пра тое, каб пасля працы дзяцей проста на полі разлічылі, выглядае наогул фантастычнай.

Але дзеці стараліся. Настаўнікі іх заахвочвалі: “Давайце-давайце!” Бульба ўрадзіла не вельмі, каля 150 ц/га, але і той бульбы на паверхні ляжала мала. Большасць клубняў, нібыта коўдрай, закрываў пырнік ці курынае проса, якімі быў зарослы ўвесь бульбяны палетак. Дзеткі адграбалі тую коўдру, вызвалялі з пераплеценага карэння бульбу, бегалі да аўтамабіля і назад.

Самыя руплівыя назбіралі за тры гадзіны па паўсотні ведзер.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)