Общество
Анастасія Зелянкова, фота budzma.org

Восем «кампраметуючых» фактаў з дасье Уладзіміра Арлова

25 жніўня гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў святкуе свой 60-гадовы юбілей. І пакуль усе навокал віншуюць юбіляра, рассыпаючыся ў кампліментах, «Салідарнасць» сабрала на яго кампрамат.

Як чалавек з выдатным пачуццём гумару Арлоў сам з задавальненем расказвае журналістам гісторыі пра сябе. Нам жа застаецца іх толькі запісваць.

1. Сын пракурора і бацька музыканта

Як прызнаваўся пісьменнік, у дзяцінстве ён марыў стаць дзяўчынкай, потым — вадалазам, патолагаанатамам, журналістам, шпіёнам.

Пра тое, каб быць пісьменнікам, размовы нават не ішло. У матчынай вёсцы Арлова звалі не інакш, як Пракурор. Справа ў тым, што бацька будучага літаратара быў пракурорам. Маці – настаўніцай гісторыі. Абодва бацькі былі катэгарычна супраць таго, каб іх сын паступаў на гістфак – небяспечная прафесія для савецкіх часоў.

 “Калі я ад'язджаў пасля школы са свайго Полацка паступаць на гістарычны факультэт Беларускага (адно па назве) універсітэта, маці, згадаўшы маладосць, з не ўласцівай ёй чуллівасцю сказала:

— Матэматыкаў будуць зваць піфагорамі, а вас - герадотамі...”, — успамінае пісьменнік у адным са сваіх аўтабіяграфічных апавяданняў.

2. Як падставіў бацьку

Калі здарылася гэтая гісторыя, пісьменніку было пяць гадоў.

Да майго таты, полацкага пракурора, прыехаў правяральшчык з вобласці, — распавёў Арлоў у інтэрв’ю Радыё Свабода. — Падчас вечаровай пачосткі ў нас дома мяне выпусцілі з культурнай праграмай — пачытаць госцю вывучаныя ў дзіцячым садку вершыкі. Стаўшы пад фікусам, я прадэкламаваў:

Сала, мяса і пшаніцу —

Ўсё аддалі за граніцу,

А гнілую кукурузу —

Для Савецкага Саюза!

Мама разгублена прамовіла: "Сынок, я ж прасіла пра коціка і лісічку..."

На шчасце, гісторыя скончылася добра. Правяральшчык зарагатаў, і тата застаўся пракурорам.

3. Як быў ірландскім тэрарыстам і беларускім прэзідэнтам

У інтэрв’ю “Салідарнасці” пісьменнік расказаў, як шмат гадоў таму ў англійскім порце Рамсгейт яго прынялі за ірландскага тэрарыста — падвяла яго “рудавата-мядзяная барада”. Брытанскіх мытнікаў тады не пераканалі ні пасведчанне сябра ПЭН-клуба, ні кнігі Арлова — хто сказаў, што беларускі пісьменнік адначасова не можа з’яўляцца тэрарыстам Ірландскай рэспубліканскай арміі?

А аднойчы пісьменніку нават давялося пабываць… Лукашэнкам. Як расказаў Арлоў «Комсомольской правде в Белоруссии», неяк у Тунісе гаспадар гатэлю пацікавіўся ў госця, адкуль ён? Пачуўшы “Беларусь”, мужчына радасна ўсміхнуўся і тыркнуў пісьменніка пальцам у жывот: «Лукашэнка».

— Быццам бы Лукашэнка — гэта я, — смяецца Уладзімір Арлоў.

Вядома, партрэтаў беларускага прэзідэнта ў гатэлі не было, затое вісела выява туніскага дыктатара Бэн Алі. 

 — Ну, і дзе ён зараз? — задаецца рытарычным пытаннем пісьменнік.

4. Аўтар “сомнительной литературы

За выпуск исторической и другой сомнительной литературы” — менавіта так гучыць фармулёўка, з якой Арлова звольнілі з дзяржаўнага выдавецтва ў 1997 годзе. За гэты час колькасць такой “сумнеўнай літаратуры” ў пісьменніка пабольшала ў шмат разоў. Яго кнігі перакладзены на 25 моў свету.

Вынікам такой яго “сумнеўнай працы” сталі некалькіх літаратурных прэмій, у тым ліку выдавецкай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча, прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтру, прэміі “Гліняны Вялес”.

5. Як цэнзура адрэзала органы

Цэнзура часцяком праходзілася сваімі нажніцамі па творах пісьменніка. А аднойчы пасягнула на святое. Калі ў 1997 годзе ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" выходзіла кніга Арлова "Ордэн Белай Мышы", цэнзары не пашкадавалі не толькі тэкст, але і малюнкі, якія зрабіў вядомы мастак Алесь Марачкін. Так, у яго вусатага персанажа, дзякуючы цэнзарам, вусы выраслі ў некалькі разоў, а фантасмагарычная істота з выразнымі мужчынскімі полавымі прыкметамі пазбавілася гэтых самых прыкмет.

— Потым высветлілася, што перад самым падпісаннем кнігі ў друк у мастацкую рэдакцыю ўварваўся чалавек з міністэрства. "Нам і так за Арлова яйцы адкруцяць! — крычаў ён. — А тут яшчэ Марачкін мужыка з яйцамі намаляваў і Лукашэнку ў дадатак!" — успамінае Арлоў.

Самае цікавае, што малюнкі, якімі была аздоблена кніга, Марачкін зрабіў гадоў дваццаць пяць таму.

6. Бард і мат

Аднак не заўсёды цэнзура перашкаджала пісьменніку.

“Год таму музыка Зміцер Вайцюшкевіч даў мне сяброўскую параду не карыстацца ненарматыўнай лексікай. І паабяцаў, што, калі я выпраўлюся, абавязкова напіша на мой верш песню. Я выправіўся, і ён сапраўды паклаў верш "Пасля тваіх званкоў" на музыку, — адзначае Арлоў у інтэрв’ю Радыё Свабода.

І хто сказаў, што з песні слоў не выкінеш?

7. Як «рабіў падпольныя аборты»

Яшчэ калі пісьменнік жыў ў Полацку, яго з жонкай выклікалі ў міліцыю. Следчы заявіў, што маецца інфармацыя, быццам у кватэры пісьменніка робяцца падпольныя аборты. Арлоў папрасіў паказць дакумент. Гэта быў данос суседзяў са словамі: “Ведут нелюдимый образ жизни, разговаривают на белорусском языке...”. Сапраўды, ад беларускай мовы да падпольных абортаў – адзін крок.

Гэтая ж мова зрабіла Арлова філосафам. 

«Мы нядаўна ехалі з сябрам на цягніку, і правадніца ў вагоне кажа: “Вы, наверное, философы». Я кажу: “Чаму філосафы?” — “Потому что вы говорите на белорусском языке». Я кажу: “Не, мы амерыканскія шпіёны, нас падрыхтавалі, закінулі, а вось вы чамусьці не кажаце!», — распавёў пісьменнік “Радыё Прага”.

8. Жаночае пытанне

Пра жанчын  Уладзімір Арлоў можа расказваць гадзінамі. Аднойчы, робячы апытанне на тэму, якім жа павінен быць беларускі сэкс-сімвал, я ўпэўнілася, што Уладзімір Арлоў у гэтым пытанні прафесіянал.

«У кожнай жанчыне сапраўдны мужчына здольны знайсці тое, што яго можа натхніць. У адной — вочы альбо ножкі, а ў некаторай — проста непаўторная радзімка. На мяне не менш за памер бюсту ўплываюць жаночая вынаходлівасць, авантурнасць... Альбо апетыт. Калі жанчына са смакам есць і п’е, яна будзе і ў ложку значна цікавейшая за тую, якая ганяе 30 хвілін па талерцы кавалак памідору”.

Сумнявацца ў дасведчанасці пісьменніка па гэтым пытанні не прыходзіцца.

***

“Салідарнасць” зычыць Уладзіміру Арлову і надалей заставацца ў такой выдатнай форме і не губляць пачуцця гумару, якое абавязкова спатрэбіцца яму ў свабоднай Беларусі!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)