«Оккупай-педофиляй» учынілі самасуд у Менску

Суполка «Оккупай-педофиляй! г.Минск» у сацыяльнай сетцы «Вконтакте» разьмясьціла 20-хвіліннае відэа, дзе запісана, як падлеткі злавілі 29-гадовага гея і зьдзекуюцца зь яго на падставе ягонай сэксуальнай арыентацыі.

Яны кажуць, што дзейнічаюць ад імя арганізацыі «Оккупай-педофиляй», узгадваюць галоўнага пэдазмагара Расеі «Цесака», у зьдзеклівай форме задаюць шэраг пытаньняў сваей ахвяры, пагражаючы фізычнай расправай.

Лідэр «Акупай-Пэдафіляй-Менск»: Я паразытую на заганах грамадзтва

17-гадовы Руслан Паравуля месяц таму стварыў у сацыяльнай сетцы «Вконтакте» суполку «Акупай-Пэдафіляй», дзе выкладае відэа з удзелам пэдафілаў. Хлопец разам з аднадумцамі шукае тых, хто ахвочы да сэксуальных кантактаў зь непаўналетнімі хлопчыкамі, і робіць з такімі мужчынамі інтэрвію, падчас якіх задае нязручныя пытаньні, спрабуючы, як ен кажа, перавыхаваць вычварэнцаў.

Радые Свабода паразмаўляла з Русланам і даведалася, дзеля чаго той займаецца пошукам пэдафілаў.

— Юрысты скажуць, што тое, чым вы займаецеся, — гэта самаўпраўства і можа карацца законам як крымінальнае злачынства. Чаму вы гэта робіце?

— Тут няма самасуду ці самаўпраўства, мы нічога ня робім гвалтоўнага, мы проста знаходзім чалавека і бяром у яго інтэрвію. Пытаемся, дзе ен працуе, дзе жыве, з кім сябруе, чым займаецца. І пытаемся, навошта ен сустрэўся з 15-гадовым хлопчыкам. Самі мы яго не асуджаем. Такія відэа мы выстаўляем на паказ грамадзтву — для таго, каб менавіта яно, а не турма, асудзіла такіх асобаў. Таму што пэдафілію вельмі складана даказаць у судовым парадку. Пакуль чалавек ня здыме з непаўналетняга майткі, ен невінаваты. У выніку сваіх дзеяньняў мы маем запіс размовы, калі пэдафіл і «нажыўка» дамаўляюцца пра сустрэчу, і запіс самога інтэрвію, дзе чалавек прызнаецца, што хацеў уступіць у палавы кантакт і ўзяў з сабой прэзэрватывы.

— Як даўно існуе суполка? Ці былі да вас прэтэнзіі з боку праваахоўных органаў ці герояў відэа, іх сваякоў?

— 1 месяц, на працягу гэтага часу злавілі 5 такіх людзей. Ніякіх прэтэнзіяў не было ні ад кога.

— Ці адсочваеце вы, як складаецца жыцьце ў герояў відэа пасьля яго публікацыі?

— Першы чалавек, зь якім мы запісалі відэа, быў звольнены з працы. Рабіў будаўніком. Пра астатніх ня ведаю. Яшчэ вельмі мала часу прайшло.

— На якім сайце вы шукаеце патэнцыйных пэдафілаў?

— Гэта сайт знаемстваў www.mamba.ru. Увогуле, вельмі шмат людзей, гатовых сустрэцца з 15-гадовымі хлопчыкамі. Калі завесьці анкету, то кожны дзень некалькі чалавек будзе прапаноўваць. У Менску вельмі шмат такіх людзей. Мы абараняем дзяцей, якіх вельмі легка схіліць да сэксуальнага кантакту і пакрыўдзіць. Я хачу паказаць гэтай краіне, хто гэтым займаецца. Хачу, каб пэдафілы ведалі, што іх такія дзеяньні ў дачыненьні да дзяцей могуць прывесьці да маей рэакцыі ў выглядзе відэаролікаў.

— Якім чынам вашая дзейнасьць можа паўплываць на тых, хто займаецца пэдафіліяй, але пакуль ня трапіў у аб’ектыў вашай відэакамэры?

— Я паразытую на заганах грамадзтва. Атрымліваецца, што есьць такая хвароба, як нетрадыцыйная арыентацыя, ці, яшчэ горш, пэдафілія. Мэта такая: каб пасьля прагляду відэа ні ў кога не было жаданьня сустракацца з хлопчыкамі, якім няма 16 гадоў. Калі гэтыя ролікі паглядзіць шмат людзей, якія яшчэ пакуль не пэдафілы, але маюць думкі пра гэта, то гэтыя думкі павінны зьнікнуць. Таму што яны будуць баяцца, што іх зловяць такім чынам. І ў выніку ў іх будзе зламана жыцьце, калі іх сваякі і сябры даведаюцца, чым яны займаюцца.

— Падчас інтэрвію з пэдафіламі вы задаяце ім шмат пытаньняў пра палітычныя погляды, веравызнаньне, за каго чалавек галасаваў на прэзыдэнцкіх выбарах. Для чаго такія пытаньні?

— Такія пытаньні задаем для таго, каб разгаварыць чалавека. Зразумела, што пытаньне пра прэзыдэнта не адносіцца да нашай мэты. Проста пытаемся, што прыходзіць у галаву. Я нават магу запытацца, які прадмет яму падабаўся ў школе.

— Руслан, чаму вы сталі гэтым займацца? Можа, быў пэрсанальны досьвед прымусовага сэксуальнага кантакту?

— Не, такога не было. Проста я паглядзеў ролік Максіма Марцінкевіча. Ен жыве ў Маскве. Займаецца барацьбой з пэдафіліяй. Ен сказаў, што трэба пашыраць рэгіен барацьбы. Таму што такіх людзей вельмі шмат ня толькі ў Маскве. Спачатку я не паверыў. Сказаў сябрам, што перакананы, што ў Менску такіх нікога няма. Зарэгістраваў на сайце знаемстваў 15-гадовага хлопчыка, які за нажыўку ў нашых відэа. Яму сапраўды 15 гадоў. Хацеў паглядзець, хто што будзе пісаць. Ужо празь некалькі гадзін пасьля рэгістрацыі пасыпаліся прапановы з боку дарослых. Хацелі пазнаеміцца, запрашалі дадому, прапаноўвалі сэкс. Спачатку я быў у шоку.

— Дык што, атрымліваецца, што знаемы сусед ці калега можа выявіцца пэдафілам?

— Так. У аднаго я пытаўся на сайце, ці ведае яго жонка пра нетрадыцыйную арыентацыю свайго мужа. Той кажа, што ня ведае. Пытаюся, ці засмуцілася б яна, калі б даведалася, што ен зараз паедзе да хлопчыка. Адказвае, што так, засмуцілася б.

— А чаму людзі гэтым займаюцца? Тым больш жанатыя, якія могуць мець сэкс з жонкамі?

— Ва ўсіх іх псыхалягічныя траўмы ў дзіцячым узросьце былі. Тыя, у каго не было бацькі, вельмі верагодна могуць стаць пэдафіламі. У некаторых гадоў у 13–14 былі прымусовыя сэксуальныя кантакты. Як правіла, такія людзі таксама вельмі схільныя да таго, каб пасьля стаць пэдафіламі.

Юрыст Юры Чавусаў кажа, што зьнятае — гэта акт самаўпраўства, якое есьць відам крымінальнага злачынства, таму выканаўцы і арганізатары цалкам могуць быць прыцягнутыя да адказнасьці.

«Тут размова можа весьціся пра самасуд у першую чаргу. Тыя людзі, якія робяць такія дзеяньні, тым больш пад відэазапіс, безумоўна становяцца суб’ектамі крымінальнага злачынства. Што тычыцца Эдуарда, які ў дадзенай сытуацыі выступае ахвярай, то, відаць, і зь яго боку можна дапусьціць правапарушэньні. Але калі ен зрабіў супрацьпраўныя дзеяньні і гэта даказана, то яго трэба караць за гэта законна. Відавочна, што для гэтага есьць прававы шлях, а не самаўпраўства з прыніжэньнем чалавека. Той факт, што на відэа бачна, што чыняць гэтае самаўпраўства вельмі маладыя людзі, — не такая адназначная акалічнасьць. Узрост крымінальнай адказнасьці ў Беларусі — 16 гадоў. А за некаторыя віды злачынства — 14 гадоў. Нават калі выканаўцам няма 16 гадоў, я падазраю, што ў дадзеным выпадку падлеткі дзейнічалі ад імя арганізаванай групы, арганізатары якой, хутчэй за ўсе, дасягнулі гэтага ўзросту і, адпаведна, могуць быць прыцягнутыя да адказнасьці».

Праваабаронца Наста Лойка згодная з ацэнкай юрыста, што на відэа запісаны акт самасуду:

«Калі чалавек зьдзейсьніў злачынствы, у тым ліку і сэксуальнага характару супраць непаўналетніх, то грамадзтва павінна рэагаваць. Але праз законныя шляхі. Для гэтага есьць праваахоўныя органы, на ўтрыманьне якіх грамадзяне выдаткоўваюць сродкі ў выглядзе падаткаў. Тое, што гэты чалавек, магчыма, займаецца нядобрымі справамі зь непаўналетнімі на працягу 15–16 гадоў і гэта ніяк ня выяўлена праваахоўнымі органамі, — ня есьць станоўча. Але ж не праз самасуд такія справы трэба вырашаць. З пункту гледжаньня правоў чалавека ніхто ня мае права чыніць самасуд, для гэтага есьць законныя шляхі. Але, зь іншага боку, праваахоўныя органы павінны апэратыўна рэагаваць на такія праявы, а не чакаць відэа ў сацыяльных сетках».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)