Общество
Таццяна Гусева

«Тут жыве дух ксяндза Булькі»

Пра ксяндза Юозаса Бульку мне з захапленнем расказваў хтосьці з калегаў. Маўляў, святар стварыў у вёсцы на Глыбочччыне сапраўдны рай, а мясцовых жыхароў адвучыў ад спіртнога і з’яўляецца аўтарытэтам для сваіх прыхаджан.

Касцёл Святой Ганны, дзе служыў Булька, быў пабудаваны ў 1792 годзе на ахвяру графоў Бжастоўскіх

На жаль, пазнаёміцца з легендарным пробашчам касцёла святой Ганны ў вёсцы Мосар мне не давялося. Юозас Булька пайшоў у нябесную Беларусь тры гады таму.

Пасля яго змяніліся два кіраўнікі парафіі. Трэці – ксёндз Марат Казлоўскі прыехаў у Мосар два тыдні таму.

«Такога чалавека, як Булька, не было ў нас і ня будзець. Не ў абіду другім сказана другім святарам», — гаворыць мясцовая жыхарка Марына Ткачонак.

Жанчына праводзіць для нас экскурсію па тэрыторыі, імя ксяндза не сходзіць з ейных вуснаў.

— Вось гэта алея жалобы – па гэтай дарозе мы праводзім у апошній шлях вяскоўцаў. Як сказаў Юозас Булька, мы на той свет чалавека павінны выправіць з гонарам. А дарога жывых побач ідзе. Усё як і ў жыцці.

Вось там, бачыце, узвышаецца скульптура — Ісус Хрыстос благаслаўляе. Яна была створана на прэмію, якую Булька атрымаў ад Лукашэнкі. Частку сродкаў ён таксама ахвяраваў на стварэнне нашага комплекса.

А гэтыя кветкі ён прывёз з Батанічнага саду. Куды б ні паехаў Юозас Булька, адусюль ён прывозіў якое-небудзь дрэўца альбо кветачку. У нас, можа, вы заўважылі, каля дамоў няма град. Булька лічыў, няхай жанчыны садзяць кветкі, каб ля дома было прыгожа. Навошта тыя аграды!

Паглядзіце, гэта копія скульптуры Мікеланджэла «Аплакванне Хрыста». Маці прытуляе да сэрца Сына, якога толькі што знялі з крыжа. Гэтая скульптура была створаная на пачатку 90-х гадоў.

Ёсць у Мосары і помнік Яну Паўлу ІІ. Са слоў прыхаджанкі, Папа Рымскі падчас сустрэчы з нашым святаром абяцаў прыехаць у Мосар, але не паспеў. Пасля смерці адзін з першых помнікаў яму з’явіўся ў беларускай вёсцы.

Спадарыня Марына запрашае нас у касцёл — пакланіцца машчам Святога Юстына.

— Ведаеце, у нас шмат паломнікаў бывае — і праваслаўныя, і каталікі. Неяк з Санкт-Пецярбурга на машыне сям’я прыехала. У іх пяць год не было дзетак. Муж з жонкай пакланіліся машчам Святога Юстына, і нарадзіўся ў іх хлопчык. Пасля яны з маленькім прыязджалі, каб падзякаваць святому за гэткае цуда.

Расчуленыя гэтай гісторыяй, дзяўчаты-журналісткі па чарзе сталі на калені перад машчамі. Кожная прамовіла сваё, патаемнае.

Пасля нехта спытаў у ксяндза, як трэба прасіць, каб жаданне здзейснілася.

— Ведаеце, гэта Стары Хатабыч і не чароўная палачка, — усміхнуўся святар. — Не мошчы ратуюць, лекуюць, а вера, малітва.

Падумалася, што для некаторых з нас, народжаных у СССР, рэлігія, вядома, не опій для народа, але штосьці кшталту білеціка Суперлато. Я папрашу ў цябе, Божа, а калі ты мне дасі... О, я буду харошай. Буду табе маліцца, свечкі табе ў капліцы ставіць. Ты толькі дай, тады паверу, што Ты ёсць.

…Марына вядзе нас на магілу Юозаса Булькі, якому было адмерана 85 гадоў. Пахаваны на тэрыторыі касцёла, дзе служыў.

«Любіў Бога, прыроду і беларускі народ» — залатыя літары ззяюць на чорным граніце.

— Булька сам выбраў гэтае месца, — расказвае Марына. — Ён прасіў у пробашча, які прыйшоў пасля яго: «Хай людзі прыедуць, палюбуюцца той прыгажосцю, што я стварыў, і ў знак удзячнасці пастаяць ля маёй магілкі».

Просім нашага гіда, каб паказала нам славуты музей цвярозасці. Ключы знайшліся, але адчыніць дзверы ўдаецца не адразу.

З пачатку 90-х гадоў, як Булька прыехаў у Мосар, пачаў тут усталёўваць свае парадкі. Напрыклад, пахаванне без спіртнога. А калі прыязджаюць вянчацца – каб п’яных не было.

— Людзям цяжка было прывыкнуць, — успамінае Марына. — Не ўсе з самага пачатку яго падтрымалі, але паступова перайшлі. І пасля яго святары таксама прытрымліваюцца гэтай традыцыі.

У музеі цвярозасці наведнікі пакідаюць цыдулкі, каб святар маліўся за сваякоў, якія злоўжываюць алкаголем.

А вось з гэтага самагоннага апарата і пачынаўся музей.

Мясцовая жанчына гнала самагон і разлічвалася з працаўнікамі, якія агарод ёй капалі. Убачыў Булька, што едзе чалавек з бутэлькай і спытаў, дзе браў. Той прызнаўся. Пайшоў ксёндз да той жанчыны, даў распяцце пацалаваць, каб больш не гнала. Самагонку выліў, грошы на стол паклаў за нявыкарыстаны алкаголь, а каб спакусы не было, загадаў самагоны апарат у касцёл прынесці.

Дарэчы, у краме ў Мосары дагэтуль не прадаюць алкаголь. Праўда, як распавялі мясцовыя жыхары, той, хто хоча выпіць, едзе па гарэлку ў суседнюю вёску.

— Будзеце працягваць палітыку вашага папярэдніка датычна цвярозасці? — пытаемся ў ксяндза Марата Казлоўскага, які служыць у касцёле Святой Ганны некалькі дзён.

— Алкагалізм — зло. Канечне.

— А ці ёсць ў Мосары, дзе не гандлююць моцнымі напоямі, алкаголікі?

— Дарагія мае, чалавек ёсць чалавек. Хто захоча напіцца — той нап’ецца ўсё роўна, праўда? Не роля касцёла глядзець, хто п’яны, хто не, і вырашаць, каго трэба на вогнішчы паліць. Не ў гэтым справа. Можа, ён мілы, добры чалавек, усё жыццё такім быў, а тут узяў ды напіўся, дык што ён — п’яніца ці алкаголік? Ну, не.

У Мосары айца Марата паства прыняла міла, торцік прынеслі.

— Такіх дэсертаў я не еў. Раней такія бабулі нашыя пяклі. Па старадаўніх рэцэптах, — дзеліцца ўражаннямі ад першых дзён працы святар. — На службу — сёння свята — шмат людзей прыйшло...

Мяне цешаць мясцовыя жыхары. Яны маюць сваю памяць. Свае традыцыі ў іх ёсць, і яны іх трымаюцца. Юозас Булька змог так папрацаваць з імі… Не якое-небудзь перакаці поле. (Увогуле, наш народ — гэта не перакаці-поле). Адчуваецца, што дух Булькі тут жыве. Ён тут прысутнічае.

Аўтар дзякуе Глыбоцкай суполцы Беларускай асацыяцыі журналістаў і асабіста Таццяне Смоткінай за арганізацыю прэс-тура “Аграэкатурызм на Глыбоччыне”, у межах якога адбылася паездка ў Мосар.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)