Скандалы
Тамара Савіч, Еўрарадыё

«Арганізатары тэлефанавалі i раілі забыць пра конкурс»

Удзельніца і фіналістка конкурсу «Міс Мінск» расказала Еўрарадыё, што адчувае пасля скандалу і як дзяўчаты пагулялі на вечарынцы ў прэзідэнта.

Праз колькі дзён пасля шоу яна са здзіўленнем даведалася, што насамрэч… ніякага конкурсу і не было.

— Арганізатары патэлефанавалі ўдзельніцам конкурсу «Міс Мінск» і раілі нам забыць пра конкурс. Яны пачалі рабіць выгляд, што нічога не было. Адмоўчваюцца, ніякіх каментароў не даюць, фінал нават не паказалі. Многія крыўдуюць на гэта, — распавядае Еўрарадыё фіналістка. — Я разумею гэтую тактыку — адсядзець, адмаўчацца. Дарэчы, вось такі цікавы момант: а хто будзе ўручаць карону праз два гады? І хто будзе на «Міс Супранэшнл» прадстаўляць Беларусь?

Але найбольш яе абурае, што пасля конкурсу ўсіх дзяўчат пачалі грэбці пад адно:

— Што ўсе стрыптызёркі і прастытуткі, аднак на конкурсе было шмат разумных, добрых і вартых перамогі дзяўчат. Беларусам толькі дай паабмяркоўваць — падтрымаць нельга. Шкада, што многія з добрых дзяўчат прайшлі ў фінал, але іх не заўважылі.

Затое заўважылі танцорак і стрыптызёрак, якіх, паводле слоў дзяўчыны, было не дзве, а пяць і некаторыя не дайшлі да фінала. Дзіўныя паводзіны арганізатараў, у тым ліку відавочная перавага адным канкурсанткам перад іншымі, кідаліся ў вочы:

— Мо гэта супадзенне, але як у адным конкурсе аказалася пяць стрыптызёрак і танцорак, якія мала таго што ведалі адна адну, раней удзельнічалі ў адных праектах, ды яшчэ і пастаянна былі ў кадры? Калі нават падняць дзённікі конкурсу — адныя і тыя ж твары. Дзяўчат не трэба было прасіць — яны і самі ведалі, як і што рабіць перад камерай, — распавядае прыгажуня і дадае, што для многіх шуміха стала добрым піярам.

Дзяўчына заўважае, што і арганізацыя конкурсу была не на ўзроўні: відэаздымкі затрымліваліся, выдаткі на манікюр, педыкюр, знешні выгляд клаліся на плечы дзяўчат. Падчас падрыхтоўкі канкурсантак на працягу дня нават не кармілі.

— Усё гэта мяне не зачапіла, бо я разумею: гэта конкурс і гэта патрабуе нейкіх фінансавых укладанняў і з нашага боку. Але, да прыкладу, нас не кармілі і ніхто не ўздымаў гэтае пытанне. Мо арганізатары думалі: усе з Мінска, таму і хай будзе так. Затое да фіналу мы дайшлі ўсе худымі і стройнымі, — смяецца дзяўчына.

У многіх дзяўчат былі пэўныя цяжкасці з працай і вучобай: «Бралі фальшывыя бальнічныя лісты, адгулы, адпрошваліся ў экзаменатараў».

Недзе за тыдзень да фіналу сярод дзяўчат нібыта пачалі хадзіць чуткі, хто якое месца зойме:

— Ну, чуткі і пацвердзіліся.

Пасля конкурсу некаторых прыгажунь запрасілі на выпускны баль з прэзідэнтам: «Проста агучылі спіс тых, хто павінен паехаць на выпускны баль. Ніхто не спрабаваў адмовіцца».

На балі ў прэзідэнта не абыйшлося без канфузаў. Пераможца «Міс Мінск» прыйшла… у той самай сукенцы, якая засвяцілася ў эратычнай фотасесіі ў клубе.

— Дзяўчаты потым распавядалі, што Яна Канцавенка прыйшла на баль у той жа сукенцы, што і была знятая ў эратычнай фотасесіі, — пераказвае інфармацыю з надзейных крыніц дзяўчына.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)