«Загаварыць на літаратурнай мове Лукашэнку перашкаджае недахоп адукацыі»
Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў распавёў «Салідарнасці» пра тое, як беларускамоўнаму хлопцу завабіць дзяўчыну да мовы, чаму не варта кпіць з трасянкі і на якой мове размаўляе беларуская вёска.
– Сёння ў ТБМ уступаюць 16-17-ці і 70-75-гадовыя, то бок унукі і іх бабулі і дзядулі. А нашыя асноўныя спонсары – гэта моладзь часоў Адраджэння. Яны далучыліся да арганізацыі гадоў 20 таму. І дзякуючы ім, мы тут і сядзім. Вось мы абвесцілі, што нам кепска – усё, нам сабралі больш за 40 мільёнаў. Тры месяцы мы сядзім спакойна. І кожны дзень нясуць.
На маю думку, Алег Гайдукевіч, які нам таксама дапамог, большы беларускі патрыёт, чым ягоны бацька. Хоць і той нас падтрымліваў. Сын Гайдукевіча заявіў публічна, што з дачкой вучыць беларускую мову. Дзіўнага тут нічога няма, яны з беларускай шляхты, у іх і герб свой ёсць.
***
– Сярод сябраў ТБМ – Павел Латушка, Пётр Краўчанка, Станіслаў Шушкевіч, Міхаіл Чыгір, Мечыслаў Грыб.
У нашых шэрагах ёсць і тыя, хто працуе ў вертыкалі, у тым ліку і ў ідэалагічных аддзелах. Чыноўнікі асабліва гэта не афішуюць. І я не буду гэтага рабіць.
Вось прыходзіць ідэолаг на сход, які вядзецца па-расейску, і пачынае гаварыць па-беларуску. Пасля ўсе пераходзяць на мову. Тут жа! Гэта самая лепшая перамога. Напрыклад, на маёй радзіме – у Мсціслаўскім раёне – змянілася начальства, прызначылі чалавека з Турава. І гэты чалавек – малады даволі – вырашыў, што ў Мсціслаўлі павінна гучаць беларуская мова.
Я прыехаў на канферэнцыю і здзівіўся: мае аднакласнікі, якія ніколі са мной па-беларуску не размаўлялі, цудоўна выступалі – начальнік даў загад. Адзін только па-руску выступаў – з Магілёва прыехаў, такі напалоханы. І гэта ў Мсціслаўлі – на мяжы з Расіяй.
***
– Вось уявіце сабе, што заўтра Лукашэнка перайшоў на беларускую мову... А я ўяўляю, што калі трэба будзе – пяройдзе. Рускую мову ён так і не вывучыў. І размаўляе па-руску з жахлівым акцэнтам, і слоў рускіх не ведае. Калі ён адрываецца ад паперкі ў Маскве, пачынае казаць такія словы, як «гвалт». Рускія ніколі такога не чулі. Ён прывык на трасянцы гаварыць – уся нацыя на ёй гаворыць. Сёння наша вёска размаўляе на трасянцы з рускім матам папалам.
***
– Я лічу, трэба падтрымліваць тых, хто гаворыць на трасянцы. Ніхто не нарадзіўся, адразу размаўляючы на літаратурнай мове.
Нават вывучаючы замежную мову, чалавек праходзіць стадыю трасянкі.
***
– Недахоп адукацыі перашкаджае Лукашэнку пераскочыць стадыю трасянкі і загаварыць на літаратурнай мове. Не пашанцавала яму. Я вельмі рады, што не пайшоў вучыцца разам з ім у Магілёўскі педінстытут. Мая бабуля палкай гнала мяне туды на гістфак, маўляў, што ты паедзеш у гэты Менск!
Калі б я паехаў у Магілёў, мы былі б з ім аднакурснікамі, бо мы равеснікі. Я падумаў, як добра, што я не паслухаў бабулю, паехаў у Мінск і атрымаў нармальную адукацыю. А ў яго Скарына жыве ў Піцеры, і гэта ўжо не паправіш. Яму праз год на пенсію. Позна ўжо вучыцца.
***
– Я вырас на мяжы з Расіяй, адтуль і мой бацька. Стаць беларусам мне было няпроста. Мне шанцавала на беларускамоўныя асяродкі і добрых выкладчыкаў.
Па-беларуску я загаварыў у 1980-1982-м. Так, мне на гэта спатрэбілася два гады…
Я быў першым камуністам Беларусі, які перавёў на беларускую мову ўсю партыйную арганізацыю. І ўсе справаздачы мы вялі на мове.
***
– Мая жонка цудоўна валодала і літаратурнай мовай, і сваім палесскім дыялектам. Я вывучаў яго паўгады. Яе землякі прыязджалі ў Пінск і гаварылі ўсе па-руску альбо зрэдку па-беларуску. А дома яны і зараз гавораць толькі на дыялекце.
***
– Калі ты беларус – усюды размаўляй па-беларуску, нават з кітаянкай. Калі яна цябе любіць – вывучыць мову.
***
– Не застаўляй сваю дзяўчыну гаварыць па-беларуску, але і не дазваляй, каб яна цябе прымушала пераходзіць на рускую.
***
– Калі прадавачка не ведае беларускага слова, я ёй падкажу. Нельга кпіць з чалавека, тады ён будзе сябрам.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное