Скандалы
Ігар Карней, Радые Свабода

Бацька памерлай пасля «пластыкі» дзяўчыны: «А яна хапае сутаргава паветра і на нашых вачах канае, уяўляеце, які жах?»

Бацькі 23-гадовай гарадзенкі Юліі Кубаравай, якая, не прыходзячы ў прытомнасьць, памерла празь месяц пасьля плястычнай апэрацыі ў менскім цэнтры «Экамэдсэрвіс», будуць дамагацца, каб чатырох лекараў пажыцьцёва пазбавілі ліцэнзіі.

Пра гэта нашаму карэспандэнту Ігару Карнею расказаў Юры Кубараў, бацька дзяўчыны.

Юля Кубарава зьбіралася замуж і, як кожная маладая дзяўчына, у гэты дзень хацела выглядаць бездакорна. Карэкцыю формы носу вырашыла рабіць у Менску, дзе, была перакананая, працуюць спэцыялісты найвышэйшага профілю. Аднак пасьля апэрацыі ў мэдычным цэнтры «Экамэдсэрвіс» вярнуцца дадому ей было суджана ў труне. Юры Ягоравіч, бацька Юліі, у надзвычайным здарэньні вінаваціць лекараў, якія непасрэдна былі ля апэрацыйнага стала:

«Я іх не абвінавачваю ў непрафэсіяналізьме — ніхто не сумняецца ў іх прафэсіяналізьме. Юлю апэраваў лекар, які зьяўляецца загадчыкам аддзяленьня плястычнай хірургіі ў 4-м менскім шпіталі. Ня проста там нейкі работнік, а загадчык. То бок у іх прафэсіяналізьме сумнявацца не выпадае. Я сумняюся ў іх чалавечых якасьцях. І я хачу, каб у іх ліцэнзію адабралі пажыцьцева — вось мая канчатковая мэта. Не на 3, не на 5 гадоў, а пажыцьцева. Таму што справа ў чалавечых, а цяпер, як высьвятляецца, і антычалавечых якасьцях. Справа толькі ў гэтым. Трэба было выклікаць „хуткую“. Ня можаце самі, ня ўмееце ці няма часу — дык выклікайце, ратуйце чалавека. А паставіліся, нават ня ведаю, як да каго — не хачу параўноўваць з бамжом ці яшчэ з кімсьці, але жывел лепш даглядаюць. Гэта ўжо хай грамадзкасьць скажа, як яны сябе павялі ў такой сытуацыі».

Паводле суразмоўцы, лекары своечасова не заўважылі, што ў апэрацыйнай не працуе апарат штучнага дыханьня, аднак працягвалі ўмяшаньне і нават ня выклікалі брыгаду рэаніматолягаў:

«Зразумела, бывае, што праходзіць апэрацыя нармальна, а потым пайшлі ўскладненьні. Здараецца. Але ж тут канкрэтна зламаўся апарат: яны самі пішуць — не працаваў некалькі хвілін. Колькі — „некалькі“? Пад вадой 6 хвілін — гэта ўжо ўсе (без суду, вядома, ня можам сьцьвярджаць — было 5, 6 ці 15 хвілін). Трэба зразумець: калі апарат выйшаў са строю, неабходна зарыентавацца і рамантаваць яго. Але не рабіць выгляд, што нічога ня здарылася. Можна зразумець, што нам не казалі — ладна, бацькі. Ну дык выклічце самі рэанімацыю ці падчас апэрацыі, ці як прывезьлі ў пакой. Бо трубку дасталі, а дачка задыхаецца — сінее, жаўцее. Яны кажуць: а што вы хацелі? Маўляў, у яе нос закладзены, таму яна так цяжка дыхае. А яна хапае сутаргава паветра і на нашых вачах канае, уяўляеце, які жах? Нас жа пры гэтым пераконваюць, што яна сьпіць. І не будзіце, бо як прачнецца, ей будзе балюча і яна будзе на вас крыўдзіцца. Сьпіць — і няхай сьпіць да раніцы. Чым і прытупілі нашу пільнасьць. Бо трэба было адразу рваць і крычаць. Але ж гэта не мінакі гавораць, лекары запэўніваюць — яна сьпіць».

Па факце сьмерці Юліі Кубаравай разбор праводзіць Сьледчы камітэт Кастрычніцкага раену сталіцы. Крымінальная справа не заводзілася. На 6 траўня ў Менск выклікаюць бацькоў Юліі, і, як спадзяецца Юрый Кубараў, будуць агучаныя нейкія новыя акалічнасьці справы:

«Яшчэ два тыдні таму Сьледчы камітэт распачаў справу. Я напісаў заяву, калі Юля яшчэ была жывая. А далей якія ў мяне могуць быць яшчэ дзеяньні? Спадзяюся, што са свайго боку яны нешта высьвятляюць ці прынамсі высьветляць. Калі 6 траўня яны нас да сябе выклікаюць, разьлічваю, што цягам гэтага часу нешта знайшлі па сваей лініі. Паедзем з адвакатам, даведаемся, што там да чаго. Таму што апошні раз я ў іх быў дзесьці 16 красавіка, калі прасіў распачаць справу. Юля тады яшчэ была ў коме».

Кіраўніцтва «Экамэдсэрвісу» выказала спачуваньне сям’і Кубаравых на сайце сваей установы, але ад камэнтароў да заканчэньня высьвятленьня акалічнасьцяў трагедыі ўстрымліваецца. Ня бачаць падставаў для кантактаў з мэдцэнтрам і бацькі Юліі:

«З „Экамэдсэрвісам“ што мне высьвятляць? Пахаваньне прайшло, людзі дапамаглі — фірма Юлі ўсю нагрузку ўзяла на сябе, за што ім вялікі дзякуй. Чаго мне ад іх хацець — вярнуць грошы за апэрацыю? Да пахаваньня я іх наўмысна не прыцягваў. Яны літаральна на другі-трэці дзень, калі мы сустракаліся, гаварылі, што калі будзе патрэбна лекаваньне за мяжой ці яшчэ нешта, то, маўляў, мы дапаможам. Але нашы лекары ў шпіталі сказалі, што ей ужо непатрэбна ніякае замежнае лекаваньне, што ўсе гэта бессэнсоўна. А больш мы зь імі не перасякаліся. Я ад іх не ўцякаю, проста пунктаў судакрананьня няма. Пра што мы можам гаварыць? Спачуваньне — зразумела, уся краіна спачувае. Можа, у каго іншае бачаньне, але таго, што ўжо здарылася, назад не адкруціш, дачку пахавалі. Зь якой нагоды нам сустракацца?»

Юры Кубараў абвінавачвае ў прафэсійнай халатнасьці чатырох мэдыкаў, якія праводзілі апэрацыю і не пераканаліся, што хірургічнае ўмяшаньне прайшло без наступстваў. Гэта хірург, анэстэзіеляг, мэдсястра-анэстэзіеляг і мэдсястра-асыстэнт. Па словах Кубарава, адразу пасьля апэрацыі трое зь іх сышлі з працы, хоць мусілі дачакацца, пакуль пацыент вернецца да прытомнасьці. Анэстэзыеляг, які на некалькі гадзін застаўся, працягваў запэўніваць, што ўсе ідзе паводле пляну.

Таксама па тэме:

«Это почти как убийство»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)