Узламаны сайт праваабарончага цэнтра «Вясна»

Пра гэта паведаміла каля 22:20 у чацвер у сваім акаўнце ў фэйсбуку праваабаронца Таццяна Равяка.

Скрыншот узламанага сайта spring96.org.

«Зараз была ажыццяўлена атака і заменена інфармацыя. У прыватнасці, была замена інфармацыя пра падпісанне Курэйчыкам петыцыі супраць смяротнага пакарання — напісана, што ён падтрымаў смяротнае пакаранне.

Таксама заменена інфармацыя пра пазіцыю Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) — напісана тое, што яна выступае ў падтрымку дзяржаўнай палітыкі Беларусі

Гэта не наша інфармацыя!!!! Сайт узламаны», — паведаміла Таццяна Равяка.

Праз некаторы час супрацоўнікі сталі аднаўляць інфармацыю і загалоўкі былі адноўленыя.

***

Нагадаем, што ў чацвер раніцай быў узламаны сайт «Беларускага партызана».

Хакеры размясцілі на галоўнай старонцы «пасланне», у якім тлумачаць свой учынак.

«Мы маглі б заваліць і вас, і «Хартыю», і «Вясну», і многіх іншых яшчэ даўно, але мы даём вам магчымасць існаваць пад нашым кантролем. Чаму мы гэта не рабілі? Проста цікава, хто, адкуль і ШТО кажа. А цяпер у нас ёсць спіс гаваруноў, якіх папярэджваем ў апошні раз: кажыце, пішыце, але не зарывайцеся, не трэба ліць бруд і абражаць АСОБУ», — казалася ў звароце. Праз некаторы час сайт аднавіў працу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)