Общество
Юры Дракахруст, Радыё Свабода

«Душой беларус арыентаваны на Эўропу, страўнікам — на Расею»

«Моладзь больш арыентаваная на Эўропу, сярод маладых меншы рэйтынг Лукашэнкі», — лічыць кіраўнік лябараторыі Новак Андрэй Вардамацкі.

Нядаўна былі абнародаваныя дадзеныя сацыялягічнага дасьледаваньня Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS), якое тычылася геапалітычнага выбару беларускага насельніцтва. Гэтая праца мела вялікі грамадзкі і мэдыйны рэзананс.

Мы папрасілі пракамэнтаваць высновы BISS прафэсара Андрэя Вардамацкага. Кіраваныя ім лябараторыя Новак і Беларуская аналітычная майстэрня шмат гадоў вывучаюць ўяўленьні беларусаў наконт месца іх краіны ў сьвеце.

Вардамацкі: Аналітыка BISS пачынаецца са словаў: «за тры гады саюз з Расеяй страціў 11%». Для вонкавага гледача-чытача гэта можа быць успрынята, як бесьперапыннае зьніжэньне, прамая ад часовай кропкі «А» да часовай кропкі «В». Насарэч сутнасьць праблемы палягае ў бесьперапынных ваганьнях геапалітычных арыентацый. Няма такога паняцьця «геапалітычныя арыентацыі беларусаў у 2010 годзе», няма адной лічбы, якая б іх ахарактарызавала. Калі ў студзені 2010 году прарасейскія арыентацыі дэманстравалі 57.1% апытаных, у жніўні — 42% (на 15% менш), а ў сьнежні — зноў каля 50%. Таму параўнаньне мэтадычна і эмпірычна не зьяўляецца карэктным.

РС: Сэнсацыйным вынікам дасьледаваньня стала тэза пра імклівы рост колькасьці беларусаў, якія ня хочуць для сваёй краіны ніякіх саюзаў — ні з Расеяй, ні з Захадам. Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэтыя дадзеныя?

Вардамацкі: Гэта і сапраўды так. Галоўная характарыстыка геапалітычнай арыентацыі беларусаў — гэта арыентацыя на незалежнасьць. Калі спытаць беларуса пра розныя аб’яднаньні са Ўсходам і з Захадам, але даць яму ў апытальніку альтэрнатыву, што Беларусь павінна быць самастойнай незалежнай дзяржавай, то найбольшая колькасьць выбірае гэты апошні варыянт — самастойная, незалежная дзяржава па-за рамкамі саюзаў. Лічба тых, хто робіць такі выбар, крыху вагаецца вакол значэньня 75%.

РС: Як гэта можа быць? Каля 50% выказваюцца за саюз з Расеяй, да 30% — за ўступленьне Беларусі ў Эўразьвяз, а 75% — за Беларусь па-за межамі любых саюзаў. Сума больш за 100%.

Вардамацкі: Гэта розныя пытаньні. Калі задаваць пытаньне ў дыхатамічнай форме — ці Расея ці Эўразьвяз, то мы маем расклад 50-57% за саюз з Расеяй, 30-35% за Беларусь у Эўразьвязе. Але калі даваць альтэрнатывы — атрымліваюцца іншыя вынікі. Паводле нашага апытаньня, праведзенага ў 2011 годзе, адказы разьмеркаваліся наступным чынам: Беларусь павінна стаць чальцом Эўразьвязу — 33.5%, Беларусь павінна ўвайсьці ў склад Расеі — 14.4%, Беларусь і Расея павінны збудаваць саюзную дзяржаву з адзінай валютай, прэзыдэнтам і парлямэнтам — 20.4%, Беларусь павінна быць незалежнай дзяржавай — 74.1%. Рэспандэнты маглі даць некалькі адказаў, таму сума перавышае 100%.

РС: А наколькі новым было гэтае адкрыцьцё дасьледчыкаў BISS — наконт росту групы тых, хто за Беларусь па-за межамі любых саюзаў?

Вардамацкі: Тут няма ніякага элемэнту навізны, гэта шырока вядомы факт ужо шмат гадоў. Гэта было вядома з дасьледаваньняў лябараторыі Новак яшчэ ў 2006-2007 гадах.

РС: Дасьледаваньне BISS спараджае пытаньне, якое тычыцца ня толькі геапалітычных арыентацый. Апытаньне паказала, што моладзь больш схільная да эўраінтэграцыі Беларусі. Зь іншых апытаньняў вядома, што моладзь больш крытычна ставіцца да беларускай улады, да Аляксандра Лукашэнкі. Але дасьледаваньні праводзяцца дзесяцігодзьдзямі, моладзь робіцца людзьмі сярэдняга ўзросту. А чаму ж сытуацыя прынцыпова не мяняецца?

Вардамацкі: Ну па-першае — якая моладзь? Найбольш выразную праэўрапейскую арыентацыю дэманструе «малодшая» моладзь — 18-24 гады. Сярод старэйшай моладзі гэтая арыентацыя робіцца больш слабай.

Па-другое, сапраўды моладзь больш арыентаваная на Эўропу, сярод моладзі меншы рэйтынг А. Лукашэнкі. Ёсьць так званая «кагортная тэорыя» ў сацыялёгіі, паводле якой каштоўнасьці, ўласьцівыя моладзі, з цягам часу робяцца каштоўнасьцямі ўсяго грамадзтва. Гэтая тэорыя мае права на існаваньне і ў некаторых сэгмэнтах грамадзкай думкі гэта так і ёсьць на самой справе, але што да геапалітычнага выбару і рэйтынгавага ляндшафту, гэтая тэорыя не працуе.

Калі чалавек пачынае рэальнае эканамічнае жыцьцё, ён пачынае разумець, што эканамічныя сувязі больш шчыльныя з Расеяй, што там знаходзіцца рынак збыту. Галавой, душой чалавек можа быць арыентаваны на Эўропу, але страўнікам — на Расею. І з цягам часу не адбываецца так, што геапалітычныя арыентацыі і рэйтынгавыя перавагі моладзі робяцца арыентацыямі і перавагамі ўсяго грамадзтва.

РС: Дасьледчыкі BISS на падставе свайго апошняга апытаньня паўтарылі тэзу са свайго папярэдняга дасьледаваньня 2009 году — што геапалітычныя арыентацыі беларусаў маюць выключна прагматычны характар. Але вось вы зараз сказалі, што душой беларус можа быць арыентаваны на Эўропу, а страўнікам — на Расею. Дык душа, каштоўнасьці маюць нейкае значэньне ў гэтым выбары?

Вардамацкі: Сутнаснай характарыстыкай беларускіх геапалітычных арыентацый на сучасным гістарычным этапе зьяўляецца іх кантрадыктарнасьць, супярэчлівасьць. З аднаго боку, людзі добра разумеюць, і гэта фіксуецца ў дасьледаваньнях, што тэхналёгіі, магчымасьці і шмат іншых добрых рэчаў знаходзіцца на Захадзе. Але рэалізаваць гэта немагчыма — ёсьць візавыя пытаньні, ёсьць фінансавыя пытаньні, каб даехаць да таго Захаду. З другога боку, рэальная эканоміка, рынак, страўнік — у Расеі.

Камэнтар

На крытыку прафэсара Вардамацкага мы папрасілі адказаць старшага аналітыка BISS, аднаго з удзельнікаў дасьледаваньня BISS пра геапалітычныя прыярытэты беларусаў Дзяніса Мельянцова.

Мельянцоў: Андрэй Вардамацкі кажа, што мэтадалягічна некарэктна рабіць параўнаньне паміж рознымі гадамі дасьледаваньняў. Але такая практыка шырока распаўсюджаная ў сацыялёгіі і яна ніяк не менш карэктная, чым параўнаньні месяца да месяца. Тым больш, мы робім параўнаньне адказаў на аналягічныя пытаньні (адзін і той жа апытальнік), якія не задаваліся раней за 2010 год, таму аналізуецца прамежак часу тры гады.

Асноўнай задачай нашага аналізу была інтэрпрэтацыя атрыманых сёлета дадзеных. Параўнаньне мела дадатковую вартасьць, і мы цалкам усьведамляем абмежаванасьць высноваў, якія можна зрабіць з кароткага прамежку назіраньняў. Тым не менш, дасьледаваньне вартае ўвагі менавіта як зрэз грамадзкага меркаваньня па стане на пачатак 2013 года, а таксама яно дае ўяўленьне пра сацыяльны партрэт прыхільнікаў розных зьнешнепалітычных вэктараў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)