«Краіна Беларусь» загаварыла па-англійску
У славацкім выдавецтве «Kalligram» выйшаў у свет англійскі пераклад папулярнай кнігі Уладзіміра Арлова і Зьмітра Герасімовіча «Краіна Беларусь» – «This country called Belarus. An illustrated history».

Гэта – першае англійскамоўнае выданне такога кшталту, прысвечанае гісторыі Беларусі і створанае беларускімі аўтарамі.
Кніга ўводзіць у свет нашай мінуўшчыны ад старажытных часоў да пачатку ХХ стагоддзя. Гісторыя Беларусі разглядаецца як частка агульнаеўрапейскага развіцця цывілізацыі.
Тэкст суправаджаюць каля дзвюх тысяч ілюстрацый, у тым ліку ўнікальныя летапісныя мініяцюры, сярэднявечныя гравюры, рэдкія фотаздымкі. Кніга пераканаўча сцвярджае, што беларусы гістарычна, культурна і ментальна належаць да Еўропы.
Аўтар перакладу і ўступнага слова да англійскамоўных чытачоў – знакаміты брытанскі беларусіст прафесар Джым Дынглі.
Як адзначае Уладзімір Арлоў, ідэя гэтага выдання з’явілася даўно, але набыла рэальныя абрысы, калі ёю натхнілася вядомая грамадcкая дзяячка Вольга Стужынская.
Прэзентацыі кнігі, апрача Менска, плануецца правесці ў некалькіх еўрапейскіх сталіцах.
Адначасова тое самае славацкае выдавецтва выпусціла рускамоўны пераклад кнігі «Краіна Беларусь».
Гэтымі днямі абодва выданні паступяць у «Акадэмкнігу» ды іншыя кнігарні.
Кнігавыдаўцы мяркуюць, што пераклады кнігі «Краіна Беларусь» не толькі зацікавяць замежных вучоных і дыпламатаў, прадпрымальнікаў і турыстаў, але і значна павялічаць колькасьць сяброў нашай краіны.
Оцените статью
1 2 3 4 5Избранное